Вы тут

На палігоне «Брэсцкі» скончылася гульня «Зарнічка», а гульні «Зарніца» і «Арляня» працягваюцца


На палігоне пад Брэстам сабралася разам 21 каманда юнармейцаў з усёй краіны. Сюды прыехалі пераможцы абласных спаборніцтваў патрыятычных гульняў «Зарнічка», «Зарніца» і «Арляня». Фінальны этап спаборніцтваў стартаваў 15 чэрвеня. Акцябраты, піянеры і актывісты БРСМ на працягу некалькіх дзён дэманстравалі свае веды і навыкі, а таксама трапнасць, хуткасць, знаходлівасць. Праграма ўключыла ў сябе агляд строю і песні, віктарыну па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, спаборніцтвы па медыцынскай падрыхтоўцы, спартыўнае арыентаванне і шмат іншага, у адпаведнасці з узростам членаў каманд.


Знакавым выглядае тое, што спаборніцтвы вырашылі правесці на брэсцкай зямлі ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут знаходзіцца легендарная Брэсцкая крэпасць, тут хлопчыкі і дзяўчынкі насычаюцца атмасферай патрыятызму.

На гэтым акцэнтаваў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, які прыехаў павіншаваць фіналістаў. «Гульні праводзяцца для таго, каб выхаваць сапраўдных патрыётаў, людзей, якія, магчыма, і не стануць вайскоўцамі, але дакладна ў любы момант, калі вырастуць, змогуць стаць на абарону нашай краіны», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. А яшчэ ён пахваліў ідэю аб’яднаць удзельнікаў трох гульняў у адзін лагер, калі старэйшыя могуць падзяліцца вопытам з малодшымі, нечаму іх навучыць.

Арганізатары паклапаціліся, каб урачыстае адкрыццё было не толькі змястоўным, але і відовішчным. Такім яго зрабілі паказальныя выступленні воінаў-дэсантнікаў і ваеннаслужачых дэпартамента «Ахова», была прадстаўлена выстава зброі і шмат іншых цікавостак.

Каб выйсці ў фінал і прыехаць у Брэст, усе каманды выйгралі ў сваіх рэгіянальных адборах. Тут таксама спаборніцтвы праходзілі даволі напружана. У кожным з відаў перамагалі мацнейшыя. Адпачываць увечары ўдзельнікі каманд маглі цікава і змястоўна. Для іх уладкавалі сапраўдны кінатэатр пад адкрытым небам, дзе яны паглядзелі фільм «Брэсцкая крэпасць» і іншыя карціны ваеннай тэматыкі.

Пасля заканчэння спаборніцтваў для ўсіх прадугледжана экскурсія ў Брэсцкую крэпасць. Менавіта ў крэпасці праходзіць ушанаванне пераможцаў кожнай з гульняў. І першымі віншавалі самых юных прызёраў — удзельнікаў «Зарнічкі». Імі стала каманда «Лётчыкі» сярэдняй школы № 3 Ганцавічаў. Другую прыступку заняў атрад «Вышыня» сярэдняй школы № 43 Мінска, а на трэцім месцы апынулася каманда «Чорны ліс» сярэдняй школы № 4 з Мар’інай Горкі. А ўжо сёння, 20 чэрвеня, будуць падведзены вынікі гульняў старшых школьнікаў — «Зарніца» і «Арляня».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкага гарвыканкама

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.