Вы тут

Віцебшчына гатова да правядзення XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Віцебская вобласць гатова да правядзення XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і чакае гасцей. Аб гэтым на брыфінгу, прысвечаным падрыхтоўцы і правядзенню XI Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у Медыяцэнтры Віцебскай вобласці паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Форум пройдзе 27 і 28 чэрвеня. Асаблівасць для паўночнага рэгіёна ў тым, што даты яго правядзення практычна супадаюць з 1050-годдзем Віцебска і з 80-годдзем вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета форум прымуць адразу тры гарады: Віцебск, Полацк і Наваполацк — гэта навацыя, адзначыў Аляксандр Субоцін. Таму і надалей да ўсіх мерапрыемстваў плануюць далучаць і самы старажытны горад краіны, калыску славянскай культуры і пісьменства Полацк, а таксама малады Наваполацк.

Усе лакацыі набылі новае аблічча. «У Віцебску цэнтральная лакацыя — гэта канцэртная зала „Віцебск“. Яна змянілася як звонку, так і ўнутры. Памянялася ўсё: ад сцэнічнага абсталявання да інтэр’ера, — сказаў старшыня аблвыканкама. — Выкарыстаны сучасныя матэрыялы, дызайнерскія падыходы. Зроблена не толькі цэнтральная, але і круглая зала для правядзення мерапрыемстваў». Кіраўнік рэгіёну дадаў, што ў КЗ абноўлена вялікая колькасць залаў, дзе ў будучым плануецца праводзіць розныя мерапрыемствы.

Што да плошчы Перамогі, то яе не планавалася кардынальна змяніць, а толькі асвяжыць. Тут з’явіліся больш сучасныя экраны на самым пляцы, святлодыёдны экран на фасадзе жылога дома па вул. Жэсткова № 8/1 і новы — на доме па вул. Генерала Белабародава, 5, абнавілася падсветка Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. «Самае асноўнае, — заўважыў Аляксандр Субоцін, — з’явіліся або вярнуліся фантаны, якія маюць 118 бруй (фарсунак) — столькі жыхароў у Віцебску сустракалі вызваліцеляў у час Вялікай Айчыннай вайны, у 1944-м».

«Мы збярэм меркаванні жыхароў: азеляненне, калі так, то ў якім фармаце, ці патрэбны нейкія архітэктурныя формы і гэтак далей. Будзем дзейнічаць акуратна, паступова. Асноўная задача — не сапсаваць тое, што ўжо ёсць, а толькі дадаць, палепшыць і зрабіць яшчэ зручней, прыгажэй для гасцей», — сказаў Аляксандр Субоцін.

Летні амфітэатр, дзе таксама вяліся будаўніча-мантажныя работы, таксама гатовы да прыёму гасцей. Адміністрацыйны будынак набыў новае падсвятленне, удасканалілі сцэнічную прастору, унутраныя памяшканні, якія вядуць да амфітэатра лесвіцы, уключаючы яго культурна-спартыўны комплекс.

«Вялікая рэканструкцыя праведзена ў гасцініцы „Віцебск“. Амаль усе нумары зроблены, фае, лесвічныя маршы, заменены ліфты, мэбля і гэтак далей. Гэта таксама даволі ёмістая работа, працавала вельмі вялікая колькасць людзей і дастаткова інтэнсіўна, — падкрэсліў Аляксандр Субоцін. — Думаю, гасцініца „Віцебск“ дзякуючы свайму цэнтральнаму становішчу і дабаўленню глянцу будзе адной з асноўных лакацый для гасцей фестываляў і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе». Ён звярнуў увагу: немагчыма было ўсё зрабіць за чатыры-пяць месяцаў, аднак запланаванае выканана. Рэканструкцыя некаторых нумароў у гасцініцы працягнецца пасля правядзення форуму і фестывалю. Тут плануюць зрабіць невялікі спа-комплекс для зручнасці пастаяльцаў.

Полацк і Наваполацк таксама набываюць новыя віды. Адрэстаўраваны памятныя знакі, дарогі, двары, праведзена рэканструкцыя Дома афіцэраў, Сафійскага сабора, цэнтральнай плошчы ў Полацку.

Асобна Аляксандр Субоцін спыніўся на праграме форуму. Апроч асноўных мерапрыемстваў, першы дзень — правядзенне секцый рознага фармату: ад гістарычных, культурных да медыцынскай, аграрнай. На апошняй, напрыклад, у Віцебскім раёне прадэманструюць беспілотную тэхніку для аграрыяў — як пры дапамозе дронаў апрацоўваюць і абследуюць палі.

Усяго будзе працаваць дзевяць секцый: чатыры ў Полацку, дзве ў Наваполацку, адна ў Віцебскім раёне і дзве ў самім Віцебску. Акрамя таго, запланаваны тры пасяджэнні, маладзёжная секцыя ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, сумеснае пасяджэнне Падліковай палаты і Камітэта дзяржкантролю. «Гэтыя мерапрыемствы таксама дастаткова буйныя, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў — каля сотні ў кожным. Гэты дзень будзе цікавы вузкім спецыялістам», — анансаваў кіраўнік паўночнага рэгіёну. Ён дадаў, што любы чалавек з кожнага рэгіёна знойдзе цікавыя для сябе секцыі ў розным фармаце. Секцыі ўсе абсталяваны мультымедыйным абсталяваннем, доступам у інтэрнэт, фотазонамі, прадугледжаны месцы для падпісання кантрактаў і пагадненняў. Завершыцца 27 чэрвеня афіцыйным прыёмам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, гала-канцэртам у Летнім амфітэатры, які збярэ больш за 6 тыс. гледачоў, і маляўнічым салютам.

Асноўны дзень форуму намечаны на 28 чэрвеня. Пачнецца ён з мітынгу і ўскладання кветак да манумента на плошчы Перамогі. Галоўнай лакацыяй дзелавой праграмы стане канцэртная зала «Віцебск». Запланавана сустрэча сенатараў і кіраўнікоў рэгіёнаў і пленарнае пасяджэнне.

Адначасова ў горадзе будзе працаваць вялікая колькасць выставак. «Пачынаючы ад інавацыйнай выставы Акадэміі навук і заканчваючы выставай прамысловай тэхнікі. Плюс традыцыйна — Віцебск славіцца тым, што гэта горад майстроў, мастакоў, — гэтыя лакацыі таксама будуць знаходзіцца на вул. Суворава, Замкавай і іншых», — удакладніў Аляксандр Субоцін. Сваю прадукцыю, традыцыі і культуру прадставяць рэгіёны Расіі.

«Усё распланавана, мы чакаем гасцей і гатовы да правядзення форуму. І асноўнае: наша каманда рабіла форум для сябе, сваіх гасцей і дзяцей, зыходзячы з таго, што трэба выканаць максімальна добра, утульна і камфортна. Спадзяюся, гэтая дынаміка, якую ў Віцебскай вобласці набылі сёлета (і ў Віцебску, і ў Наваполацку, і ў Полацку), не згубіцца. Мы хочам і далей у такім жа тэмпе і з такой жа інтэнсіўнасцю працягваць добраўпарадкоўваць наш рэгіён і рабіць яго яшчэ больш утульным і прывабным», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Субоцін.

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.