Вы тут

На ўзроўні ДНК. У кожнага свая вайна. Нават праз восемдзесят гадоў


Майскі водпуск пачаўся з паездкі ў Дзяржынск — трэба было павырашаць пытанні па вясковай хаце. Аўтобусы там ходзяць рэдка, дый не ўсюды — адлегласці зусім невялікія, давялося ў «энергазбыт» на ўскраіне горада ісці пешшу. Па нешырокай вуліцы прыватнага сектара, над якім лунаў пах бэзу, міма касцёла, які нядаўна адбудавалі пасля пажару, і рэштак колішняга кальвінскага збору. Міма чорных фігур, якія стаяць спінай да дарогі, тварам да помніка, да сцяны. Яны з’явіліся тут нядаўна, літаральна год назад. Раней быў толькі помнік. А на пачатку 90-х зусім побач былі грады з бульбай. І пасвіліся навязаныя козы. Цяпер вакол пустка. Толькі чорныя фігуры, што стаяць спінай да дарогі. Адразу, нават не ведаючы, зразумееш: гэта яўрэі. Мужчына са скруткам Торы на плячы, жанчына, якая трымае яго пад руку. Нібы выправіліся кудысьці ў дарогу і спыніліся. Яшчэ некалькі фігур, таксама ідуць з імі ў той жа шлях. Трэба падысці зазірнуць ім у твары. Абавязкова трэба падысці...


Фота з адкрытых крыніц

Я збочыла з вуліцы і па заасфальтаванай дарожцы пайшла да фігур. Зазірнула ім у твары — і жахнулася. Твараў не было. У іх увогуле няма аб’ёмнай пярэдняй часткі — роўная бліскучая паверхня. Сказаць, што гэта ашаламляе, — нічога не сказаць. Я стаяла, сама акамянелая, і адчувала, як раптам чамусьці стала не хапаць гэтага празрыстага бэзавага паветра, якім дагэтуль з задавальненнем дыхала на поўныя грудзі. Я стаяла разам з імі на краі іхняй магілы. Якую калісьці ім пад дуламі аўтаматаў літоўскіх паліцаяў капала разам з іншымі мая бабуля. Я ведала гэта даўно — і пра бабулю, і пра тое, што на гэтым месцы фашысты ўвосень 41-га расстралялі ўсю койданаўскую абшчыну — амаль 1600 чалавек. Але гэта ўспрымалася як частка агульнай пакутніцкай гісторыі маёй краіны. І раптам гэта стала гісторыяй маёй асабістай. Вайна дагнала мяне тут, у горадзе, знаёмым з дзяцінства, яна накрыла мяне сваёй шчыльнай чорнай пялюшкай і не давала дыхаць. Я хадзіла ля той праклятай сцяны, гладзіла незвычайныя імёны, напісаныя на таблічках, плакала і прасіла ў іх прабачэння. За тое, што мая бабуля выжыла тады, за тое, што я нарадзілася…

Бабуля памерла рана, калі мне было ўсяго восем гадоў. Я не магла тады нічога распытаць, а яна сама пра вайну нам, малым, нічога не расказвала. Пра тое, што яе, 19-гадовую, ганялі з родных Кукшавіч у Дзяржынск капаць тую страшную яму, я ведала ад мамы. Без дэталяў і падрабязнасцяў. За тры гады акупацыі жудасных падрабязнасцяў было столькі, што, калі б усё згадваў і асэнсоўваў, можна было б звар’яцець. Яна з дваімі маленькімі дзецьмі была сям’ёй чырвонага камандзіра (дзед, калі пачалася вайна, вучыўся ў артылерыйскім вучылішчы ў Баку, адтуль і пайшоў на фронт), і гэта проста шчасце, што сярод аднавяскоўцаў не знайшлося здраднікаў, што ніхто не данёс пра гэта немцам…

Але цяпер гэта стала маёй асабістай гісторыяй. І я пачала шукаць сведчанні. І знайшла. «Са сведчанняў жыхара г. Дзяржынска Міхаіла Бушылы: «Раніцай немцы прыйшлі ў калгас імя „9 студзеня 1905 года“ і запатрабавалі рабочых з рыдлёўкамі капаць яму. Калі ўсё было гатова, рабочых адвялі за груд метраў за 30–40 і паклалі на зямлю. Да гэтага часу ўся мясцовасць на 200–300 метраў вакол была ачэпленая ўзброенымі немцамі. Карнікі, акрамя таго, хадзілі па дамах і загадвалі не выходзіць на вуліцу. Неўзабаве пачалі падводзіць яўрэяў групамі па 15–20 чалавек. Іх распраналі і кідалі жывымі ў яму. Затым па іх пачыналі страляць літоўцы з нямецкага карнага атрада, якія стаялі па абодвух краях гэтай вялізнай магілы. У момант расстрэлу я знаходзіўся на калгаснай стайні і асабіста ўсё бачыў». Са сведчанняў жыхара г. Дзяржынска Дзмітрыя Шыбута: «У кастрычніку 1941 года ў калгас прыйшлі літоўцы з карнага атрада і ўзялі 60 калгаснікаў капаць яму. Пазней мы даведаліся, што яна прызначаная для яўрэяў. Да нас на дапамогу даслалі яшчэ 60 палонных. Гадзіны за чатыры яма даўжынёй 15 метраў, шырынёй 4 метры і глыбінёй 2,5-3 метры была гатова. Пасля гэтага нас пад канвоем адвялі метраў за 300 і пасадзілі спінай да ямы. Прасядзелі мы так каля дзвюх гадзін, былі чутны стрэлы, плач, крыкі, стогны. Затым нас пагналі закопваць яму, якая цалкам была напоўнена расстралянымі яўрэямі».

19-гадовая Надзя Клімовіч была адной з тых 60-ці, якія бачылі гэты кашмар, якія супраць сваёй волі былі ў нейкай ступені яго ўдзельнікамі. Тое, што перажыла яна, канешне, не ідзе ні ў якое параўнанне з апошнімі хвілінамі забітых там людзей. Але і пакаранне ёй за тое, што яны — забітыя, а яна — жывая, дасталася страшнае — веданне і памяць. На ўсё нядоўгае жыццё. А яшчэ вось гэта пачуццё віны, якое, напэўна, тады, восенню 41-га пасялілася ў яе генах і перадалося ў спадчыну на ўзроўні ДНК унукам, якія нарадзіліся праз дзесяцігоддзі пасля вайны.

Нярэдка кажуць: мала якую сям’ю ў Беларусі не закранула вайна. Няправільна. Нават калі ў тым пекле ў сям’і засталіся ўсе жывыя, вайна ўсё роўна не прайшла міма. Мы ўсе — нашчадкі тых дваіх, якія выжылі з траіх, — яе ахвяры. Яна даганяе, накрывае нас нават праз восемдзесят гадоў. Яна — наша вечная родавая траўма, якую не лечыць час.

І, гледзячы на кашмар, ужо сучасны, што адбываецца вакол, ловіш сябе на думцы: добра, што яно так, а не інакш.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.