Вы тут

Праз 10 дзён Віцебшчына прыме гасцей і ўдзельнікаў ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Праз 10 дзён Віцебшчына прыме гасцей і ўдзельнікаў ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Упершыню за 11-гадовую гісторыю форум пройдзе на пляцоўках адразу трох беларускіх гарадоў — Віцебска, Полацка і Наваполацка. Аб падрыхтоўцы, планах і настроі на мерапрыемства міжнароднага ўзроўню расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.



 

— Аляксандр Міхайлавіч, сёлета паўночны рэгіён стане пляцоўкай для правядзення ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Што значыць гэта міжнародная падзея для Віцебшчыны?

— Віцебская вобласць — адзін з тых рэгіёнаў, які славіцца мерапрыемствамі міжнароднага ўзроўню. Я маю на ўвазе такія знакамітыя фестывалі, як «Браслаўскія зарніцы», «Дняпроўскія галасы» ў Дуброўне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім. І, вядома ж, наш нацыянальны брэнд — Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Стаў традыцыйным і Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы».

Сёлета нам выпаў гонар прымаць ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, гэта маштабная падзея, якая накіравана на ўмацаванне інтэграцыйных сувязяў. Форум будзе адзінаццатым па ліку, таму яго ўдзельнікі будуць параўноўваць мерапрыемства з папярэднімі — тут мы павінны не падвесці і нават здзівіць! Думаю, што ў нас гэта атрымаецца. Правядзенне Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі — чарговая магчымасць прадэманстраваць наш эканамічны, культурны і турыстычны патэнцыял, бо многія госці завітаюць да нас з розных куткоў Расіі.

— Форум на віцебскай зямлі ўжо ўвайшоў у гісторыю, бо ўпершыню будзе праводзіцца адразу ў трох гарадах. У сувязі з чым было прынята менавіта такое рашэнне?

— Так, сустракаць гасцей мы будзем у Полацку, Наваполацку і Віцебску. Кожны горад унікальны, са сваімі асаблівасцямі, якія мы хочам прадэманстраваць. У Полацку зараджалася беларуская дзяржаўнасць, Віцебск вядомы сваімі інавацыйнымі падыходамі ў розных галінах эканомікі, маладзёжным патэнцыялам, культурнай спадчынай, а Наваполацк — прамысловы гігант нафтахіміі краіны, які стаў драйверам эканамічнага развіцця Віцебшчыны.

Форум рэгіёнаў — гэта не толькі работа секцый і пленарныя пасяджэнні, абмен думкамі, дасягненнямі, але і дэманстрацыя турыстычнай прывабнасці рэгіёна. У нас багатая гісторыя, нам ёсць чым ганарыцца, а значыць, мы павінны гэта паказаць нашым гасцям.

— Адпаведна, і падрыхтоўка да мерапрыемства праходзіць ва ўзмоцненым трайным рэжыме. Раскажыце, якія аб’екты зведалі рамонтныя работы і атрымалі другое нараджэнне?

— На працягу некалькіх напружаных месяцаў нашы гарады былі падобныя на адну вялікую будоўлю, цяпер спецыялісты ўносяць апошнія штрыхі. У Віцебску ў рамках падрыхтоўкі да правядзення форуму акцэнт зроблены на аб’екты, ужо знаёмыя па «Славянскім базары». 
У рамках Дзяржаўнай і рэгіянальнай інвестыцыйных праграм вядуцца будаўнічыя работы ў гасцініцы «Віцебск», канцэртнай зале «Віцебск», на плошчы Перамогі, у Летнім амфітэатры і яго культурна-спартыўным комплексе. Усяго на падрыхтоўку названых аб’ектаў прадугледжана 92 мільёны рублёў. На ўсіх аб’ектах работы вядуцца паскоранымі тэмпамі з прыцягненнем максімальнай колькасці спецыялістаў і будаўнічай тэхнікі.

У горадзе Полацку да прыёму ўдзельнікаў форуму рыхтуюцца ключавыя лакацыі горада, праводзіцца бягучы рамонт помнікаў архітэктуры і аб’ектаў добраўпарадкавання. У рамках інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ажыццяўляецца фінансаванне аб’екта «Рэстаўрацыя з рэканструкцыяй будынка былога жылога корпуса францысканскага кляштара па вуліцы Ніжне-Пакроўскай, 20 у г. Полацку з прыстасаваннем пад музей археалогіі». Другое нараджэнне атрымаў і будынак былога Дома афіцэраў, які цяпер будзе філіялам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай.

У горадзе Наваполацку ў рамках падрыхтоўкі да форуму вядзецца рамонт аб’ектаў вонкавага добраўпарадкавання і вулічна-дарожнай сеткі.

— Раскажыце, якую культурную праграму рыхтуе паўночны рэгіён для гасцей і ўдзельнікаў форуму?

— Падчас правядзення міжнароднага мерапрыемства Віцебск ператворыцца ў адну творчую пляцоўку, на якой будуць прадстаўлены традыцыйныя рамёствы паўночнага рэгіёна, мастацкая спадчына Марка Шагала, акцыі і падарункі гораду ад жыхароў.

Так, усе ахвотныя змогуць азнаёміцца з фотавыставай, прысвечанай гісторыі горада на Дзвіне, якая размесціцца на мосце 1000-годдзя. З 27 да 30 чэрвеня выстава-кірмаш мастакоў і рамеснікаў разгорнецца на вуліцах Суворава і Крылова. Свае работы ў тым ліку прадставяць члены Беларускага Саюза мастакоў і дызайнераў, для жыхароў і гасцей горада пройдуць майстар-класы па маляванцы, саломапляценні, роспісе па кераміцы, пляценні паясоў. У скверы Маякоўскага пройдзе арт-акцыя, у рамках якой мастакі будуць распісваць малыя скульптурныя формы жывёл па матывах работ Марка Шагала. 28 чэрвеня там жа адбудзецца прэзентацыя творчага праекта «1050 кветак любімаму гораду», дзе будуць прадстаўлены 22 дэкаратыўныя пано ў тэхніцы маляванкі. Іх на працягу некалькіх месяцаў стваралі не толькі майстры, але і ўсе ахвотныя віцябчане. Асноўным мерапрыемствам культурнай праграмы ў горадзе на Дзвіне для ўдзельнікаў, арганізатараў і гасцей форуму стане вячэрні канцэрт у Летнім амфітэатры 27 чэрвеня.

Полаччына плануе запрасіць на захапляльныя экскурсіі ў Сафійскім саборы, Музеі беларускага кнігадрукавання і Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага, былым Доме афіцэраў, на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага стаўрапігіяльнага манастыра з наведваннем Спаса-Праабражэнскай царквы XІІ стагоддзя.

— Раскажыце, якія пагадненні па выніках мінулага форуму падпісала Віцебская вобласць з расійскімі калегамі? Якія планы ў паўночнага рэгіёна на будучы форум?

— Падчас падрыхтоўкі і правядзення X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся ў 2023 годзе ва Уфе, Віцебскім аблвыканкамам былі падпісаны планы мерапрыемстваў па рэалізацыі пагадненняў з адміністрацыяй Кастрамской вобласці і Урадам Рэспублікі Башкартастан Расійскай Федэрацыі.

У рамках XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі плануецца падпісаць 12 кантрактаў на суму каля 175 мільёнаў расійскіх рублёў і 29,14 мільёна долараў. Горад Віцебск рыхтуецца падпісаць пагадненне аб пабрацімстве з Сімферопалем, Браслаўскі раён — з горадам Ульянаўскам, Орша — з Балашоўскім муніцыпальным раёнам Саратаўскай вобласці... Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне падпісання «Дарожная карты» паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і адміністрацыяй Валгаградскай вобласці Расійскай Федэрацыі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве на 2024–2026 гады. Дадзеныя дакументы дазволяць актывізаваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з прыцягненнем міністэрстваў, дэпартаментаў і ўпраўленняў рэгіёнаў, а таксама асобных прадпрыемстваў па ўзаемавыгадных напрамках супрацоўніцтва.

— Немалаважную ролю ў супрацоўніцтве дзвюх краін адыгрывае патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Культурна-адукацыйны праект «Цягнік Памяці», ініцыіраваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі, з’яўляецца адным з яго інструментаў. Наколькі гэты праект значны для паўночнага рэгіёна і па якім прынцыпе адбіраюцца ўдзельнікі?

— Праект «Цягнік Памяці» — сапраўды запамінальная падзея для кожнага з яго ўдзельнікаў. Асноўны акцэнт сёлета будзе зроблены на памятнай даце — 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дадзены праект не толькі адыгрывае важную ролю ў патрыятычным выхаванні, пашырае веды пра падзеі гераічнага мінулага, але і аб’ядноўвае моладзь. На тэрыторыі Віцебскай вобласці практычна кожная школа носіць імя Героя Вялікай Айчыннай вайны або тых людзей, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Мы разумеем важнасць захавання памяці пра подзвіг тых людзей, дзякуючы якім наша рэспубліка застаецца суверэннай і свабоднай.

З кожным годам праект «Цягнік Памяці» набывае ўсё большую папулярнасць, а яго ўдзельнікамі імкнуцца стаць практычна ўсе дзесяцікласнікі краіны. Маладое пакаленне гатова пераадолець сотні кіламетраў шляху, каб аддаць даніну павагі гераічнаму подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сустрэцца з відавочцамі тых далёкіх падзей, пазнаёміцца са шматлікімі і ўнікальнымі помнікамі гісторыі і культуры, славутасцямі гарадоў і краін. Праектам цікавяцца, праектам натхняюцца. Школьнікі, якім пашчасціла прыняць удзел у праекце, з цеплынёй і трапятаннем дзеляцца ўражаннямі з аднагодкамі, распавядаюць аб знакавых месцах і памятных сустрэчах, размяшчаюць каментарыі і відэарэпартажы.

Адбор удзельнікаў праходзіў на конкурснай аснове. На Віцебшчыне ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» прынялі ўдзел 25 пераможцаў раённых, гарадскіх конкурсаў, якія маюць высокія паказчыкі ў вучобе, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, лідары вучнёўскага самакіравання, актывісты грамадскіх арганізацый, якія навучаюцца ў ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класах, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. Сёлета маршрут цягніка прадугледжвае наведванне Полацка — самага старажытнага горада нашай краіны, калыскі беларускай дзяржаўнасці, духоўнага і гістарычнага цэнтра. Моладзь Беларусі і Расіі наведае ў Наваполацку флагманы беларускай прамысловасці — ААТ «Нафтан» і «Палімір», мемарыяльны комплекс «Урочышча Пяскі», дзе захоўваецца памяць аб бязвінных ахвярах фашызму. Сучаснасць і гісторыя народа цесна пераплятаюцца і адлюстроўваюцца ў дачыненні да духоўных святыняў. Удзельнікі праекта пазнаёмяцца з саборамі і манастырамі Полацкай зямлі, славутасцямі і музеямі, адукацыйнымі ўстановамі і маладзёжнымі ініцыятывамі.

— Да Форуму рэгіёнаў засталося дзесяць дзён. З якім настроем кіраўніцтва вобласці рыхтуецца сустракаць гасцей?

— Гэта знакавая падзея не толькі для вобласці, але і для краіны. Безумоўна, наша задача — зрабіць усё на найвышэйшым узроўні. Хвалюемся, таму што адчуваем велізарную адказнасць прымаць Форум рэгіёнаў. У першую чаргу мы нацэлены на прадукцыйную работу на карысць умацавання і далейшага супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх краін. Падчас форуму будуць падпісаны кантракты, а значыць, беларуска-расійская эканоміка стане яшчэ больш магутнай, а гэта, безумоўна, адлюструецца на дабрабыце жыхароў нашых краін!

— Дзякуй за размову.

Аляксандра Гвоздзева

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.