Вы тут

З амбулаторыі — у краму


Вывучаць работу, якая праводзіцца органамі ўлады рэгіёна па павышэнні якасці медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва, дэпутаты аблсавета выправіліся на канкрэтныя аб’екты Брэсцкага раёна. Была магчымасць не толькі наведаць ФАПы, амбулаторыі, магазіны, іншыя гандлёвыя аб’екты, але і паразмаўляць з людзьмі, пацікавіцца меркаваннем спецыялістаў і сельскіх жыхароў. Сесія атрымалася інфармацыйна насычанай, было што абмяркоўваць на пленарным пасяджэнні.


Мадэрнізацыя, камп’ютарызацыя, кадры

Яшчэ перад пачаткам работы член Савета Рэспублікі, старшыня Брэсцкага абласнога Савета Ігар Брылевіч адзначыў, што аб’екты знарок выбіралі тыповыя: не лепшыя і не горшыя за іншыя, каб зразумець сапраўднае становішча, акцэнтаваць увагу на набытках і праблемах кожнай з галін.

Фельчарска-акушэрскі пункт у Клейніках найперш адметны яго загадчыцай — Вольгай Саладуха. Медработніка з 28-гадовым стажам паважаюць і цэняць жыхары населенага пункта. Клейнікі знаходзяцца непадалёку ад паўночна-ўсходняй ускраіны Брэста. Тут узводзяцца сімпатычныя катэджы, насельніцтва аграгарадка расце. А ў зону абслугоўвання ФАПа ўваходзіць яшчэ і суседняя вёска Пескі.

Памяшканне ФАПа даволі дыхтоўнае, нядаўна перажыло рамонт. Умовы не горшыя за гарадскія: асобна — працэдурна-перавязачны кабінет, прышчэпачны, педыятрычны і фельчарскі. Кожны тыдзень па графіку прыязджае і вядзе прыём участковы ўрач агульнай практыкі.

А з нядаўняга часу Вольга Мікалаеўна яшчэ два разы на тыдзень прымае пацыентаў на ФАПе вёскі Шумакі. Гэта ўстанова засталася без супрацоўніка. Праблему вырашылі вось такім чынам. Вольга Саладуха спраўляецца, тым больш што Шумакі — вёска ёй не чужая, гэта радзіма яе бацькоў. А будынак ФАПа заслугоўвае асобнай гаворкі. Пра яго гісторыю расказаў Аляксандр Рабежка, галоўны ўрач Брэсцкай гарадской бальніцы № 2, да якой адносіцца сістэма аховы здароўя Брэсцкага раёна.

— Фельчарска-акушэрскі пункт размешчаны ў будынку былой карчмы, якая была ўзведзена ў Шумаках больш за 400 гадоў таму, — сказаў Аляксандр Міхайлавіч. — Пазней будынак займала тутэйшая пажарная каманда. Пасля вайны яго аддалі пад сельскую школу. А з 1970 года былая карчма служыць справе аховы здароўя. Летась на рамонт было выдзелена каля 65 тысяч рублёў. Абноўлены фасад будынка, яго дах, вокны і дзверы, агароджа. Сюды прыходзяць па меддапамогу жыхары вёсак Шумакі, Костычы, Церабунь, Нэплі, Кацельня Баярская — усяго 449 чалавек, з іх 87 дзяцей. У Шумаках з 1 жніўня будзе працаваць на пастаяннай аснове выпускнік Брэсцкага медыцынскага каледжа.

Цікава, што будынак мае пячное ацяпленне. На гэта звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады старшыня аблсавета Ігар Брылевіч. 

Але ж калі печ спраўная, калі зімой у ёй паліцца кожны дзень, у будынку падтрымліваецца нармальная тэмпература, тут можна прымаць людзей і працаваць з пэўным камфортам.

У гэтай жа вёсцы дэпутаты пазнаёміліся з работай перасоўнага медыцынскага пункта, які працуе ў раёне з сярэдзіны 2023 года. Ён абслугоўвае аддаленыя вёскі, запатрабаваны ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Апошнім часам, згодна з распараджэннем кіраўніка дзяржавы, перасоўныя медыцынскія комплексы сталі выязджаць на мехдвары, у гаспадаркі. З дапамогай гэтага комплексу ўжо абследавалі механізатараў, іншых спецыялістаў некалькіх гаспадарак. Асабліва ў гарачую пару пасяўной альбо ўборкі механізатары, вадзіцелі працуюць часта ад цямна да цямна, ім складана трапіць на прыём да ўрача ці фельчара ў гадзіны прыёму. А тут чалавек мае магчымасць прайсці дыспансерызацыю без адрыву ад вытворчасці.

Наведалі ўдзельнікі сесіі і амбулаторыю ў Матыкалах. Названая ўстанова аховы здароўя паказальная тым, што на яе мадэрнізацыю за апошнія гады пайшло 2,5 мільёна рублёў. У будынку раней размяшчаўся дзіцячы садок, першы раз яго рамантавалі крыху больш за дзесяць гадоў таму. Збольшага абнавілі, але давесці да ладу канчаткова тады не хапіла сродкаў. У 2019 годзе былі выдзелены грошы, выраблена праектна-каштарысная дакументацыя і праведзена першая чарга мадэрнізацыі. Тады хапіла сродкаў на замену даху і акон. У 2022 годзе з абласнога бюджэту было выдзелена 1,8 мільёна рублёў. У выніку іх асваення амбулаторыя ператварылася ў сучасную ўстанову аховы здароўя, дзе ёсць усё неабходнае для аказання кваліфікаванай дапамогі. Набылі і абнавілі неабходнае абсталяванне, у тым ліку стаматалагічнае. Тут працуе ўсяго 18 чалавек, з іх — тры ўрачы. У радыус абслугоўвання ўваходзіць восем населеных пунктаў, дзе пражывае 3100 чалавек. Амбулаторыя сёння адна з найлепшых у вобласці. Такім чынам, удзельнікі сесіі ўбачылі аб’ект, на які варта раўняцца. У ходзе экскурсій падкрэслівалася, што камп’ютарызацыяй ахоплены ўсе ўстановы здароўя раёна, усе яны падключаны да спецыяльнай праграмы.

Падчас пленарнага пасяджэння дэпутаты ўсебакова абмеркавалі становішча з сельскай медыцынай. Прагучала нямала крытыкі ў адрас асобных устаноў, якія наведвалі прадстаўнікі розных службаў у парадку маніторынгу сітуацыі. Галоўным пасылам абласнога прадстаўнічага органа ўлады стала патрабаванне дробныя хібы выправіць у сціслыя тэрміны, а кожны ФАП, кожная амбулаторыя павінны забяспечваць якасныя паслугі насельніцтву.

Узнікла яшчэ адно пытанне, якое не маглі абысці ўдзельнікі сесіі падчас пасяджэння. Рэч у тым, што рашэннем Міністэрства аховы здароўя тэрмін знаходжання грамадзян на ложках бальніц сястрынскага догляду цяпер абмежаваны 180 днямі. А што рабіць далей, калі ў чалавека нікога няма і няма паказанняў, напрыклад, для яго шпіталізацыі ў стацыянар? Пытанне трэба прапрацоўваць. Некаторыя шляхі вырашэння праблемы былі агучаны на сесіі. Як падкрэсліў Ігар Брылевіч, ніводзін грамадзянін з гэтай катэгорыі не будзе выпісаны з бальніцы сястрынскага догляду без яснай перспектывы яго далейшага знаходжання альбо лячэння.

Сацыяльная функцыя і не толькі

У ходзе вывучэння пытання гандлёвага абслугоўвання наведалі як цалкам уладкаваныя аб’екты, якія можна назваць станоўчымі прыкладамі, так і праблемныя. Напрыклад, крама райспажыўтаварыства ў Клейніках парадавала асартыментам тавараў. Тут прадстаўлены прадукты харчавання ад розных вытворцаў, выбар не меншы, чым у вялікіх магазінах абласнога цэнтра. У рабоце сесіі прымалі ўдзел дэпутаты не толькі аблсавета, але і Палаты прадстаўнікоў ад Брэсцкага рэгіёна. Яны зацікаўлена гутарылі з мясцовымі жыхарамі. Пенсіянеркі з Клейнікаў выказалі падзяку сваім гандлёвым работнікам, але вельмі шкадуюць, што перастала працаваць кафэ з буфетам сельгаспрадпрыемства «Заходні». Відаць, для гаспадаркі гэты аб’ект грамадскага харчавання стаў нерэнтабельным, вось яго і закрылі. А людзям вельмі нязручна. Як сказала адна з пенсіянерак: «Раней тут і вяселлі праходзілі, і памінальныя вячэры заказвалі, а цяпер няма дзе». Сапраўды, аб’ект для людзей патрэбны, добра было б, каб знайшоўся прадпрымальнік, гатовы ўдыхнуць жыццё ў памяшканне, якое стаіць пад замком.

У вёсцы Церабунь удзельнікі пасяджэння заспелі аўтакраму. Да яе прыходзяць і жыхары вёскі Шумакі. У двух населеных пунктах жыве 260 чалавек.

— Раней тут працавала стацыянарная крама, якой не надта шанцавала на прадаўцоў, — расказаў старшыня Брэсцкага райспажыўтаварыства Аляксей Бутыла. — Быў час, калі прадаўца вазілі з Брэста, на адзін сезон пераводзілі з павільёна, размешчанага ў дачным пасёлку. У выніку ў маі крама закрылася зусім, і вёску стала абслугоўваць аўтакрама. Цяпер яна прыязджае сюды два разы на тыдзень. Тавараабарот у тым магазіне быў на ўзроўні 4000 рублёў у месяц. Гэта надта сціплы паказчык. Але ж мы ўсё роўна шукаем прадаўца і не губляем надзею, што знойдзецца добры супрацоўнік, тады адкрыем магазін зноў. У 2019 годзе ў будынку быў праведзены касметычны рамонт.

Як высветлілася, аўтакрама абслугоўвае 12 населеных пунктаў. У двух з іх пражывае адпаведна два і адзін чалавек. Прадавец тут вопытны, працуе з 2006 года. Амаль усіх людзей у сваёй зоне абслугоўвання яна ведае. Аўтакраму на базе машыны ГАЗ купілі ў 2020 годзе. Павільён даўжынёй шэсць метраў мае вітрыну, дзе выстаўлены тавар, у наяўнасці халадзільнае абсталяванне.

Брэсцкае райспажыўтаварыства мае чатыры аўтакрамы, тры з іх сучасныя, адна старога ўзору. Зусім новую на базе аўтамабіля МАЗ купілі летась, яна абышлася ў 246 тысяч рублёў.

— Сацыяльная місія аўтакрам — ні для каго не сакрэт, — працягваў аповед Аляксей Уладзіміравіч. — Па прыблізных падліках, за месяц на кожнай аўтакраме страты за месяц складаюць прыкладна тры тысячы рублёў. Але ж мы ездзім у кожную вёску, людзі без абслугоўвання не застаюцца.

У ходзе абмеркавання дэпутаты выказвалі меркаванне, што добра было б, каб сацыяльную місію райспажыўтаварыстваў падзялялі прадстаўнікі іншых гандлёвых сетак краіны, тады была б пэўная справядлівасць. Але ж у любым выпадку гандлёвае абслугоўванне сельскіх жыхароў павінна быць на ўзроўні. Гэта найважнейшы сацыяльны складнік жыцця сельскага жыхара, як і ахова здароўя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.