Вы тут

Раналду згуляў на шостым Еўра і партугальцы перамаглі чэхаў


Зборная Партугаліі атрымала валявую вікторыю над чэхамі ў апошнім матчы першага тура Еўра-2024, паведамляе БелТА.


На працягу ўсяго паядынку ў Лейпцыгу партугальцы дыктавалі свае ўмовы, але ў першым тайме амаль не пагражалі варотам сапернікаў. Чэхі выбудавалі надзейныя абарончыя рэдуты, спрабуючы знайсці шанц у контратацы. Гэта атрымалася неўзабаве пасля перапынку, калі Лукаш Правад ударам з кута штрафной плошчы адкрыў лік. Аднак утрымаць перамогу чэхам не ўдалося. Спачатку Робін Гранач зрэзаў мяч у свае вароты, а на другой кампенсаванай хвіліне Франсішку Кансейсау забіў пераможны гол — 2:1 на карысць Партугаліі. Капітан партугальскай дружыны 39-гадовы нападаючы Крыштыяну Раналду стаў першым у гісторыі футбалістам, які згуляў на шостым чэмпіянаце Еўропы. Ён таксама з’яўляецца сусветным рэкардсменам па колькасці матчаў за нацыянальную зборную — 208, у якіх ён забіў 130 мячоў — таксама сусветны рэкорд. У стартавай сустрэчы папярэдняй групы F дэбютанты фінальнай стадыі кантынентальнага чэмпіянату футбалісты зборнай Грузіі саступілі ў Дортмундзе туркам — 1:3.

Сустрэчы другога туру пачнуцца сёння. У квартэце А гаспадары турніру футбалісты Германіі згуляюць у Штутгарце з камандай Венгрыі, а ў Кёльне будуць сапернічаць зборныя Шатландыі і Швейцарыі. На старце спаборніцтваў немцы разграмілі шатландцаў (5:1), а швейцарцы былі мацнейшыя за венграў (3:1). У Гамбургу ў групе В сустрэнуцца два няўдачнікі першага тура — Харватыя і Албанія. Харваты буйна прайгралі іспанцам (0:3), а албанцы ўступілі дзейным чэмпіёнам Еўропы італьянцам (1:2). Зборныя Італіі і Іспаніі 20 чэрвеня згуляюць паміж сабой у Гельзенкірхене.

Вынікі гульняў першага тура ў астатніх квартэтах:

С — Англія — ​​Сербія — 1:0, Данія — Славенія — 1:1.

D — Францыя — Аўстрыя — 1:0, Нідэрланды — Польшча — 2:1.

Е — Славакія — Бельгія — 1:0, Румынія — Украіна — 3:0.

Папярэдні этап завершыцца 26 чэрвеня, пасля чаго ў плей-оф выйдуць зборныя, якія зоймуць 1-2 месцы ў кожнай групе, а таксама 4 лепшыя каманды з тых, хто зойме трэція месцы. Сустрэчы 1/8 фіналу адбудуцца 29 чэрвеня — 2 ліпеня, чвэрцьфіналы пройдуць 5 і 6 ліпеня, паўфінальныя матчы намечаны на 9 і 10 ліпеня, а вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 14 ліпеня на полі Алімпійскага стадыёна ў Берліне.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.