Вы тут

Каля 500 чалавек паўдзельнічаюць у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць»


 Каля 500 чалавек паўдзельнічаюць у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць», прысвечанай 83-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведамляе БелТА, спасылаючыся на арганізатараў.


Фота: БелТА.

Неад’емная частка памятных мерапрыемстваў у Брэсце 21-22 чэрвеня – злёт рэканструктараў. У ім прымуць удзел каля 350 аматараў гісторыі з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Рэканструктары на некалькі дзён размесцяцца ў палявым лагеры. Днём 21 чэрвеня яны правядуць рэпетыцыю ваенна-гістарычнай рэканструкцыі абароны Брэсцкай крэпасці. У 17.00 удзельнікі накіруюцца ў бок цэнтра горада. У форме салдат і афіцэраў розных родаў войскаў Чырвонай Арміі ўзору 1941 года рэканструктары маршам пройдуць па вуліцах Зубачова, Гогаля і Савецкай. У шэсці задзейнічаюць і рарытэтную тэхніку. На пешаходнай вуліцы Брэста адновяць атмасферу апошняга мірнага дня 1941 года.

Падрыхтоўка да ваенна-гістарычнай рэканструкцыі абароны Брэсцкай крэпасці займае многія месяцы. Актыўная стадыя пачынаецца ў студзені. Удзельнікі працуюць над сцэнарам, вывучаюць архіўныя дакументы, кінахроніку, рыхтуюць касцюмы і іншы рэквізіт. «Наша мерапрыемства перарасло з класічнай рэканструкцыі ў тэатралізаванае прадстаўленне. Асноўны ўпор робім на жывыя сцэны з гісторыі, аднаўленне эпізодаў гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці з элементамі мастацкага суправаджэння. Плануецца задзейнічаць каля 500 чалавек. Удзельнікаў ваенна-гістарычных клубаў будзе каля 350, да іх далучацца творчыя калектывы», — распавялі арганізатары.

У сцэнар уключаны асноўныя эпізоды абароны цытадэлі. Прэамбулай будуць моманты апошніх мірных гадзін. Для гледачоў узнавяць штурм крэпасці, здачу ў палон грамадзянскіх, подзвіг пагранічнікаў, абарону 62-га ўмацаванага раёна. Будзе адлюстраваны бой на Кобрынскім умацаванні 125-га стралковага палка. Дарэчы, на месцы размяшчэння гэтага падраздзялення знаходзіцца моладзевы патрыятычны цэнтр. Будуць паказаны і іншыя драматычныя эпізоды.

Для надання рэалістычнасці выкарыстоўваюць піратэхніку, танк, матацыклы, бронемашыну, грузавік.

«Кожны год у нас новая песня да гэтага праекта. Гэтым разам прагучыць песня «Зварот», у спяванні будуць задзейнічаныя больш за 200 чалавек. Гэта будзе кульмінацыяй рэканструкцыі — як зварот абаронцаў Брэсцкай крэпасці да моладзі», — дадалі арганізатары.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканкамы, абласны цэнтр маладзёжнай творчасці, ваенна-гістарычны клуб «Гарнізон» пры падтрымцы воінскіх часцей Брэсцкага гарнізона і мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць – герой».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.