Вы тут

Якія экалагічныя маршруты прапануюць па запаветных мясцінах?


У Беларусі экалагічны турызм развіваюць на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях — нацыянальных парках, запаведніках, заказніках. Самымі папулярнымі ў турыстаў з’яўляюцца Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік, усе чатыры нацыянальныя паркі, рэспубліканскія заказнікі «Ельня», «Спораўскі», «Азёры» і іншыя. Напрыклад, заказнік «Налібоцкі» летась наведала каля 10 тысяч турыстаў. За апошнія гады колькасць наведвальнікаў экалагічных сцежак, заказнікаў, нацыянальных паркаў вырасла ў шэсць разоў. І для аматараў такога адпачынку (дарэчы, аднаго з самых танных і карысных) штогод адкрываюцца новыя маршруты.


Вялікі патэнцыял

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Барташэвіч, у Беларусі маецца значны патэнцыял у развіцці экалагічнага турызму. У першую чаргу ён рэалізоўваецца нацыянальнымі паркамі, Бярэзінскім біясферным запаведнікам, а таксама рэспубліканскімі заказнікамі, якія маюць кадравыя і фінансавыя рэсурсы, турыстычную інфраструктуру.

У краіне 1354 асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, у тым ліку адзін запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 278 заказнікаў мясцовага значэння, 322 помнікі прыроды рэспубліканскага значэння і 631 — мясцовага. Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый не змяншаецца і складае 1,9 млн га, ці 9,1% ад усёй тэрыторыі краіны.

— У цяперашні час працягваецца распрацоўка схемы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на наступныя 10 гадоў, і ў найбліжэйшы час яна будзе вынесена на грамадскае абмеркаванне, а пасля зацверджана пастановай урада, — паведаміла Людміла Барташэвіч.

На асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях абсталявана 53 экалагічныя сцежкі, 185 турыстычных маршрутаў і 284 турыстычныя стаянкі. На базе 18 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння функцыянуе 17 візіт-цэнтраў, чатыры эколагаадукацыйныя класы, цэнтр экалагічнага выхавання, вучэбна-дэманстрацыйны аб’ект, экатурыстычная база.

«Балота Мох» і «Бязлюдны востраў Ду»

Што датычыцца маршрутаў, то ў канцы мінулага года пачаў дзейнічаць новы гісторыка-экалагічны маршрут працягласцю шэсць кіламетраў — «Таямнічыя астравы «Балота Мох» на тэрыторыі заказніка «Балота Мох» Мёрскага раёна. Тут турыстам прапаноўваюць наведаць раней жылыя астравы ў рэспубліканскім гідралагічным заказніку «Балота Мох», які ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых класічных верхавых балот. На маршруце трэба прайсці два астравы, дзе раней размяшчаліся сядзібы мясцовых жыхароў, акунуцца ў своеасаблівую атмасферу гэтых мясцін, адпачыць пад векавымі дубамі, выйсці на класічнае першароднае верхавое балота і нават знайсці чырванакніжную расліну. Па ўзроўні складанасці маршрут падыходзіць нават навічкам.

Сёлета на тэрыторыі заказніка «Асвейскі» ў Верхнядзвінскім раёне ўладкоўваецца пешая экалагічная сцежка «Бязлюдны востраў Ду». Гэта востраў, які размяшчаецца ўнутры Асвейскага возера і не мае сухапутнай мяжы, ён лічыцца самым вялікім у Беларусі. Цяпер тут будуюцца тры глэмпы для круглагадовага пражывання, разлічаныя на 12 чалавек.

— На сёння для глэмпаў выдзелены зямельны ўчастак і будзе ажыццяўляцца іх добраўпарадкаванне. Востраў Ду ўжо прымае гасцей. Гэты заказнік стаў добра развівацца пасля рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, куды былі ўкладзены пэўныя фінансавыя рэсурсы для прыцягнення большай колькасці людзей. Падвоз людзей на востраў ажыццяўляецца на катарах, але сама экасцежка яшчэ ў распрацоўцы — у далейшым яе чакае маштабнае развіццё, — расказала Людміла Барташэвіч.

Пешая экскурсія па востраве знаёміць турыстаў з арнітафаўнай і флорай, а з яго паўднёвых берагоў, якія ўзвышаюцца над вадой на 18-20 метраў, адкрываецца цудоўная панарама як на сам востраў, так і на возера. Аматары птушак могуць паназіраць і правесці здымку з 12-метровай назіральнай вышкі, палюбавацца відам на возера і Асвейскае балота.

«Даліна ракі Ола»

У канцы чэрвеня плануецца адкрыццё экасцежкі «Даліна ракі Ола» ў заказніку «Выдрыца» Светлагорскага раёна. Яе працягласць — 900 метраў. Экасцежка правядзе ад мемарыяльнага комплексу «Ола» праз раку Олу на аглядны пункт, з якога адкрываецца маляўнічы від на пойму ракі. Распрацоўка сцежкі вялася за кошт уласных сродкаў ДПТУ «Выдрыца».

ДПУ «Экаросы» ў Расонскім раёне распрацавала два водныя маршруты на рэках Свольна і Нішча — аднадзённы і двухдзённы. На кожным з іх ёсць стаянка для адпачынку і начлегу, прадугледжаны абеды як на прыродзе, так і ў карчме. Водны паход пачынаецца ў вёсцы Волясы — самай паўночнай у Беларусі, якая размешчана на граніцы з Расіяй. Першая стаянка чакае турыстаў на гары Маяк.

Таксама на шляху турыстаў вёска Лісна — найстаражытнейшае паселішча на вытоку ракі Свольны. Гэтае месца прывабіла людзей яшчэ ў жалезным веку. У наваколлях вёскі шмат курганоў, а на мясцовых могілках ёсць старажытныя каменныя крыжы, якія таксама пакажуць праваднікі.

Падчас Другой сусветнай вайны Асвейшчына была партызанскім краем, тут вельмі шмат брацкіх магіл. А вось Возера Бузянка на маршруце можа стаць сапраўдным выпрабаваннем для дрэнна падрыхтаваных турыстаў-воднікаў, але тым і цікавы маршрут, што ў падарожнікаў ёсць магчымасць праверыць свае сілы.

Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт зацвердзіў схемы размяшчэння пяці пляцовак для ўстаноўкі асобных палатак і палатачных гарадкоў на тэрыторыі заказніка «Слаўгарадскі».

«Сябрыньскае скрыжаванне»

У заказніку «Налібоцкі» 13 чэрвеня адбылося адкрыццё экалагічнай сцежкі «Сябрыньскае скрыжаванне» працягласцю 960 метраў. Экасцежка была мадэрнізавана пры падтрымцы праекта па экатурызме міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту», які рэалізоўваецца Мінпрыроды і краінавым офісам ПРААН пры падтрымцы траставага фонду «Расійская Федэрацыя».

Гэта першая пешая экасцежка заказніка «Налібоцкі», якая мае кальцавую форму. Маршрут уяўляе сабой лясную трасу, што праходзіць па трох біятопах — лясным, лугавым і балотным. На маршруце ёсць некалькі альтанак для адпачынку. Побач знаходзіцца ўрочышча Цякава, дзе ва ўмовах натуральнага асяроддзя пражывання можна ўбачыць тарпанападобнага каня. Гуляючы па сцежцы, можна сустрэць зуброў, ласёў, аленяў і іншых прадстаўнікоў лясной фаўны.

На мадэрнізаванай экалагічнай сцежцы ўдасканалілі інфраструктуру для даступнасці перамяшчэння людзей з інваліднасцю. Таксама праведзена замена драўлянага насцілу, які праходзіць па балотным біятопе, устаноўлены поручні-пандусы на ўваходзе і выхадзе для грамадзян з абмежаванай мабільнасцю.

Дадаткова была створана серыя інфармацыйных стэндаў, таблічак і ўказальнікаў, якія знаёмяць турыстаў і аматараў дзікай прыроды з біяразнастайнасцю і іншымі асаблівасцямі заказніка. Устаноўлены стэнд-фотазона з акенцам, стылізаваны пад рамку Іnstagram з акаўнтам заказніка. Акрамя таго, у заказніку размясцілі аб’екты з дрэва ў выглядзе дзвюх арыгінальна аформленых лавак і фігуры ваўка — сімвала заказніка.

Для больш камфортнага падарожжа інфармацыйныя стэнды дапоўнены QR-кодамі, якія пераносяць падарожнікаў у віртуальную рэальнасць і дапамагаюць больш дэталёва даследаваць мясцовасць. З дапамогай QR-кодаў таксама ёсць магчымасць забраніраваць некаторыя віды экалагічных паслуг.

«Партызанская зямлянка»

Экалагічны турызм развіваюць і паляўнічыя комплексы. Сёння на тэрыторыі лесагаспадарчых устаноў іх функцыянуе 74. Большая частка аказвае дадатковыя паслугі, у прыватнасці па арэндзе веласіпедаў і квадрацыклаў. Арганізаваны пешыя маршруты і закладзены водныя. Наведвальнікі комплексаў могуць скарыстацца ўсімі гэтымі паслугамі.

Найбольш актыўна дзейнасць развіваецца якраз на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі».

— На тэрыторыі заказніка абсталяваны веламаршруты, а таксама пешыя і водныя маршруты. Уладкаваны і месцы прыпынкаў для адпачынку турыстаў. Да таго ж задзейнічаны ўсе найбліжэйшыя арганізацыі сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі, размешчаныя ў межах заказніка ў адну агульную сетку, — у ёй дапаўняюцца некаторыя маршруты. Напрыклад, абсталяваны сплаў на плыце паміж хаткай Навагрудскага лясгаса, размешчанай у вёсцы Любча, і хаткай Іўеўскага лясгаса, — расказаў кансультант аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Васіль Зянько.

У планах «Налібоцкага» — будаўніцтва «Партызанскай зямлянкі» ў мэтах патрыятычнага выхавання і гістарычнай асветы. Турыстам будуць расказваць аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі заказніка ў Вялікую Айчынную вайну.
У міжсезонне, у залежнасці ад запатрабаванасці, на тэрыторыі некаторых лесагаспадарчых устаноў праводзяцца сезонныя мерапрыемствы, у прыватнасці навагоднія. Так, напрыклад, на тэрыторыі паляўнічай хаткі Жлобінскага лясгаса апошнія некалькі гадоў ладзяцца навагоднія дзіцячыя ранішнікі.

— Большасць веласіпедных, пешых і водных маршрутаў паблізу домікаў паляўнічага, як правіла, з’яўляюцца і абсталёўваюцца ў залежнасці ад наяўнасці попыту. Калі ж яго няма, то добраўпарадкаванне гэтых маршрутаў немэтазгоднае, — дадаў Васіль Зянько.

Інтэрактыўная карта ў дапамогу

У мінулым годзе было запланавана стварыць інтэрактыўную карту асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі. На сёння яна падрыхтавана і размешчана на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і ёй можна карыстацца. Найбліжэйшы месяц карта будзе працаваць у тэставым рэжыме. Ёсць верагоднасць, што каардынаты, фатаграфіі і іншая інфармацыя будуць скарэкціраваны.

Мяркуецца, што інтэрактыўная карта будзе мабільнай. Яе можна будзе дапаўняць і напаўняць, перафразаваць. У карту будуць уносіцца розныя навіны.

Але ўжо сёння картай можна скарыстацца на сайце Мінпрыроды ў раздзеле «Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Яна ўяўляе сабой анлайн-рэсурс, які змяшчае інфармацыю аб усіх унікальных прыродных славутасцях краіны. Гэта фота- і відэаматэрыялы, апісальная інфармацыя аб месцах знаходжання тых відаў флоры і фаўны, якія знікаюць, рэдкіх формах рэльефу, чыстых крыніцах, маляўнічых старадаўніх парках, найпрыгажэйшых азёрах, векавых дрэвах і насаджэннях, старажытных валунах і многае іншае.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.