Вы тут

Галоўнае багацце Чэрвеньшчыны — людзі


Чэрвеньскі раён знакаміты сваімі гісторыка-культурнымі помнікамі: музеямі Станіслава Манюшкі і Хаіма Суціна. Ён — радзіма нашага знакамітага касманаўта Алега Навіцкага. Славіцца край і сваімі буйнымі прадпрыемствамі, сярод якіх рыбгас «Волма», КУП «Чэрвеньская друкарня» і іншыя. Але галоўнае багацце Чэрвеньшчыны — таленавітыя, працавітыя, мэтанакіраваныя людзі, якія ствараюць і прымнажаюць гонар раёна. Менавіта так лічыць намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Лідзія Шчацінка, з якой сустрэўся карэспандэнт «Звязды». 


— Лідзія Аляксандраўна, у Чэрвеньскім раёне вы працуеце з 2016 года, у 2021-м прызначаны намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы. Як за гэты час змяніліся райцэнтр і раён у цэлым?

— Раён сапраўды змяніўся, прычым літаральна ўсе яго населеныя пункты. У самім Чэрвені быў адкрыты краязнаўчы музей, пабудаваны новы дзіцячы сад, вельмі неабходны райцэнтру, — гэтыя аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю ў 2020 годзе. Мы тады прымалі абласныя «Дажынкі» і музей з новай экспазіцыяй стаў сапраўдным падарункам для жыхароў раёна.

Штогод рамонтныя работы вядуцца на многіх аб’ектах сацкультбыту, у прыватнасці ва ўстановах адукацыі і культуры раёна, у Цэнтральнай раённай бальніцы, ФАПах, амбулаторыях. Для работнікаў сістэмы аховы здароўя створаны добрыя ўмовы для працы.

Вялікі аб’ём работ выкананы па добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў. Асаблівую ўвагу ўдзялялі і ўдзяляем месцам пахаванняў загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны: у Чэрвені, гарадскім пасёлку Смілавічы і іншых населеных пунктах. Адзначу, што гэтыя работы не спыняюцца, будуць працягвацца.

— Як уплывае на жыццё раёна блізкасць да беларускай сталіцы?

— Тое, што Чэрвень знаходзіцца зусім недалёка ад Мінска, мае свае плюсы і мінусы. Безумоўна, уладкавацца на работу ў сталіцы значна лягчэй, чым у раённым цэнтры. Таму Мінск і перацягвае працоўныя рукі. Асабліва шкада развітвацца з маладымі спецыялістамі, якія адпрацавалі ў нас пэўны тэрмін і потым імкнуцца ў сталічны мегаполіс альбо ў іншыя вялікія гарады. 

Але мы не сядзім склаўшы рукі. Напрыклад, павялічваем колькасць маладых людзей, якія ідуць у ВНУ па мэтавых накіраваннях. Нягледзячы на тое, што Мінск у прамым сэнсе слова забірае ў нас найлепшых работнікаў, будзем рабіць усё, каб замацаваць моладзь у Чэрвеньскім раёне.

— А як у цэлым развіваецца эканоміка раёна?

— Чэрвеньскі раён лічыцца сельскагаспадарчым. Што датычыцца прамысловых прадпрыемстваў, то найбуйнейшы з іх — УП «Нафтабітумны завод», на долю якога прыпадае 73% ад агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі, што ствараецца ў раёне. Яшчэ адно вядомае прадпрыемства — ААТ «Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка». Прадукцыя — валёнкі, коўдры, падушкі — карыстаецца вялікім попытам у спажыўцоў. Можна сказаць, што фабрыка займае ўстойлівую нішу на рынку, у тым ліку і на сусветным. Ёсць у раёне вытворча-харчовы завод, які вырабляе безалкагольныя напоі, мінеральныя і пітныя воды, пладовыя віны.

Рэалізоўваецца і вядомая дзяржаўная праграма «Адзін раён — адзін праект». Так, у Смілавічах наладжаны выпуск унікальных лекавых сродкаў, які ажыццяўляе фірма «Рабфарма». Хутка адбудзецца дапастаўка вытворчага абсталявання, і прадпрыемства пачне працаваць на ўсю моц. Адным словам, эканоміка раёна паступова развіваецца, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Так, сёння на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна зарэгістравана больш чым 300 юрыдычных асоб, з дапамогай якіх ідзе папаўненне бюджэту. 

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то ў раёне дзейнічаюць 12 сельгаспрадпрыемстваў, без уліку фермерскіх гаспадарак. Сярод іх асобна адзначу ААТ «Рыбгас «Волма», што пастаўляе спажыўцам разнастайную рыбную прадукцыю, якая не залежваецца на прылаўках гандлёвых аб’ектаў. А цэх перапрацоўкі прадукцыі дае магчымасць вырабляць марожаную, вэнджаную рыбу і нават кансервы. Вялікім попытам карыстаецца і мясная прадукцыя ЗАТ «Турэц».

— Наколькі актыўна мясцовыя жыхары бяруць удзел у грамадскім жыцці раёна?

— Людзі даволі актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах. Трэба адзначыць, што ў культурнай дзейнасці мы зрабілі стаўку на доўгатэрміновыя праекты, напрыклад на правядзенне шматлікіх фестываляў. Так, вясновы фестываль «Велікодны перазвон» праводзіцца ўжо дзевяць гадоў. Спачатку гэта было мерапрыемства раённага маштабу, а потым мы вырашылі ісці далей: запрасілі ўзяць удзел у ім і суседнія раёны. Яны адгукнуліся з задавальненнем. Нават у ковідныя гады фестываль не спыніўся, а ладзіўся дыстанцыйна. Калі ў першыя гады ён доўжыўся адзін дзень, то цяпер — тры. Яго канцэртныя праграмы заўсёды карыстаюцца вялікай цікавасцю ў гледачоў. Другі наш вядомы фестываль, «Калядная зорка», праходзіць пасля навагодніх свят.

— У нейкім сэнсе Чэрвень можна назваць фестывальнай сталіцай Міншчыны, згодны?

— Можа, гэта і гучна сказана, але адзначу, што не толькі Чэрвень, але і Смілавічы прымаюць шматлікіх удзельнікаў і гасцей фестываляў. Гэта шматканфесіянальны населены пункт. Там жывуць праваслаўныя, католікі, мусульмане. Таму ў нас узнікла ідэя праводзіць там фестываль нацыянальных культур. І станоўчы водгук знайшлі не толькі сярод работнікаў культуры, але і ў насельніцтва.

Мы прымеркавалі яго да Дня незалежнасці, запрасілі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, у першую чаргу з Мінска. Фестываль атрымаўся даволі разнастайны: акрамя канцэртнай праграмы ладзіцца конкурс нацыянальных падворкаў, святочнае шэсце. Адным словам, атрымалася яркае, насычанае і вельмі прыгожае відовішча, якое адразу заваявала сэрцы мясцовых жыхароў і гасцей.

У мінулым годзе ў нас атрымалася рэалізаваць яшчэ адзін цікавы праект — правесці фестываль самадзейных калектываў, аб’яднаных сувяззю сваяцтва. І першым удзельнікам гэтага мерапрыемства стаў калектыў «Шасціснопскія сваякі» (па назве населенага пункта). Арганізатары пачалі шукаць падобныя калектывы па ўсёй краіне. І калі знайшлі, то запрасілі іх у мінулым годзе прыехаць да нас. Адгукнуліся чатыры калектывы з трох рэгіёнаў Беларусі, хоць, па даведках, іх налічваецца больш за дзесятак. Таму працягнем развіваць праект. Гэта наша своеасаблівая разыначка, якой мы ганарымся.

На заканчэнне дадам, што, безумоўна, усе добрыя традыцыі, закладзеныя ў апошнія гады на Чэрвеньшчыне, будзем зберагаць і развіваць.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва Чэрвеньскага райвыканкама

Загаловак у газеце: Край музеяў і фестываляў

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.