Вы тут

Што такое хараство?


Аўтар кнігі Аліна Сабуць «Наперад ісці чалавеку гуманнаму...», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», выказванне Змітрака Бядулі «Не хлебам адзіным...» змясціла ў дадатку да яе, дзе прадстаўлены і ўрыўкі з асобных твораў Янкі Сіпакова, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Марціновіча, Міхася Стральцова, Алега Лойкі, Алеся Карлюкевіча. А яно з поўным на тое правам магло б стаяць і ў пачатку яе: «Сказана ў Бібліі: „Не адным хлебам чалавек жыў будзе“, — і гэта шчырая праўда, бо, каб чалавек мог здаволіцца толькі ядой, ён не лічыўся б вышэйшым за іншыя стварэнні на зямлі. Апрача хлеба, урываюцца ў яго жыццё духоўныя патрэбы, каторыя ўсякі чалавек па-свойму стараецца задаволіць. Агульна ўзяўшы ўсе праявы духоўнага жыцця, каторыя акрыляюць душу чалавека, паднімаюць яго ўвысь, можна назваць хараством»...


Як не пагадзіцца з Самуілам Яфімавічам: «Святое адвечнае хараство! На зямлі няма нічога вышэйшага за цябе! (тут і далей выдзелена ў тэксце. — Г. І.). Ты адно чыстае, яснае, без жаднай пляміны... Ты злучаеш чалавека з праўдзівым Богам, з добрым усёдаравальным, святым Богам на зямлі». Як і з такой высновай: «<...> Хараство — маці жыцця, кіраўніцтва дабра і праўды». Тым больш з сугучным дню сённяшняму: «Калі жадаем грунтоўна пазнаёміцца з жыццём якога-кольвек народа, то трэба ўзяцца за яго святыя хронікі — яго штукарства, адкапаць, вывесці на свет, калі яно зацемнена, і спазнаць яго. Гэту вось працу якраз цяпер мы, беларусы, павінны паставіць на першы чарод».

Чаму гэтыя высновы так і просяцца на пачатак кнігі Аліны Сабуць, відаць з яе падзагалоўка: «Беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ—ХХІ стагоддзяў». Гэты ж жанр літаратуры не ў апошнюю чаргу і адпавядае такой высакароднай задачы, за якою, не лішне яшчэ раз працытаваць Змітрака Бядулю, «крыецца характэрная — наша частка, — агульначалавечага хараства». Яны і сапраўды маглі б з’явіцца, калі б даследаванне тычыліся толькі дасягненняў асобных беларускіх публіцыстаў, творчасць якіх адбывалася ў межах узятага прамежку часу. Пры гэтым, безумоўна, не абышлося б і без звароту да вопыту іншых літаратур. 

Аднак, як сведчыць змест, Аліна Сабуць звяртаецца да яго не мімаходзь, а сістэматычна. Таму заканамерным стала і з’яўленне раздзела «Эсэ як феномен замежнай мастацкай публіцыстыкі», што стаіць у кнізе. 

У такім разе спасылка на Змітрака Бядулю магла б быць толькі своеасаблівым эпіграфам. Даследчыца пайшла іншым шляхам. Надаючы развагам тэарэтычна-практычны характар, у неабходных выпадках падмацоўвае асноўны змест іх вопытам іншых літаратур. Адпаведна з’явіліся і «Уводзіны», ад якіх масток пракладваецца да першага раздзела, пачатковыя радкі якога сведчаць аб тым, што беларуская публіцыстыка ўзнікла не на пустым месце, а ішла ад назапашанага іншымі літаратурамі: «„Вопыты“ Мішэля дэ Мантэня —першыя творы ў жанры эсэ, прызнаныя даследчыкамі літаратуры. Разам з тым першым беларускім эсэістам ХХ ст. можна ўпэўнена назваць Ігната Абдзіраловіча (сапр. — Ігнат Канчэўскі)».

Шмат якія творцы трапляюць у поле зроку Аліны Сабуць (Ралан Барт, Томас Ман, Жан Поль Сартр, Альбер Камю, іншыя). Пра адных гаворыцца больш падрабязна, пра іншых — менш, але тое, да чаго прыходзіць яна, у пэўным сэнсе відаць па такім падагульненні: «На наш погляд, жанр літаратурна-крытычнага эсэ ў творчасці еўрапейскіх эсэістаў досыць папулярны і вядомы шырокай аўдыторыі. Яскрава вызначаная прысутнасць аўтарскага „я“, акцэнтацыя аўтарскай пазіцыі адносна літаратурна-мастацкіх і філасофска-эстэтычных праблем, пытанняў тэарэтычнай паэтыкі служаць важным фактарам уздзеяння на чытацкую свядомасць». Ёсць у гэтай гаворцы і тое, што не страчвае свайго першаснага сэнсу і адносна лепшых дасягненняў нацыянальнай публіцыстыкі, калі мець на ўвазе таго, хто за ёю стаіць: «Асоба аўтара ў замежнай эсэістыцы выступае як адна з вызначальных катэгорый публіцыстыкі, што ўплывае на тэматычна-ідэйную накіраванасць і мастацка-стылявыя адметнасці эсэістыкі, у мастацкай прасторы якой пераважае культ творчасці».

Выкарыстанне вялікай колькасці пісьмовых крыніц, якіх у спісе 112, а таксама глыбокае прачытанне пераважнай большасці з іх, дазволіла Аліне Сабуць прыйсці да высновы, дзеля якой яна, уласна кажучы, і бралася за сваю працу: «Эсэ і нарыс — дамінантныя жанры беларускай мастацкай публіцыстыкі ХХ — ХХІ стст. Вызначаны ідэйна-тэматычныя (аўтабіяграфічныя, філасофска-псіхалагічныя, падарожныя, праблемныя, партрэтныя, літаратурна-крытычныя і інш.) і жанравыя (аповед, замалёўка, партрэт, успамін, аповесць, раман і інш.), рэсурсы эсэ і нарыса згаданага перыяду. Жанравыя формы эсэ і нарыса мадыфікуюцца ў эсэ-партрэт (Р. Барадулін), нарыс-партрэт (А. Карлюкевіч), эсэ-дзённік (Г. Тварановіч, Г. Пашкоў), эсэ-нарыс (У. Караткевіч), эсэ-аповесць (М. Стральцоў), раман-эсэ (А. Лойка)». 

Свае развагі даследчыца пацвярджае дэталёвым пранікненнем у змест твораў, якія ў кожным канкрэтным выпадку разглядае, што, несумненна, выкліча жаданне бліжэй пазнаёміцца з тым, пра што ідзе гаворка, а ў нечым, магчыма, і паспрачацца з аўтарам. Гэта таксама заканамерна. Які б твор ні быў, а публіцыстыка — не выключэнне, у кожнага могуць быць свае думкі. Як і ў ацэнцы яго крытыкай. 

Ганна ІВАНЕЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.