Вы тут

Гістарычнае сэрца Полаччыны


Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — унікальны музейны комплекс амаль з шасцідзесяцігадовай гісторыяй, аналагаў якому няма ў краіне. Па выніках мінулага года ўстанова пацвердзіла статус нацыянальнай, што з’яўляецца яшчэ адным паказчыкам высокага прафесіяналізму яе вялікага калектыву. 


Аб тым, чым запаведнік жыве сёння і якія незвычайныя экспанаты захоўваюць філіялы ўстановы, расказала дырэктар НПГКМЗ Марына Чарнышова.

— Марына Валер’еўна, пазнаёмце нашых чытачоў за структурай запаведніка і музеямі, якія ўваходзяць у яго склад.

— На сёння Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік з’яўляецца навукова-даследчай і асветнай установай культуры.

Гэта ўнікальная гістарычная тэрыторыя, гістарычныя, археалагічныя, архітэктурныя помнікі якой ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўрыруюцца і прыстасоўваюцца пад музейныя экспазіцыі. У структуру музея-запаведніка ўваходзяць 11 музеяў і гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы» ў вёсцы Гомель Полацкага раёна, прысвечаны гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна.

Безумоўна, асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Гэта галаўны музей запаведніка, які размяшчаецца ў Сафійскім саборы — помніку архітэктуры XІ—XVІІІ стагоддзяў, ён і з’яўляецца цэнтральным экспанатам. Размешчаны на тэрыторыі Верхняга замка сабор з’яўляецца першай каменнай пабудовай на тэрыторыі Беларусі і мае сусветную каштоўнасць. Экспанаты музея расказваюць пра гісторыю архітэктуры самага старога будынка ў краіне, яго шматлікія рамонты, перабудовы і апошнюю рэстаўрацыю помніка. У Сафійскім саборы можна ўбачыць фрагменты мура XІ стагоддзя, цалкам захаваны падмурак і фрэскавыя роспісы канца XІ стагоддзя.

Асаблівасць музея яшчэ і ў тым, што ён адначасова з’яўляецца і канцэртнай залай камернай музыкі. У 1985 годзе па спецзамове чэшская фірма вырабіла для полацкай Сафіі арган, які, безумоўна, прызнаны музычнай грамадскасцю найлепшым канцэртным інструментам у Беларусі. Такім чынам, Сафійскі сабор — вельмі значны і прыцягальны культурны аб’ект як для палачан, так і для шматлікіх гасцей, візітная картка старажытнага горада.

Унікальная гістарычная тэрыторыя павінна мець такія месцы, дзе б жыхары і госці горада змаглі адчуць подых гісторыі. Найстарэйшы музей — краязнаўчы — праз два гады будзе адзначаць 100-гадовы юбілей. Экспазіцыя распавядае пра Полацк як сталіцу старажытнага ўсходнеславянскага княства — калыску беларускай дзяржаўнасці, цэнтр культуры і духоўнасці.

Большасць музеяў і будынак адміністрацыі знаходзяцца на адной з самых старажытных вуліц горада — Ніжне-Пакроўскай. Стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», якая размяшчаецца ў доміку Пятра І, прыцягвае вялікую колькасць наведвальнікаў, і нездарма, бо экспазіцыя з’яўляецца адзінай у Беларусі, якая прысвечана гісторыі адной вуліцы ў пэўны адрэзак часу. Яна была створана ў сувязі з перанясеннем мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай з Кіева ў 1910 годзе.

Экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання і Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага прысвечаны гісторыі беларускай кнігі, дакніжным і кніжным формам пісьменства, тэхнікам кніжнай ілюстрацыі, а таксама жыццю і дзейнасці выдатных асветнікаў Полацкай зямлі.

Мастацкая галерэя размяшчаецца ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіума. Пастаянная экспазіцыя галерэі знаёміць з развіццём выяўленчага мастацтва Беларусі, пачынаючы з выставы «Сценапіс XІІ—XІX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма». Гэтая ўнікальная выстава знятага са сцен храма алейнага жывапісу не мае аналагаў у нашай краіне. Яна створана дзякуючы гранту фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і з’яўляецца вынікам шматгадовай працы навукоўцаў, рэстаўратараў і музейных супрацоўнікаў.

Адзіны ў Беларусі дзіцячы музей — гэта свайго роду машына часу, дзякуючы якой можна 
адправіцца ў займальнае падарожжа па свеце звыклых рэчаў, перанесціся ў мінулае, зразумець, што чалавек па сваёй сутнасці — творца і вынаходнік.

Прыродна-экалагічны музей размешчаны ў былой воданапорнай вежы, незвычайная архітэктура якой як нельга лепш падышла для рэалізацыі творчай задумы аўтараў экспазіцыі. Цэнтральная лесвіца музея сімвалізуе дрэва жыцця. Падымаючыся ўверх, можна трапіць у свет унікальнай беларускай прыроды, сучаснага горада з яго экалагічнымі праблемамі, у запаведны свет, дзе прырода беражліва ахоўваецца.

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адкрывае наведвальнікам сакрэты вырошчвання і апрацоўкі лёну ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзяў на тэрыторыі паўночнай Беларусі, расказвае аб самым распаўсюджаным і старажытным відзе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — ткацтве.

Музей баявой славы, Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі і гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы» захоўваюць памяць аб гісторыі Полацка і лёсах палачан у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аб унікальнасці ды індывідуальнасці полацкіх музеяў можна расказваць вельмі доўга, але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

— Колькі экскурсантаў за год наведваюць музеі?

— Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік з’яўляецца важным суб’ектам у развіцці гісторыка-культурнага турызму. Запаведнік свядома і планамерна працуе ў гэтым кірунку. Штогод музеі прымаюць больш за 220 тысяч наведвальнікаў. Неабходны складнік сучаснага музея — яго шырокая інфраструктура, каб зрабіць наведванне камфортным і зручным. Так, у Музеі беларускага кнігадрукавання адкрыта сувенірная крама, кавярня-бар. У Мастацкай галерэі наведвальнікі могуць завітаць у салон і набыць творы беларускіх мастакоў розных кірункаў: ад рэалізму да абстракцыі.

— Якія ўнікальныя і незвычайныя экспанаты захоўваюцца ў калекцыях музея-запаведніка?

— На сёння фонды запаведніка налічваюць больш за 110 тысяч адзінак захоўвання. Увесь музейны фонд размеркаваны па калекцыях, якіх звыш 35. Самымі шматлікімі з’яўляюцца калекцыі нумізматыкі, археалогіі, фотаматэрыялаў і друкаваных выданняў. Штогод збор павялічваецца прыкладна на 2,5 тысячы новых паступленняў. На старонках нашага афіцыйнага сайта polotsk.museum.by знаёмім наведвальнікаў з найбольш цікавымі паступленнямі, нават яшчэ да таго, як гэтыя прадметы апынуцца ў экспазіцыях музеяў.

Шэраг музейных прадметаў са збору запаведніка ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь: клад залатых ювелірных вырабаў, Казьянкаўскі манетны скарб куфічных дырхамаў, старадрукаваныя і рукапісныя кнігі. У экспазіцыі краязнаўчага музея знаходзіцца меч X стагоддзя з імянным таўром Ulfberht, які быў знойдзены ў 1956 годзе ў Полацку падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі. У экспазіцыі мастацкай галерэі можна ўбачыць нагрудны абразок «Канстанцін і Алена» XІІ стагоддзя, знойдзены ў 1967 годзе на тэрыторыі Верхняга замка. Артэфакт сведчыць аб гандлёвых і палітычных сувязях Полацка з Візантыяй у ХІІ—ХІІІ стагоддзях. У Музеі беларускага кнігадрукавання знаходзіцца актавая пячатка Ефрасінні Полацкай.

— Марына Валер’еўна, у ліпені споўніцца два гады, як вы кіруеце самай буйной у краіне музейнай установай. Якія змены зведаў запаведнік за гэтыя гады?

— З 2022 года зачынены на рамонт Музей баявой славы, падыходзіць да завяршэння поўная мадэрнізацыя будынка і ўсіх яго сістэм. Плануем, што да 2025 года мерапрыемствы па святкаванні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне пройдуць ужо ў абноўленых экспазіцыйных залах. Таксама мы актыўна працуем над стварэннем яшчэ аднаго музея — археалогіі. У 2020 годзе музею-запаведніку быў перададзены будынак былога францысканскага кляштара — помніка архітэктуры XVІІІ стагоддзя. У дадзены момант вядзецца работа па стварэнні канцэпцыі музея і падрыхтоўка ўсёй навуковай дакументацыі. Калекцыя археалогіі ў фондах музея-запаведніка налічвае больш як 30 тысяч адзінак захоўвання. Нам ёсць што паказаць у будучым музеі і пра што расказаць нашым наведвальнікам.

Адным словам, запаведнік развіваецца: новыя праекты, выставы ў музеях, конкурсы, поўныя залы слухачоў на канцэртах міжнародных фестываляў у Сафійскім саборы — гэта вынік карпатлівай працы ўсяго калектыву музея-запаведніка, загадчыкаў філіялаў і ўсёй каманды супрацоўнікаў. Наперадзе шмат планаў і ідэй, якія хочацца рэалізаваць.

— Музей-запаведнік разам з Віцебскам і Наваполацкам будзе прымаць удзельнікаў ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Раскажыце, якія аб’екты рыхтуюцца да гэтай падзеі і якую культурна-асветніцкую праграму прапануюць гасцям?

— У рамках правядзення міжнароднага форуму ў Полацку будуць задзейнічаны Музей беларускага кнігадрукавання, на пляцоўцы якога пройдзе секцыя «Культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і развіццё турызму як фактар умацавання ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Расіі». І, вядома, Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора і канцэртная зала будуць задзейнічаны ў рамках культурнай праграмы для гасцей. На гэтых аб’ектах вяліся ўнутраныя і вонкавыя рамонтныя работы, была добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

Суправаджаць удзельнікаў форуму будуць вопытныя экскурсаводы, якія раскажуць гасцям пра самы старажытны горад Беларусі. Для ўдзельнікаў дзявятай секцыі пройдуць экскурсіі ў Музеі беларускага кнігадрукавання, у Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага і ў Сафійскім саборы. На астатніх аб’ектах у рамках форуму будуць устаноўлены інфакіёскі з інфармацыяй аб полацкіх музеях.

У 2023 годзе доследным у Полацку аб’ектам стаў стадыён «Спартак», які знаходзіцца на тэрыторыі Ніжняга замка. Археолагамі знойдзены цэлы квартал, дзе ў XІ стагоддзі маглі пражываць майстры-ювеліры. Самыя цікавыя знаходкі будуць прадстаўлены ў Сафійскім саборы ў рамках форуму.

— Чым сёння ганарыцца Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік?

— Тым, што на сёння НПГКМЗ — найбуйнейшае музейнае аб’яднанне ў нашай краіне. За 57 гадоў існавання мянялася структура і назва ўстановы, але засталася нязменнай місія яе супрацоўнікаў — збіраць, захоўваць, вывучаць і прэзентаваць гісторыка-культурную спадчыну. Сёння ў запаведніку працуе творчы калектыў, згуртаваны агульнымі ідэямі і задачамі.

У 2022 годзе НПГКМЗ стаў дыпламантам XXІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Музей года», летась музей-запаведнік пацвердзіў статус нацыянальнага. Мы ганарымся нашай сучаснасцю.

Аляксандра Гвоздзева

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...