Вы тут

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?


Айчынныя сіноптыкі апошнім часам вельмі акуратна даюць доўгачасовыя прагнозы, але ў тым, што ў найбліжэйшыя месяцы будзе дастаткова цёпла і нават горача, сумнявацца не прыходзіцца.


Фота Віктара Іванчыкава

Спецыялісты службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета лічаць: існуе вялікая доля верагоднасці, што сярэдняя тэмпература гэтым летам будзе крыху вышэйшай за кліматычную норму (на 1–2 градусы). Перыяды пацяплення будуць змяняцца больш халоднымі днямі. Але наколькі гэты перыяд будзе доўгім або наколькі спякота або пахаладанне — інтэнсіўнымі, вядома, з вялікай верагоднасцю сказаць немагчыма.

Сіноптыкі нагадалі, што беларусаў ужо не здзівіш тэмпературнымі арэлямі. Канец сакавіка і пачатак красавіка сёлета ў нашай краіне выдаліся анамальна цёплымі. У выніку ў сярэдзіне вясны зацвілі костачкавыя і пачалася вегетацыя сельскагаспадарчых раслін, а затым рэзка прыйшоў холад. Такі перапад тэмпературы не спрыяе добраму ўраджаю, падкрэсліваюць спецыялісты.

Якой была вясна?

А яна заняла 2-е месца ў шэрагу назіранняў ад самай цёплай да самай халоднай з 1881 года, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Сярэдняя тэмпература паветра вясновага сезона склала плюс 9,7 градуса, што на 2,4 градуса вышэй за кліматычную норму. Па ўсёй тэрыторыі краіны адзначалася станоўчая анамалія сезоннай тэмпературы паветра, якая знаходзілася ў межах ад плюс 1,8 да плюс 3 градусаў. Найбольшыя станоўчыя адхіленні тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы былі адзначаны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (у сярэднім па вобласці плюс 2,6 градуса), найменшыя — на тэрыторыі Гомельскай вобласці (у сярэднім па вобласці плюс 2 градусы). Тэмпература ўсіх трох месяцаў сезона была вышэйшая за норму.

У сакавіку тэмпература паветра склала плюс 4,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 3,3 градуса. Сакавік бягучага года заняў 5-е месца па цяпле пачынаючы з 1945 года. Максімальная тэмпература паветра за месяц адзначана на станцыі Лельчыцы 31 сакавіка і склала плюс 27,2 градуса. У сакавіку 2024 года па ўсёй тэрыторыі краіны былі абноўлены значэнні абсалютнага максімуму тэмпературы паветра, перавысіўшы папярэднія на 2–5 градусаў. Мінімальная тэмпература паветра за месяц зарэгістравана на станцыі Бабруйск 11 сакавіка і склала мінус 9,3 градуса.

Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 5 градусаў у бок павышэння (пачатак перыяду вегетацыі) на большай частцы тэрыторыі краіны ажыццявіўся на 1,5–2 тыдні раней за свае звычайныя тэрміны — 21–29 сакавіка, на крайнім паўднёвым усходзе — 17 сакавіка, а на крайнім паўднёвым захадзе пераход адбыўся яшчэ 21–22 лютага, што раней за звычайныя тэрміны на месяц і больш.

Паводле інфармацыі кліматолагаў, сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за красавік склала плюс 10,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,3 градуса. Красавік бягучага года заняў 3-е «цёплае» месца. Максімальная тэмпература паветра за месяц адзначана на станцыі Жыткавічы 2 красавіка і склала плюс 28,2 градуса. На станцыі Езярышча быў абноўлены гістарычны месячны максімум тэмпературы паветра. Мінімальная тэмпература паветра за месяц зарэгістравана на станцыі Бабруйск 5 красавіка і склала мінус 2,7 градуса.

Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 10 градусаў у бок павышэння (перыяд актыўнай вегетацыі) на большай частцы тэрыторыі краіны ажыццявіўся 26–28 красавіка, у тэрміны, блізкія да звычайных. На крайнім поўдні, паўднёвым усходзе і ўсходзе краіны пераход адбыўся на 2–3 тыдні раней за звычайныя тэрміны.

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за май сёлета склала плюс 14,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,5 градуса. Май бягучага года заняў 12-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага. Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула 26 мая на станцыі Езярышча (абноўлены гістарычны месячны максімум тэмпературы паветра) і склала плюс 31,3 градуса. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Верхнядзвінск 9 мая і склала мінус 4,6 градуса. Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 15 градусаў у бок павышэння на большай частцы тэрыторыі краіны ажыццявіўся 16–18 мая, на 1–2 тыдні раней за свае звычайныя тэрміны, а па большай частцы Віцебскай вобласці — раней за звычайныя тэрміны на 2 дэкады.

За вясну ў сярэднім па краіне выпала 132 міліметры ападкаў, што складае 95% кліматычнай нормы за сезон. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 70–100% нормы ападкаў. Кліматолагі канстатавалі, што на працягу вясны на тэрыторыі Беларусі ападкі выпадалі нераўнамерна. За першы месяц сезона ў сярэднім па краіне выпала 22 міліметры ападкаў, што склала 59% кліматычнай нормы. Сакавік 2024 года ўвайшоў у дваццатку самых засушлівых пачынаючы з 1945 года.

Залішняе ўвільгатненне назіралася ў красавіку, калі за месяц у сярэднім выпала 85 міліметраў ападкаў, што склала 218% кліматычнай нормы. Красавік 2024 года заняў другое месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага вільготнага да самага сухога. На асобных пунктах назірання па тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей былі абноўлены гістарычныя месячныя і сутачныя максімумы сум ападкаў.

Май практычна быў сухі — выпала 25 міліметраў, або 40% ад нормы. Апошні месяц вясны 2024 года заняў другое месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага сухога да самага вільготнага. На станцыі Брэст быў абноўлены гістарычны месячны мінімум сум ападкаў.

На працягу вясны адзначаліся галалёдныя з’явы, туманы, навальніцы, выпадзенне граду, месцамі дасягнула крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы. 20 мая на ГП Навасёлкі (Брэсцкая вобласць) быў адзначаны град дыяметрам 20 міліметраў.

Прагнозы метэацэнтраў і папулярных сіноптыкаў

Дарэчы, шэраг рэсурсаў, якія сочаць за нябеснай канцылярыяй, прагназуюць гэтае лета амаль як самае спякотнае за апошні час. Напрыклад, у чэрвені ў сярэднім абяцаюць да 20 градусаў, у ліпені — ад 21 да 25 градусаў, а ў жніўні — ад 23 да 26 градусаў.

Прычым у першы месяц лета чакалася толькі 8 ясных дзён і 15 сутак з працяглымі ападкамі. А ліпень павінен падарыць беларусам 10 гарачых дзён і 14 дажджлівых. У жніўні пагодлівых дзён будзе значна больш — цэлых 14, а ападкаў — у 2 разы менш (дажджы магчымыя толькі 7 разоў за месяц). Але гэта папярэдні прагноз. Ці апраўдаюцца прадказанні «доўгатэрміновых» сіноптыкаў, пачакаем.

Апошнім часам у нас вельмі папулярныя «тэлевізійныя сіноптыкі». На іх думку, у якасці адной з галоўных характарыстык лета названа зменлівасць умоў надвор’я. Магутныя працяглыя хвалі цяпла будуць змяняцца інтэнсіўнымі працяглымі пахаладаннямі.

Прычым змене ўмоў надвор’я будуць спадарожнічаць моцныя ліўні, навальніцы, шквалы ветру і град. Вынік працяглых ападкаў — пераўвільгатненне глебы, дэфіцыт цяпла і дажджавыя паводкі. А ад хваляў цяпла можна чакаць сухавей, засуху і прыродныя пажары.

Колькасць ападкаў мяркуецца каля кліматычнай нормы. На працягу лета нас чакае ў сярэднім ад 24 да 32 вільготных дзён, вяшчаюць тэлесіноптыкі.

Як спякотна было летась

У Белгідрамеце адзначаюць, што летась з 360 дзён 140 былі «аранжавымі» па ўзроўні небяспекі. Пра што МНС папярэджвала беларусаў шляхам СМС-абвесткі.

У цэлым жа мінулы год у Беларусі быў цёплым, але пабіць цеплавыя рэкорды не ўдалося. Сярэднегадавая тэмпература склала плюс 8,7 градуса, у летні перыяд — 18 цяпла. Леташні май быў самым засушлівымі месяцам, чаго не скажаш пра сёлетні. Максімальна высокая тэмпература была зафіксавана 6 жніўня 2023 года на станцыі Лельчыцы, калі слупок тэрмометра паказаў плюс 34,5 градуса. Такім чынам, мінулы год заняў 3-е месца сярод самых цёплых і 11-е месца сярод самых вільготных.

Найбольш халодным было лета 1928 года, калі сярэдняя тэмпература паветра з чэрвеня да жніўня склала плюс 14,6 градуса. А самым гарачым стала лета 2010 года з сярэдняй тэмпературай 20,6 цяпла.

Самы гарачы ліпень у нашай краіне з перавышэннем кліматычнай нормы на 3,7 градуса ўвайшоў у гісторыю метэаназіранняў у 2010-м: тады сіноптыкі адзначылі сярэднюю тэмпературу месяца 22,6 градуса.

Тэмпературны максімум ліпеня пакуль не ўдаецца пабіць яшчэ з даваенных часоў: у 1936 годзе на станцыі Лельчыцы (29 чысла) і ў Гомелі (30 чысла) зафіксавалі 37,9 градуса. Самы дажджлівы ліпень быў у 2000 годзе, калі выпала 161 міліметр ападкаў — гэта 180% кліматычнай нормы.

Самым гарачым жнівень стаў у 2010-м, калі сярэдняя тэмпература склала 20,8 градуса. Халодным гэты месяц быў у 1987 годзе, тады слупкі тэрмометраў у сярэднім паказалі па краіне 14,3. Тэмпературны рэкорд 8 жніўня зафіксаваны ў 2010-м у Гомелі — 38,9 градуса. Дарэчы, гэтая лічба з’яўляецца абсалютным максімумам за ўвесь час метэаралагічных назіранняў у Беларусі. А самым мокрым жнівень быў у 2006-м, калі выпала ў сярэднім амаль 300% кліматычнай нормы ападкаў.

Што кажуць кліматолагі?

Сваім меркаваннем падзяліўся акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Логінаў. «Ёсць падставы чакаць далейшае павышэнне тэмпературы ў Беларусі і на планеце ў цэлым, — разважае кліматолаг. — Але цяперашняе лета не стане такім анамальна гарачым, як, напрыклад, у 2010 годзе. Апошнія ж пяць гадоў летам градус расце павольней. Адназначна сказаць, з чым гэта звязана, немагчыма, але не апошнюю ролю ў гэтым адыграла антрапагеннае ўздзеянне».

У пачатку стагоддзя сярэднегадавыя выкіды парніковых газаў складалі 500 мільёнаў тон, цяпер — каля 60 мільярдаў. Калі аб’ёмы выкідаў застануцца такімі ж, то да канца стагоддзя ў Беларусі летам тэмпература вырасце на 1–1,5 градуса, а зімой — на 2–4 градусы. Ужо праз 30 гадоў клімат на поўначы Беларусі стане прыблізна такім, як цяпер на поўдні.

Уладзімір Логінаў удакладняе, што ападкі ўсё часцей выпадаюць нераўнамерна. У апошняе трыццацігоддзе іх колькасць скарацілася прыблізна на 5–10 працэнтаў у чэрвені і жніўні, але настолькі ж вырасла ў ліпені.

Што прынцыпова важна — стала больш ліўняў. А гэта нядобра для сельскагаспадарчых угоддзяў: вада збягае ў водапрыёмнікі, не паспеўшы як след увільгатніць глебу. Колькасць спрыяльных для ўраджаю ападкаў, на жаль, не расце.

Уладзімір Логінаў пракаментаваў з’яўленне віхру ў Фаніпалі, які карыстальнікі інтэрнэт-сеткі імгненнем ахрысцілі смерчам. «Па сутнасці, смерч — гэта прарыў халоднага паветра з высокіх слаёў на вельмі цёплую падсцілальную паверхню. І чым падсцілальная паверхня цяплейшая, тым верагоднасць узнікнення смерчу вышэйшая. У апошнія гады часцей адбываецца дысбаланс велічынь выпарэння і ападкаў».

Трэба быць гатовымі да катаклізмаў

Як адзначыў загадчык лабараторыі біягеаграфіі Інстытута геаграфіі РАН Аркадзь Цішкоў, з-за пацяплення змяняецца цыкл атмасфернай цыркуляцыі, а разам з ім і характар выпадзення ападкаў. Кліматычная сістэма Зямлі адзіная, у яе ўцягнуты ўсе працэсы цыркуляцыі атмасферы і акіяна. І калі дзесьці выпала шмат ападкаў, значыць, у іншым месцы лютуюць спякота і засуха.

Сапраўды, анамальных ападкаў (у Расіі, а таксама ў нас у краіне) з-за змены атмасфернай цыркуляцыі стала больш. Мінулай зімой мы былі сведкамі анамальных снегападаў, вясной — магутных паводак. З прыходам лета настаў час ліўняў. Магчыма, на змену антыцыкланічнаму надвор’ю прыходзіць цыкланічнае з вялікім аб’ёмам пераносу вільготных мас.

Да небяспечных з’яў надвор’я трэба быць гатовымі: будаваць трывалыя хаты, у гарадах фарміраваць магутныя, з запасам, сістэмы сцёку ліўневых вод і сачыць за іх станам, на рэках і ў горных далінах узводзіць моцныя масты з улікам расходу вады, які магчымы раз на сто гадоў, не засяляць пойму і іншыя.

Аркадзь Цішкоў заяўляе, што кліматычная сістэма Зямлі жыве сваім жыццём тысячагоддзямі, паўтараючыся ў іншых праявах, што дазваляе выкарыстоўваць для прагнозу і народныя прыкметы, і навуковыя разлікі.

У небяспечных з’яў надвор’я ёсць пэўная цыклічнасць. Напрыклад, у 1920–1930-х гадах у еўрапейскай частцы Расіі часта здараліся засухі і, такім чынам, неўраджаі і голад. Гэта быў папярэдні цыкл так званага пацяплення. Цяпер, на вылеце новага цыкла, усё паўтараецца. Паўднёвыя чарназёмныя рэгіёны ўсё часцей адчуваюць засуху. А дзе здараюцца засухі, там адбываюцца і пыльныя буры, і смерчы, і наступныя за імі катастрафічныя ліўні з градам.

«Лічу, што клімат на планеце ў цэлым цыклічны. Гэта адлюстравана ў летапісах, дзе таксама згадваюцца анамальныя засухі, ападкі, пахаладанні. Яны адбіваліся на ўраджаях, голадзе, хваробах. Іх паўтаральнасць у храналогіях вельмі наглядная».

Рускія летапісы ўтрымліваюць шмат інфармацыі аб перыядах анамальна гарачых летніх месяцаў у сярэдняй паласе, аб нашэсцях саранчы. 

Сёлета планета ўпершыню перасягне небяспечную мяжу цеплыні

Даследчыкі прагназуюць, што ў гэтым годзе клімат планеты ўпершыню выйдзе за межы пацяплення ў 1,5 градуса. Навукоўцы ўпэўнены, што кліматычны крызіс не наступіць адразу ж пасля «першага кантакту». Большасць кліматычных пераломных момантаў, якія могуць прывесці да таго, што кліматычная сістэма Зямлі папросту выйдзе з ладу, як мяркуюць навукоўцы, не чакаюцца да таго часу, пакуль на планеце не стане стабільна цяплей на 1,5 градуса, чым у даіндустрыяльны перыяд.

Добрыя навіны заключаюцца ў тым, што сярэдняя глабальная тэмпература планеты, верагодна, знізіцца, як толькі цяперашняе цячэнне Эль-Ніньё, якое пануе ў Ціхім акіяне і ўплывае на клімат планеты ў цэлым, знікне. Аднак навукоўцы папярэджваюць, што 2024-ы можа стаць першым годам, калі планета ўпершыню дасягне мяжы ў 1,5 градуса.

Планета няўмольна награваецца, і гэта датычыцца не толькі сушы, але і акіянаў: яны літаральна закіпаюць, як і ўсё жывое ў іх. У зоне рызыкі — трапічныя каралавыя рыфы, якія, як лічыцца, утрымліваюць больш відаў, чым любая іншая экасістэма планеты.

Па словах біёлагаў, каралы прыстасаваліся жыць у пэўным тэмпературным дыяпазоне, а таму занадта высокія тэмпературы на працягу доўгага перыяду часу могуць страціць іх колер. У канчатковым выніку каралавыя рыфы могуць папросту памерці.

Прагнозы навукоўцаў сведчаць аб тым, што дасягненне тэмпературнага парога прывядзе да гібелі 99% рыфаў — гэтыя экасістэмы будуць падвяргацца ўздзеянню невыноснай спякоты. Іншыя даследаванні таксама прагназуюць, што дасягненне парога ў 1,5 градуса паставіць пад пагрозу існавання 15% усіх відаў, якія жывуць у акіяне. Калі мы пераадолеем мяжу ў 2,5 градуса, колькасць пацярпелых відаў павялічыцца ўдвая.

Пры дасягненні больш магутнага павелічэння сярэдняй тэмпературы чалавецтва рызыкуе справакаваць хвалі цяпла настолькі інтэнсіўныя, што яны перасягнуць здольнасць чалавечага цела астуджацца. Простымі словамі — планета можа нагрэцца да такой ступені, што чалавечая фізіялогія папросту не вытрымае такіх тэмператур.

Навукоўцы адзначаюць, што ў розных рэгіёнах планеты пацяпленне адбываецца з рознай хуткасцю, а таму ў некаторых краінах гэты парог можа быць пераадолены хутчэй, чым у іншых.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Ставім на цёплае лета

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.