Вы тут

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» адбудзецца 22 чэрвеня


22 чэрвеня, у Палацы Рэспублікі адбудзецца канцэрт-рэквіем «Кожны трэці». Сёлета, калі мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гэта адно з тых мерапрыемстваў, якія нагадваюць пра важнае і галоўнае: якой цаной дасталася нам мірнае неба.


Фота sb.by

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне пад нямецкай акупацыяй апынуліся каля васьмі мільёнаў жыхароў і каля 900 тысяч савецкіх ваеннапалонных. А ў межах рэспублікі было створана 588 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, у тым ліку 14 канцэнтрацыйных лагераў для дзяцей. І за гады варожай акупацыі на тэрыторыі Беларусі знішчылі не менш чым 12 348 населеных пунктаў... Доўгі час лічылася, што на нашых землях загінуў кожны чацвёрты, але ўдакладненыя на працягу апошніх гадоў даныя сведчаць пра тое, што Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. І расследаванне злачынстваў фашысцкіх акупантаў працягваецца.

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» — даніна памяці ўсім ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны, расповед пра лёсы простых людзей, сінтэз новых песень пра вайну і перамогу з унікальнымі кадрамі хронікі, гістарычных фактаў. У першай частцы канцэртнай праграмы прадстаўлены даныя пра назаўсёды страчаныя населеныя пункты, пра Герояў Савецкага Саюза, а таксама ўзнімаецца тэма генацыду мірнага насельніцтва. Прадстаўлены будуць рэдкія кадры хронікі, фотадакументы. У другой частцы галоўнай стане тэма адказнасці сучаснікаў за захаванне гістарычнай памяці і традыцый. Паэтычную аснову складае «Рэквіем па кожным чацвёртым» А. Вярцінскага. 

У канцэрце прагучаць як шырока вядомыя, так і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Ганны Благавай, Яўгена Алейніка і іншых. Рэжысёрам праекта выступае мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская. У падрыхтоўцы канцэрта прымалі ўдзел «Музычная медыякампанія», Белтэлерадыёкампанія, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам.

І ў кожнага, хто таксама хоча аддаць даніну памяці гераічнаму мінуламу нашай краіны, будзе магчымасць убачыць тэлеверсію канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» 23 чэрвеня ў 19.15 у эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Жыве памяць па кожным трэцім

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.