Вы тут

27 чэрвеня 1944 года савецкія салдаты вызвалілі Оршу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў баях пад Оршай і Рудняй Смаленскай вобласці ўпершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі БМ-13 — легендарныя «Кацюшы». У акупаваным горадзе змагаліся з ворагам больш за дваццаць груп падпольшчыкаў, у ліку іх — група пад кіраўніцтвам Канстанціна Заслонава, якая дзейнічала на чыгуначным вузле. 27 чэрвеня 1944 года ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а доўгачаканых вызваліцеляў сустракалі на руінах тры тысячы аршанцаў. Дзякуючы гераізму і мужнасці савецкіх байцоў, 37 тысяч з якіх знайшлі вечны прытулак на аршанскай зямлі, Орша стала адным з трох беларускіх гарадоў, узнагароджаных ордэнам Айчыннай вайны І ступені.


Савецкая мужнасць і кемлівасць

За тры гады акупацыі фашысты ператварылі Оршу ў магутны вузел абароны. Паўсюль былі створаны абарончыя ўмацаванні на 25–30 кіламетраў ад пярэдняга краю. Траншэі ўзмацняліся дотамі, дзотамі, драцянымі загародамі, супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі міннымі палямі. У самім горадзе да абароны былі прыстасаваны ўсе каменныя будынкі, а вуліцы акапаны равамі. Для будаўніцтва абарончага вала «Пантэра» былі разабраны тысячы жылых дамоў і пабудоў... На кожны ўчастак фронту ў раёне ад Дуброўна да Копысі на адзін кіламетр прыходзілася 500 штыкоў асабістага саставу, 50 кулямётаў і 22 гарматы ворага. Немцы пастаянна ўдасканальвалі сістэму агню, прастрэльваючы кожны метр зямлі перад сваім пярэднім краем. Тэарэтычна тут немагчыма было ні прайсці, ні прапаўзці, ні праляцець.

Нашы байцы змаглі абхітрыць фашыстаў і пайшлі ў абыход магутных умацаванняў па балоцістай мясцовасці. У выніку савецкія воіны раздзялілі флангі Аршанскай і Віцебскай груповак фашыстаў і вымусілі іх рухацца па Мінскай дарозе, а там ужо падключылася авіяцыя…

З раніцы 26 чэрвеня ў паласе 5-й арміі была ўведзена ў прарыў 5-я гвардзейская танкавая армія, якая пачала прасоўвацца ў напрамку Талачын і Барысаў, што палегчыла ахоп нямецка-фашысцкіх войскаў у Оршы. Адначасова нашы часці нанеслі ўдар з усходу, адразу фарсіравалі Днепр і выйшлі ў цэнтральныя кварталы горада. Рухаючыся з баямі па гарадскіх вуліцах, на досвітку захапілі чыгуначную станцыю, якая была замініравана. 27 чэрвеня войскі 3-га Беларускага фронту вызвалілі Оршу.

Пасля вызвалення горада савецкім войскам была адкрыта дарога на Мінск. Больш за 40 частак і злучэнняў, байцы якіх праявілі мужнасць і гераізм, атрымалі ганаровае найменне «Аршанскіх». У 1984 годзе Орша, якая пасля вайны аказалася амаль сцёртай з твару зямлі, была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені, а ў 2009 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Навечна подзвігі ў памяці народнай

Пры вызваленні Оршы званне Героя Савецкага Саюза атрымаў радавы Юрый Смірноў, якога па-зверску закатавалі фашысты. 19-гадовы хлопец працаваў токарам, мог не ісці на вайну, а заставацца ў тыле. Аднак свой выбар зрабіў, як і яго старэйшыя браты: ваяваў у складзе 77-га гвардзейскага стралковага палка 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі 11-й гвардзейскай арміі Беларускага фронту. 24 чэрвеня 1944 года ў рамках аперацыі «Баграціён» камандаванне загадала арганізаваць танкавы дэсант, перад якім стаяла задача атакаваць абарону праціўніка ў фланг і тыл, авалодаць вёскай Шалашына і перарэзаць шашу Мінск — Масква. Удзельнікаў разведкі боем адбіралі толькі з добраахвотнікаў 77-га гвардзейскага стралковага палка. 

Пасля цяжкага ранення Смірноў мог не ўдзельнічаць у аперацыі, ніхто не прызнаў бы яго баязліўцам, аднак хлопец заняў месца на браніраванай машыне № 119. Варожая куля сарвала яго з танкавай брані, ён упаў на ўскрайку гаю каля вёскі Шалашына недалёка ад штабных бліндажоў 78-й нямецкай штурмавой дывізіі. Яго падабралі немцы, доўга катавалі і здзекваліся. Калі юнак не сказаў ні слова, яго, парэзанага і беспрытомнага, распялі на сцяне бліндажа 25 чэрвеня. У гэты час ужо ішлі наступальныя баі савецкіх войск, сярод параненых Смірнова не знайшлі, сярод забітых таксама. Калі ў нямецкім бліндажы на сцяне было знойдзена прыбітае цвікамі цела з выразанай на грудзях зоркай, пазнаць Юрыя было немагчыма. Падчас адыходу немцы паспешліва пакінулі на стале пратакол допыту, які стаў адзінай зачэпкай у пошуку салдата. Ён пахаваны ў Арэхаўску Аршанскага раёна, а ў вёсцы Шалашына стаіць памятны знак у гонар подзвігу Героя Савецкага Саюза.

Гвардыі лейтэнанту Сяргею Міхайлавічу Міту 26 чэрвеня 1944 года было загадана авалодаць пераправай праз раку Адроў. Пад прыкрыццём агню роты танкаў лейтэнант уварваўся першым у абарону праціўніка, на поўнай хуткасці савецкі экіпаж раздушыў калону ворага, ператварыўшы яе ў месіва. Памятаючы загад, Сяргей Міт з узводам танкаў прарываўся да пераправы, якую ахоўвалі восем самаходных гармат і батарэя палявых гармат. Пры падтрымцы агню роты танкаў узвод спаліў пяць варожых самаходак, а тры машыны немцы кінулі спраўнымі. Недалёка ад пераправы варожы снарад прабіў танк лейтэнанта Міта, і ён загарэўся. Герой-танкіст накіраваў свой падпалены танк на мост у надзеі праскочыць праз яго і разагнаць падрыўнікоў. Выбухнулі снарады, экіпаж загінуў, але пераправа была ўзята. Пасмяротна Сяргею Міхайлавічу прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Гераічны экіпаж пахаваны ў вёсцы Смальяны Аршанскага раёна, у вёсцы Роскі Сялец таго ж раёна імя Героя носіць мясцовая школа.

Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў пакінуў у пераможным летапісе Аршаншчыне значны след. Камандуючы ўсімі партызанскімі сіламі аршанскай зоны, разам з членамі падпольнай групы за тры месяцы пусціў пад адхон больш за 100 нямецкіх цягнікоў. У 1942 годзе Заслонаў стаў камандзірам партызанскай брыгады, якая з яшчэ адной брыгадай знішчылі больш за сем тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў. «Чыгуначны партызан» загінуў у няроўным баі каля вёскі Купаваць Сенненскага раёна ў 1942 годзе, быў смяротна паранены. На сёння больш за 70 гарадоў Беларусі маюць вуліцы, якія носяць імя легендарнага камандзіра. Ёсць такія вуліцы ў Санкт-Пецярбургу і Новасібірску. Памяць аб Героі Савецкага Саюза жыве ў Оршы ў назве вуліцы, станцыі, у 1948 годзе тут быў адкрыты мемарыяльны музей імя Заслонава.

Французскі лётчык Марсэль Лефеўр ваяваў у знакамітай эскадрыллі «Нармандыя-Нёман», удзельнічаў у Віцебска-Аршанскай, Усходне-Прускай і Кёнігсбергскай аперацыях. 

У небе пад Оршай у чэрвені 1944 года яго самалёт быў падбіты і загарэўся. У лётчыка быў парашут, і ён мог бы пакінуць падпаленую машыну, але Лефеўр разумеў, што наступ толькі пачаўся, што будуць цяжкія баі за вызваленне Беларусі і таму ўлічваецца кожная баявая машына. Ён вырашыў выратаваць самалёт і павёў яго да свайго аэрадрома. Праз некалькі дзён, пасля рамонту, самалёт зноў падняўся ў паветра, а Марсэль Лефеўр загінуў ад цяжкіх апёкаў. За два гады баёў французскі лётчык здзейсніў 105 баявых вылетаў, правёў 30 паветраных баёў, збіў 11 самалётаў праціўніка. Лефеўр атрымаў званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна, што было для замежных байцоў вялікай рэдкасцю.

Беражліва захоўваюць памяць аршанцы і аб Ганне Аляксееўне Нікандравай. Недалёка ад Оршы, у вёсцы Кірэева Дубровенскага раёна пры прарыве абароны праціўніка полк, у якім ваявала Аня, трапіў пад моцны агонь ворага. Некалькі разоў пачыналася атака, і кожны раз яна захлыналася пад жорсткім агнём фашыстаў, ужо былі параненыя камандзір і камісар палка. І тады наперад з крыкам: «За мной, арлы!» — выбегла 24-гадовая Нікандрава. Байцы, убачыўшы наперадзе юную дзяўчыну, з апошніх сіл падняліся ў атаку. Вораг быў выбіты з вёскі, абарона была прарвана, а Ганна Аляксееўна ў гэтым баі была цяжка паранена і ў чэрвені 1944 года памерла ў шпіталі. Пасмяротна адважнай дзяўчыне было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Гэтыя асобы — толькі невялікая частка з пераліку гераічных людзей, якія вызвалялі Аршанскі раён. Іх імёны ўвекавечаны ў парку Герояў, дзе ў кожнага — свая алея. А шостая, галоўная, носіць імя Невядомага салдата ў гонар усіх вызваліцеляў, якія пакуль застаюцца безыменнымі. У парку Герояў размешчаны Курган неўміручасці, які быў узведзены ў 1966 годзе. Каля яго падножжа — адзін з першых вечных агнёў у Беларусі, полымя якога не згасае 58 гадоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: 37 тысяч лёсаў за незалежнасць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...