Доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ужо трэці раз. Якія яго спадзяванні на восьмае скліканне? Што важнага зрабіла Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы, якую ён узначальвае ўжо каторы год?
— Нягледзячы на тое, што я балаціраваўся трэці раз, усё роўна хваляваўся. Калі гэта стала фактам, у мяне былі і радасць, і ўдзячнасць маім землякам, — згадвае Ігар Марзалюк. — Я, як заўсёды, ішоў ад сваёй любімай Магілёўска-Ленінскай акругі № 84, дзе ведаю ўсё і ўсіх.
Я сам краснапольскі, але Магілёў для мяне — асаблівы горад, з ім звязана ўсё жыццё. Я там з 17 гадоў, як паступіў на гістфак педінстытута (цяпер універсітэт імя Аркадзя Куляшова), за выключэннем двух гадоў службы ва Узброеных Сілах.
Якія ў мяне спадзяванні на новы тэрмін? Я глыбока перакананы, што выбраны парламент мае ўсё для рэалізацыі стратэгіі развіцця беларускага заканадаўства далей, каб мы за гэтыя пяць гадоў перафарміравалі Беларусь у адпаведнасці з тымі геапалітычнымі вынікамі, якія ёсць, і з той канстытуцыйнай рэформай, якую пачалі ў мінулым скліканні. Найважнейшая задача ў восьмым скліканні — пры дапамозе заканадаўства сцэментаваць беларускі соцыум. Важна не проста захаваць незалежнасць, але ўмацаваць яе. Зрабіць краіну яшчэ больш моцнай, самадастатковай эканамічна і культурна праз канстытуцыйную рэформу, рэальную работу Усебеларускага народнага сходу.
— У вас ёсць вопыт дзейнасці ў Савеце Рэспублікі...
— Я з каласальнай павагай стаўлюся да Палаты прадстаўнікоў, дзе працую восем гадоў. Але мая першая школа парламентарызму — Савет Рэспублікі. Дзякуючы той працы быў звязаны з маімі любімымі рэгіёнамі ў Магілёўскай вобласці: Мсціслаў, Горкі, Дрыбін. Гэта зямля крывічоў, гістарычная частка Полацкага, часткова Смаленскага княстваў. Там вельмі прыгожа, там своеасаблівыя людзі. Я вельмі ўдзячны Савету Рэспублікі за свой першы выхад у людзі, бо раней займаўся выключна навукай. Сенатарскі корпус, з якім я працаваў, — гэта суперпрафесійныя дзяржаўныя служачыя. Разам з сённяшнім намеснікам старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандрам Косінцам мы ўваходзілі ў склад Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а яе кіраўніком быў міністр замежных спраў Уладзімір Лявонавіч Сянько — жывая легенда беларускай дыпламатыі. Гэта каласальны досвед камунакацыі, у тым ліку міжнароднай.
Я адказваў за Шры-Ланку, Султанат Аман. Заўжды імкнуўся даведацца пра краіну, з якой працаваў, пра людзей, з якімі буду весці перагаворы. Я ўдзячны лёсу, што мне пашанцавала працаваць з некалькімі старшынямі Савета Рэспублікі: гэта акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Мікалаевіч Рубінаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. Наогул я вельмі ўдзячны Міхаілу Мясніковічу (працаваў з ім у 5 скліканні Савета Рэспублікі), як і старшыні Палаты прадстаўнікоў 6 і 7 склікання Уладзіміру Андрэйчанку. Менавіта яны мне паказалі, якім павінен быць дзяржаўны служачы.
— Якімі дасягненнямі ганарыцеся асабіста?
— Я не правазнавец, а гісторык, таму больш за ўсё ганаруся тым, што шэраг маіх паправак сталі рэальнасцю ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Працаваў над абноўленай Канстытуцыяй разам з найлепшымі спецыялістамі па беларускім праве, гэта каласальнае дасягненне для любога заканадаўцы. Ганаруся тым, што плённа супольна з Ігарам Карпенкам, старшынёй ЦВК, а тады міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь, мы здзейснілі вялікую справу: перафарміравалі гуманітарны блок выкладання дысцыплін у вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе. Цяпер усе студэнты незалежна ад таго, на якой спецыяльнасці вучацца, у абавязковым парадку вывучаюць «Гісторыю беларускай дзяржаўнасці». Мы таксама стварылі якасную рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Зразумела, гэта была супольная праца камісіі пад маім кіраўніцтвам. Таксама ганаруся, што разам з ужо былым рэктарам БДЭУ Уладзімірам Шымавым па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пасля II з’езда вучоных мы зрабілі ўсё магчымае, каб даплаты за ступень доктара навук і за вучонае званне «прафесар» у поўным аб’ёме выплачваліся ўсім, хто выйшаў на поўную пенсію і не працуе. З маёй калегай Аленай Каляснёвай рэалізавалі комплекс законаў аб навуцы. Наша дасканалае заканадаўства, звязанае з лічбавай сферай, — таксама сцяжынка да маёй камісіі. У першую чаргу гэта заслуга майго намесніка Ірыны Рынейскай, з якой мы разам працавалі з ПВТ.
— Пры гэтым вы не перапыняеце сваю навуковую дзейнасць...
— Я ніколі не адмоўлюся ад навукі. Для мяне гэта як паталогія. Цяпер «дабіваю» работу «Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі беларускай нацыянальнай тоеснасці». Да канца чэрвеня трэба яе даслаць у выдавецтва «Беларусь», дзе, дарэчы, у мінулым годзе выйшла вельмі цікавая шыкоўна ілюстраваная кніга «Сімвалы беларускай вечнасці». Яна нават атрымала Гран-пры на Міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Мінску, таму я вельмі ўдзячны супрацоўнікам выдавецтва «Беларусь» за іх прафесіяналізм. Супольна з расійскімі калегамі робім публікацыі, прысвечаныя маім ранейшым навуковым археалагічным здабыткам: у Маскве ўжо выйшла грунтоўная работа, прысвечаная рыцарскаму даспеху, які быў падняты з дна ракі Віхры, падрыхтавана навуковая работа па бабруйскім шлеме. Кансультую музейныя паркі, каб павышаць якасць экспазіцый і выкладання экскурсаводамі нашага мінулага.
— Вы ўзначальваеце Пастаянную камісію па адукацыі, культуры і навуцы. Якія пытанні ў гэтых сферах яшчэ трэба вырашаць?
— Самыя глабальныя вырашаны. Кодэкс аб адукацыі прыняты. Ёсць праблема з удасканаленнем падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, але гэта зробім. Змяняць нешта ў працэдурах паступлення ў ВНУ, лічу, няма сэнсу. Трэба думаць, ці варта павялічваць колькасць прыёму на тую ці іншую спецыяльнасць і як гэтыя кадры пасля выкарыстоўваць. Мы павінны стымуляваць на заканадаўчым узроўні адказнасць за заказы кадраў і за якасць адукацыі. А не проста выпускаць людзей з дыпломамі. Ну, і праблема прэстыжу адукацыі, прадстаўнікоў навукі і культуры. Патрэбна і тут мець пэўныя рычагі фінансавага стымулявання. Мы павінны разумець, калі ідзе размова пра навуку і культуру, гэта не масавыя рэчы, а штучны тавар. Самае галоўнае — захаваць пераемнасць навуковых школ і кадраў. Трэба думаць аб аб’ёмах укладання ў навуку, яшчэ раз перагледзець фундаментальныя рэчы, каб стымуляваць развіццё навукі і навуковых школ, бо без гэтага няма будучыні краіны. Наогул, варта стварыць такое заканадаўчае поле, якое будзе дапамагаць настаўніку, выкладчыку выхоўваць патрыёта і грамадзяніна дзяржавы. Поспех краіны — гэта сукупны поспех яе грамадзян, таму трэба рабіць усё для гэтага законам і рублём.
— У вас ёсць любімыя куткі Беларусі?
— Маё сэрца разбіта на два кавалкі, бо па бацьку я заходні, а па маці — усходні, магчыма, таму я няблага ведаю розныя беларускія дыялекты. Любімыя мясціны, дзе ў мяне карані па маці, — Краснаполле, Мсціслаў. А маё месца сілы знаходзіцца на стыку Магілёўскай і Гомельскай абласцей, на рацэ Сож, куды прыязджаю, каб проста пасядзець на беразе. Мне заўжды хораша думаецца на Краснапольшчыне. Там ёсць месца, дзе, згодна з мясцовымі паданнямі, Багародзіца пакінула свой след, таму з-пад зямлі б’е крынічка. Побач — унікальны ясеневы гай і велізарнае гарадзішча, дзе людзі пачалі сяліцца яшчэ ў II стагоддзі да нашай эры. Мая радзіма па бацьку — вёска Падлессе Стаўбцоўскага раёна, дзе я праводзіў дзяцінства на дзедавым хутары. Менавіта дзеду і бацьку я абавязаны любоўю да гісторыі і беларускасці. Таксама люблю бываць на Стаўбцоўшчыне. У гэтым трохкутніку Стаўбцы — Мір — Карэлічы знаходзіцца мой самы любімы Мірскі замак. Улетку кожны тыдзень я садзіўся на ровар і ехаў туды. Мой бацька, настаўнік гісторыі, дарэчы, пісаў па Мірскім замку дыплом, таму ў мяне з дзяцінства былі кніжкі пра яго. Мірскі замак істотна паўплываў на тое, што я стаў займацца археалогіяй і гісторыяй Беларусі. А калі ехаць на Нясвіж па старой дарозе, збочыўшы з брэсцкай магістралі, там стаіць царква, дзе ўсіх маіх продкаў хрысцілі, вянчалі і адпявалі. Калі ёсць такая магчымасць, заўсёды спыняюся там, хаджу, думаю. Вельмі люблю гэтую зямлю! Полацк — горад, дзе мне заўсёды лёгка дыхаецца. Асабліва люблю стары будынак універсітэта. Святая Тураўская зямля... Беларусь нельга любіць часткамі. У маім сэрцы яна ўся.
— А ці ёсць у вас любімы перыяд у гісторыі Беларусі?
— Любіць гісторыю зноў-такі выбарачна нельга, але любімы перыяд усё ж — Вялікае Княства Літоўскае. А калі казаць пра стагоддзі, то XVI, бо гэта веліч Скарыны, Сапегі. Вельмі шаную Полацкі перыяд XI–XII стст., бо гэта Усяслаў Чарадзей і Ефрасіння Полацкая. Пра тое, што яны зрабілі, можна гаварыць доўга. Удумайцеся: Ефрасіння Полацкая была заснавальніцай жаночага манаства на тэрыторыі ўсёй Русі, а яшчэ яна заснавала школку ў манастыры, дзе вучылі дзяўчатак. Таксама люблю беларускае Адраджэнне — 2-я палова XIX — сярэдзіна XX ст. — гэта стварэнне беларускай літаратуры, высокіх жанраў беларускага мастацтва.
— Цікава, на якіх кнігах вы выраслі?
— Я чытаю з 4 гадоў, у пяць ведаў на памяць «Барадзіно». Любімым творам у 1-м класе быў «Айвенга» Вальтэра Скота, у 2-м — «Тры мушкецёры» Аляксандра Дзюма. Мяне цікавіла, ці было тое, што там напісана, у рэальнасці. Пачынаў глядзець энцыклапедыі, бацькавы падручнікі. Я быў запісаны ва ўсе бібліятэкі Краснаполля і ў тры сельскія, таму ехаў з дзвюма авоськамі з кніжкамі кожны тыдзень дадому. Чытаў усё, бо цікавіўся ўсім — астраноміяй, мікрабіялогіяй і гэтак далей, але гісторыя была галоўнай. Рамантыка дзяцінства — сцены замка ў Міры! Таму я рана быў прафарыентаваны. Дарэчы, лекцыі на гістфаку я адразу пісаў па-беларуску і адказваў таксама ў 1985-м без усялякіх перформансаў і падтэкстаў на мове.
— У вас ёсць любімыя гістарычныя творы?
— Калі сходу, гэта «Ладзя роспачы», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Дажыць да світання» Васіля Быкава (наогул для мяне ён Джамалунгма ў літаратуры), «Карнікі» Алеся Адамовіча і «Мінскі напрамак» Івана Шамякіна. Дарэчы, мой любімы персанаж у беларускай літаратуры негатыўны — Лявон Бушмар Кузьмы Чорнага, бо гэта хутаранін, які выпісаны неверагодна. Калі казаць пра рускую літаратуру, то гэта «Ціхі Дон» Шолахава, «Хаджы Мурат» Талстога, «Бесы» Дастаеўскага.
— Ёсць у вашай сям’і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?
— У нас прынята, калі нараджаецца хлопчык, імя дае маці, калі дачка — бацька. Такім чынам, мая жонка, якая таксама звязана з гісторыяй, назвала сына Альгердам. Гэтае імя было ў яе родзе — пухавіцка-асіповіцкая галіна. Яшчэ адна традыцыя: калі сыну спаўняецца год, перад ім кладуць тры рэчы — кнігу (звычайна Біблію), зброю і грошы. Гэта тры шляхі мужчыны. Я, дарэчы, выбраў кнігу, потым зброю, толькі пасля кашалёк.
— На прэзентацыі фільма «Час вярнуцца» вы зрабілі «разбор палётаў»... Ці можна атрымаць задавальненне, калі глядзець кіно выключна як эскперт?
— Гэты фільм зроблены добра, глядзіцца хораша. Адзіная заўвага: калі б партызаны заспелі паліцаяў, якія рабуюць вёску, жывымі яны б іх не адпусцілі. Адзначу: у беларускіх кінематаграфістаў фальшы і надуманасці менш, чым у расійскіх калег у сучасных ваенных фільмах. Калі казаць, як я гляджу кіно... Асабліва не люблю, калі людзі гавораць не той мовай, ужываюць не тыя тэрміны ці ўкладаюць у іх іншыя сэнсы. Калі многа ведаеш, то бачыш не той танк, не тую зброю, тое, чаго не існавала на той момант... Нельга смажыць бульбу ў Беларусі ў XVII ст., бо яе яшчэ не завезлі. Нельга нацягваць цеціву арбалета адным пальцам, бо там такая жыла, што патрэбна выкарыстоўваць спецыяльнае прыстасаванне. Ёсць вялікі польскі рэжысёр Ежы Гофман, які запрашаў на здымкі «Агнём і мячом» каласальную колькасць кансультантаў, таму там усё добра. Рыжысёры павінны ўжывацца ў патрэбную эпоху, разумець кантэкст, а не абуваць сучасныя пантофлі легіянеру. У гэтым сэнсе для мяне выдатныя фільмы: «Ідзі і глядзі», «Лёс чалавека», «Доўгія вёрсты вайны». Вельмі люблю «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі». Не хачу нікога крыўдзіць, але Пташук для мяне — адзін з самых вялікіх беларускіх рэжысёраў. Не стану яго параўноўваць з Туравым. Але ўсё, што ён зняў, гэта вельмі таленавіта.
Ірына ПРЫМАК
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.