Вы тут

Іўе і ваколіцы


Іўе — цікавая гродзенская старонка. Тут сыходзяцца не толькі гістарычныя шляхі, але і культуры розных народаў, якім у Беларусі заўжды было прывольна і ўтульна.


Некалі паселішча з’яўлялася цэнтрам беларускага арыянства. Забыты сёння рэлігійны рух, сэнс каторага заключаецца ў роўнасці Хрыста з Богам-бацькам. Арыянства прытрымліваліся і простыя гараджане, і частка святароў. Але епіскапы ў большасці сваёй варожа ставіліся да цячэння, асуджанага яшчэ ў 325 годзе. У XVІ стагоддзі інтарэсы арыянства адрадзіліся сярод рэфарматаў. І, як усялякая ерась, садзейнічалі развіццю навукі, асветы.

Дзякуючы новаму вітку ў лёсе арыянства, у Іўі былі адчынены друкарня і школа. Кнігі прыўнеслі ў гістарычную прастору навізну, прымусілі, няхай сабе і невялікую частку грамадства, мысліць, разважаць над рэчаіснасцю. Нават у тым выпадку, калі ў выдадзеных у Іўі фаліянтах было нямала супярэчнасцяў, усё адно яны вымушалі ісці наперад, рухалі час да новых змен. З думкамі пра плённасць дзейнасці розных ерацікоў і выпраўляемся ў падарожжа па Іўі і ваколіцах. Зазірнём у касцёл, які першапачаткова быў выбудаваны тут у 1600 годзе Станіславам Кішкам. Былі, праўда, пасля і пераабсталяванні, рэканструкцыі. У цэнтры горада — драўляная мячэць. Нараджэннем яна з 1844 года. Дарэчы, варта нагадаць, што Іўе здаўна лічылася цэнтрам беларускіх татар.

Але ж мы шукаем славутых землякоў, тыя зоркі — знічкі, што будуць і праз стагоддзі ўпрыгожваць гістарычную памяць пра гэты край. Упрыгожваць сваімі лёсамі, справамі і здабыткамі. У 1863 годзе ў Іўі нарадзіўся Хаім Озер Гродзінскі, вядомы яўрэйскі грамадскі і рэлігійны дзеяч Польшчы ў міжваенны перыяд. Між іншым, напрыканцы XІX стагоддзя ў Іўі было тры сінагогі. У 15 гадоў Хаім пачаў вучыцца ў валожынскай яўрэйскай іешыве. Сярод яго настаўнікаў — вядомы рэлігійны дзеяч Хаім Салавейчык. У 1885 годзе малады чалавек заняў месца віленскага рабіна.

Трабы адно са старажытных паселішчаў Іўеўскага краю, Гродзеншчыны. Тут у 1894 годзе нарадзіўся Пётр Якаўлевіч Юргелевіч. Не дзіўна, што галоўным клопатам свайго жыцця ён выбраў вывучэнне беларускай мовы. У Трабах жыццё заўжды віравала. Працавалі з дзясятак крам, чатыры разы на год ладзіліся кірмашы. Сюды ішоў, ехаў, спяшаўся са сваімі клопатамі розны люд. І кожны — са сваім слоўцам. Пётр Юргелевіч скончыў факультэт грамадскіх навук Белдзяржуніверсітэта. У 1927–1928 гг. працаваў адказным рэдактарам газеты «Наш працаўнік» у Клімавічах, на Магілёўшчыне. Затым вярнуўся ў Мінск. Спярша працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Пасля — вучоным сакратаром Інстытута мовазнаўства АН БССР. У сакавіку 1936-га трапіў пад каток рэпрэсій. Да 1940 года знаходзіўся ў папраўча-працоўным лагеры. А душа прагнула заняткаў роднай мовай. Тым больш, што і падмурак быў ужо закладзены... Разам з іншымі навукоўцамі Пётр Якаўлевіч падрыхтаваў «Анкету для збірання матэрыялаў па беларускай мове» (1931), прымаў удзел у падрыхтоўцы «Праекта спрашчэння беларускага правапісу» (1933), «Ваеннага руска-беларускага слоўніка» (1933), падручніка «Беларуская граматыка: Марфалогія» (1936). Вярнуўшыся з лагера, у 1944–1969 гг. ураджэнец Трабаў згадаў ранейшыя навуковыя набыткі, загадваў кафедрай беларускай мовы Магілёўскага педінстытута. У 1958 годзе выдаў грунтоўны «Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі». А праз некаторы час — «Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі». І хаця Юргелевіч так і не абараніў дысертацыі, не атрымаў навуковай ступені кандыдата і доктара навук, яго навуковыя даследаванні, метадычныя дапаможнікі — і сёння крыніца вялікага досведу для ўсіх, хто грунтоўна займаецца вывучэннем беларускай мовы. Памёр Пётр Якаўлевіч 17 красавіка 1973 года на 80-м годзе жыцця.

Вельмі рэдка ў Беларусі згадваецца імя ўраджэнца вёскі Цэпеняты Іўеўскага раёна Івана Паўлавіча Дабейкі. Нарадзіўся ён у жніўні 1942 года. Рамантыка паклікала ў далёкую ад Гродзеншчыны старонку. У 1965 годзе хлопец закончыў Днепрапятроўскі горны інстытут і паехаў на Поўнач. Працоўную біяграфію пачаў старшым тэхнікам-геолагам Архангельскай комплекснай геалагічнай экспедыцыі. Прайшоўшы выпрабаванне і пасадамі, і справамі, Іван Паўлавіч быў прызначаны кіраўніком Юраскай геолагаразведвальнай экспедыцыі (1977). І займаў гэтую пасаду болей чым 16 гадоў. Пад кіраўніцтвам нашага земляка былі разведаны сховішчы алмазаў, каштоўных будаўнічых матэрыялаў і падземных водаў. З 1992 да 1998 года Дабейка працаваў начальнікам Паўночнага камітэта па геалогіі і выкарыстанні нетраў Міністэрства прыродных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі. Менавіта ў гэты час архангельскімі геолагамі было зроблена выдатнае адкрыццё — знойдзена высокаалмазная трубка імя В. Грыба. Пасля І. Дабейка працаваў у Галоўным упраўленні прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міністэрства прыродных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі па Калужскай вобласці. Івану Паўлавічу было даручана стварэнне службы дзяржаўнага кантролю. Праца нашага земляка адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР, званнем заслужанага геолага Расійскай Федэрацыі. А яшчэ І. Дабейку ўганаравалі званнем Першаадкрывальніка месцанараджэння алмазаў імя М.В. Ламаносава.

Такая адзнака дарагога варта. Памёр Іван Паўлавіч у 2003 годзе.

Адно з найцікавейшых паселішчаў у Іўеўскім краі — Геранёны. Тут яшчэ ў XV — на пачатку XVІ стагоддзя быў пабудаваны абарончы замак. Да нашых дзён засталіся толькі руіны. Ужо і Напалеон Орда, замалёўваючы Беларусь гістарычную, спаткаў тут у XІX стагоддзі адны разваліны. Іх і занатаваў. У альбоме вядомага графіка малюнак суправаджаецца тэкстам: «...Згодна са старажытнымі хронікамі, Геранёны былі падараваны вялікім князем Эрдзівілам военачальніку Грумпю, сын якога Гаштольд стаў заснавальнікам роду Гаштольдаў, зніклага ў 1542 годзе. Тут у 1538 годзе жыла Барбара Радзівіл, будучая жонка Станіслава Гаштольда. Зараз — уладанне Мілеўскіх».

Напалеон Орда аказаўся нешматслоўным. Ды і задача ў яго была іншая... А Барбара Радзівіл — яшчэ і каралева польская, другая жонка Жыгімонта ІІ Аўгуста, адзін з найярчэйшых персанажаў не толькі гістарычных мемуараў, але і мастацкай літаратуры на працягу многіх стагоддзяў. Можна не зазіраць у зборы даўніх фаліянтаў, а толькі на старонкі драматычнай паэмы нашай сучасніцы Раісы Баравіковай «Барбара Радзівіл», каб зразумець характар жыцця славутай зямлячкі... Праўда, Геранёны прысутнічаюць там толькі раз. Брат Барбары Мікалай Руды Радзівіл, каб суняць рамантычны пыл кахання, раіць сястры: «Мо паедзь у Геранёны? // Хай будзе Аўгуст цалкам адлучоны!..».

Былі яшчэ і Геранёны Манівідавы — сённяшнія Суботнікі. І ім пашчасціла на гістарычныя летапісы. У прыватнасці, у Суботніках нарадзіўся аўтар кнігі «Мае Суботнікі» — краязнаўца і пісьменнік Казімір Нехвядовіч.

Кастусь Лешніца

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...