Вы тут

Якія захворванні органа зроку ў лідарах сярод дарослых і дзяцей?


У Беларусі праводзяцца ўсе сучасныя хірургічныя аперацыі, якія толькі магчымы ў афтальмалогіі. На першым месцы па запатрабаванасці — хірургія катаракты, на другім — хірургія сятчаткі і шклопадобнага цела, хірургія глаўкомы знаходзіцца на трэцім месцы. Колькасць лазерных аперацый з кожным годам расце, і летась іх праведзена амаль 44 тысячы, пры гэтым усяго ў стацыянарных умовах прааперыравана больш за 53 тысячы пацыентаў.


Скажуць ўсё

Сучасныя хірургічныя аперацыі праводзяцца не толькі ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры, які дзейнічае на базе шматпрофільнай 10-й гарадской клінічнай бальніцы, яны ўкараняюцца ў абласных клініках, дзе ёсць базы кафедраў універсітэтаў (Гродна, Гомель, Віцебск), і ў афтальмалагічных аддзяленнях устаноў аховы здароўя гарадскога і абласнога ўзроўняў.

Разам з тым вядучая метадычная роля належыць Рэспубліканскаму афтальмалагічнаму цэнтру, дзе выконваецца практычна палова ўсіх лазерных аперацый у краіне, 30 працэнтаў складаных умяшанняў, 33 працэнты ўсіх высокатэхналагічных умяшанняў, у тым ліку 84,5 працэнта ўсіх скразных аптычных перасадак рагавіцы, 5 працэнтаў усіх аперацый на слёзных шляхах, 59 працэнтаў усіх імплантацый дрэнажных прылад пры глаўкоме, 100 працэнтаў пластык арбіты.

Сюды паступаюць пацыенты з рознымі паталогіямі. Менавіта афтальмолагі дапамагаюць знайсці асноўную прычыну захворвання. Галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры афтальмалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Таццяна Імшанецкая адзначыла, што афтальмалагічная дапамога пабудавана па прынцыпе «нікому не адмаўляць». Часта афтальмолагі вызначаюць, якая паталогія ў пацыента з’яўляецца вядучай. Пры гэтым дапамагаюць эндакрынолагі, кардыёлагі, хірургі, дэрматолагі, анколагі, неўролагі, гематолагі, отарыналарынголагі.

У лячэнні пацыентаў (дарослых і дзяцей) з захворваннямі, траўмамі органа зроку і іх наступствамі прымяняюцца ўсе сучасныя метады дыягностыкі, лазернага і хірургічнага лячэння. У прыватнасці, колькасць лазерных аперацый у афтальмалогіі за 2023 год вырасла амаль на тысячу — з 42 975 да 43 945.

— У нас усе віды лячэння глаўкомы — медыкаментознае, лазернае і хірургічнае, у тым ліку з імплантацыяй дрэнажных прылад, — праводзяцца на бясплатнай аснове і падтрымліваюцца дзяржавай, — расказала Таццяна Імшанецкая.

Па колькасці праведзеных аперацый у стацыянарных умовах хірургія глаўкомы знаходзіцца на трэцім месцы. У мінулым годзе праведзена 3121 такая аперацыя. На першым месцы па запатрабаванасці — хірургія катаракты, на другім — хірургія сятчаткі і шклопадобнага цела. Далей па колькасці праведзеных аперацый ідуць умяшанні пры траўмах і наступствах траўмаў, захворваннях і пашкоджаннях слёзных шляхоў і інш. Усяго ў 2023 годзе ў стацыянарных умовах праведзена 53 435 аперацый.

У мінулым годзе на 13 працэнтаў вырасла колькасць пралечаных, на 26 працэнтаў — прааперыраваных, на 19 працэнтаў — колькасць аперацый. Павялічылася і колькасць высокатэхналагічных (на 50 працэнтаў) і складаных (на 27 працэнтаў) умяшанняў.

Колькасць прынятых пацыентаў у параўнанні з 2022 годам вырасла і ў амбулаторна-паліклінічным звяне. У 2023 годзе афтальмолагі прынялі на 303,6 тысячы пацыентаў больш, чым годам раней.

На працягу двух папярэдніх гадоў прыняты асноўныя дакументы ў сферы афтальмалогіі. Так, зацверджаны клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння пацыентаў (дарослыя) з хваробамі вока і яго прыдатачнага апарату, трансплантацыі донарскіх тканак пры захворваннях і пашкоджаннях органа зроку (дарослыя і дзеці), а таксама дыягностыкі і лячэння пацыентаў (дзеці) з хваробамі вока і яго прыдатачнага апарату.

Хвароба цывілізацыі

А вось у школьнікаў найбольшую долю захворванняў вачэй складаюць міяпіі.

— Мы ідзём у нагу з сусветнай тэндэнцыяй і назіраем рост міяпічнай школьнай паталогіі. У многіх гэта звязана з выкарыстаннем розных гаджэтаў з маленства, — адзначыла галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар кафедры афтальмалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Вікторыя Красільнікава.

Яна заўважыла, што сёння нярэдка можна ўбачыць дзіця ўсяго шасці месяцаў, якому ўжо актыўна паказваюць тэлефон, прывабліваючы ім як інтэрактыўнай цацкай. Насамрэч вока дзіцяці ў такім раннім узросце не прыстасавана да ўспрымання такой інфармацыі. Таксама заўважана, што пагаршэнне зрокавай функцыі звязана з выкарыстаннем гаджэтаў уначы.

— Калі раней падлеткі, каб іх не злавілі бацькі, чыталі кнігі пад коўдрай з ліхтарыкам, то сучасныя дзеці хаваюцца ноччу пад коўдрай з гаджэтамі. А потым бацькі задаюцца пытаннем, чаму ў дзіцяці пагаршаецца зрок. І фізічная нагрузка прысутнічае, і не так шмат рэпетытараў, і ўрокі па гадзінах, а зрокавыя функцыі падаюць. На жаль, міяпія звязана з урбанізацыяй нашага грамадства, але чым вышэйшая ступень міяпіі, чым больш цяжкія змены мы бачым. Сёння назіраем большае пашкоджанне сятчаткі, звязанае з міяпічнай хваробай. І вымушаны звяртаць увагу на такое банальнае пытанне, як здаровы лад жыцця, — адзначыла Вікторыя Красільнікава.

У краіне на дыспансерным уліку знаходзяцца больш як 46 тысяч дзяцей з афтальмалагічнай паталогіяй, пры гэтым 80 працэнтаў з іх — дзеці з анамаліямі рэфракцыі. Большасць з гэтых дзяцей — школьнікі. Працэнт дзяцей дашкольнага ўзросту, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, — каля 20.

— Колькасць дзяцей з анамаліямі рэфракцыі павялічваецца. Цяпер касавокасць стала з’яўляцца ў нетыповым узросце. Звычайна паталогія развівалася ў 3–5 гадоў, і да шасці гадоў, калі дзіця ішло ў школу, мы вырашалі гэтую праблему. Цяпер упершыню выяўленая касавокасць магчыма ў 5–8 гадоў, — сказала Вікторыя Красільнікава, растлумачыўшы такую тэндэнцыю тым, што дзеці з узросту немаўляці глядзяць у экран тэлефона. — Яно яшчэ маленькае, а яму паставілі тэлефон перад носам і кормяць з лыжачкі. Далёка хадзіць на трэба: паназірайце за сваімі знаёмымі і сябрамі, — дадала галоўны дзіцячы афтальмолаг.

Яна звярнула ўвагу на тое, што дзіцяці ў шэсць гадоў даюць такую нагрузку на вочы, якую ён не здольны перанесці. Пры карыстанні гаджэтамі мышцы вачэй зводзяцца да носа і пры працяглым і частым знаходжанні ў такім становішчы ў рэшце рэшт стамляюцца. Выключаецца канвергенцыя, і мышцы перастаюць разводзіць вочы. У галаўным мозгу фарміруецца ачаг на ўстаноўку вока ў такім становішчы, у выніку ў дзіцяці развіваецца касавокасць. Магчымы і другі варыянт развіцця паталогіі, калі пры вельмі высокай нагрузцы мышцы не вытрымліваюць, і адно вока адводзіцца ў бок. Медык заклікала бацькоў засцерагчы малых і дзяцей дашкольнага ўзросту ад карыстання гаджэтамі.

Неданошанасць і іншыя рызыкі

А вось на долю прыроджанай паталогіі прыпадае ўсяго 2,5% выпадкаў захворвання органа зроку. У прыватнасці, колькасць выпадкаў рэтынапатыі неданошаных у структуры захваральнасці вачэй складае 1,5 працэнта. Па даных справаздач, якія падаюць рэгіянальныя афтальмолагі і неанатолагі, штогод выяўляецца да 500 выпадкаў рэтынапатыі неданошаных розных стадый. Найбольшая рызыка развіцця захворвання ў дзяцей з крайняй ступенню неданошанасці, маса цела якіх складае менш за 500 грамаў. Штогод нараджаецца каля 300 такіх дзяцей.

— Менавіта дзеці з экстрэмальна нізкай масай цела складаюць групу з павышанай рызыкай развіцця рэтынапатыі неданошаных. Але яна можа развівацца і ў дзяцей, якія народжаны ў 36 тыдняў, пры абцяжаранай цяжарнасці маці, — заўважыла Вікторыя Красільнікава.

У ковідны перыяд большая колькасць дзяцей нараджалася заўчасна і яны мелі больш цяжкую прыроджаную паталогію органа зроку. Крыху вырасла колькасць выпадкаў прыроджанай глаўкомы. Яшчэ адна постковідная тэндэнцыя звязана з павелічэннем колькасці дзяцей з рэтынітам або ўвеітам, якія не вельмі хутка купіруюцца.

— Не магу сказаць, што павелічэнне сур’ёзнае, але мы яго адзначаем. Калі раней было пяць выпадкаў за год, то цяпер дзесяць. Разумеем, што ў агульным маштабе захворванняў гэта няшмат, але мы перажываем за кожнага нашага пацыента, — адзначыла галоўны дзіцячы афтальмолаг.

Для паляпшэння аказання дапамогі дзецям з прыроджанай паталогіяй, з рэдкімі захворваннямі сёлета адкрылася новае дзіцячае афтальмалагічнае аддзяленне на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

— Здаецца дзіўным, што ў дарослай бальніцы адкрываецца дзіцячае аддзяленне, але гэта вельмі добра, таму што ўсе самыя сучасныя методыкі дыягностыкі і лячэння мы можам прымяняць у адносінах да дзяцей, — патлумачыла Вікторыя Красільнікава.

Нягледзячы на пералічаныя негатыўныя тэндэнцыі, колькасць дзяцей-інвалідаў па зроку ў Беларусі змяншаецца дзякуючы паляпшэнню якасці скрынінгу і своечасоваму лячэнню дзяцей з рэтынапатыяй неданошаных. У прыватнасці, колькасць выпадкаў захворвання ў пятай, тэрмінальнай стадыі — усяго 1-2 за год. Гэта адпавядае найлепшым еўрапейскім паказчыкам.

Пашырылі ў Беларусі і паказанні для скрынінгу рэтынапатыі неданошаных дзяцей. Нядаўна быў перагледжаны адпаведны пратакол.

— Па міжнародных стандартах афтальмолаг аглядае дзяцей з вагой пры нараджэнні 1,5 кг і гестацыйным узростам 32-33 тыдні. У нас падлягаюць скрынінгу ўсе дзеці, якія нарадзіліся з гестацыйным узростам да 36 тыдняў і масай цела да 2 кг, — адзначыла Вікторыя Красільнікава, дадаўшы, што нядаўна рэтынапатыя неданошаных была выяўлена ў дзіцяці, якое нарадзілася з нармальнай вагой у 36 тыдняў. У яго выяўлена агрэсіўная рэтынапатыя неданошаных у трэцяй зоне. — Добра, што мы своечасова выявілі і адразу ж прынялі меры, дзякуючы чаму ў дзіцяці захаваны зрок без выкарыстання хірургічных метадаў.

Аднак, нягледзячы на дасягненні неанатолагаў, ва ўсім свеце колькасць пацыентаў з рэтынапатыяй неданошаных павялічваецца. Гэта звязана з выходжваннем дзяцей з усё больш нізкай вагой. Цяпер у Беларусі пераглядаюць і погляды на лячэнне спадчыннай паталогіі сятчаткі.

— Пачынаем цесна працаваць з нашымі генетыкамі. Гэта стала актуальна, таму што з’явіліся прэпараты, якія дазваляюць спыніць зніжэнне зрокавых функцый пры спадчынных захворваннях сятчаткі, у прыватнасці, пры прыроджаным амаўрозе Лебера 2-га тыпу або пігментнай дэгенерацыі сятчаткі 19-га тыпу. На падыходзе прэпарат для лячэння самай распаўсюджанай дыстрафіі сятчаткі — хваробы Штаргарта. Мы спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час з’явяцца і новыя прэпараты, — адзначыла Вікторыя Красільнікава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.