Вы тут

Сельгаспрадпрыемствы Міншчыны атрымалі сучасную тэхніку


У Мінскім абласным выканаўчым камітэце паклапаціліся пра тое, каб хлебаробы пачалі збор ураджаю ў поўным узбраенні. Так, у сераду, 19 чэрвеня, на цэнтральнай плошчы Мінскаблаграсэрвісу ў Мінскім раёне механізатарам уручылі ключы ад новенькіх камбайнаў.


Аграрыі з 20 раёнаў вобласці сабраліся тут для ўрачыстай перадачы тэхнікі ў гаспадаркі, дзе яны працуюць. Асабіста падзякаваць за нялёгкую працу і ўручыць ключы ад машын прыбыў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў.

«Урачыстая перадача камбайнаў сельскагаспадарчым арганізацыям Міншчыны стала ўжо добрай традыцыяй, — распавёў Васіль Сысоеў. — Тое, што мы бачым сёння на палях, — вельмі важны аспект работы сельгаспрадпрыемстваў. Сёння ў нас ёсць магчымасць набываць тэхніку для тых, хто мае найбольш вострую патрэбу ў ёй. Механізатары не дадуць схлусіць, што мы выбіралі гаспадаркі з найбольшай нагрузкай. Мы аддаём іх напярэдадні жніва, тады, калі яны патрэбныя».

Камбайны былі выкуплены Мінскай вобласцю з бюджэтнай падтрымкай яшчэ вясной. Сёння ж 21 адзінка новай сельскагаспадарчай тэхнікі здабыла новы дом. Сельгаспрадпрыемства Пухавіцкага раёна «Дукора-Агра» атрымала адразу два камбайны: уся справа ў высокай нагрузцы на адзінку тэхнікі ў гаспадарцы.

«Кожны камбайн будзе ўзяты пад асаблівы кантроль, а ўсіх прысутных будзем чакаць на „Дажынках“ у Валожыне. Новае ёсць новае, яно не павінна стаяць, а павінна працаваць», — адзначыў Васіль Сысоеў.

Па яго словах, у большасці сельскіх гаспадарак Мінскай вобласці вырошчваецца азімы ячмень. Сёння ён займае ў агульным аб’ёме ўборачных плошчаў 15 працэнтаў. «Брэстчына ўжо пачала ўборку азімага ячменю, праз тыдзень да яе прыступіць Міншчына. Мы павінны ўбраць гэтыя 15 працэнтаў плошчаў да ўборкі азімага рапсу. Тады паменшыцца агульная плошча і нам будзе лягчэй прыбіраць аснову. Я больш чым упэўнены, што гэтыя сучасныя камбайны прымуць актыўны ўдзел ва ўборцы гэтай культуры, потым рапсу, а затым — і ў асноўнай уборцы», — сказаў суразмоўца.

Сёлета сельгаспрадпрыемствы Міншчыны павялічылі пасеў кукурузы да 300 тысяч гектараў. «75 тысяч гектараў пойдзе на зерне. У мінулым годзе вобласць намалаціла 650 тысяч тон кукурузы. У гэтым годзе будзем імкнуцца да таго, каб было не менш», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка вобласці.

«Тэхніку заўсёды трэба абнаўляць. Вельмі сур’ёзная дапамога для нас — гэтыя новыя камбайны. Я ведаю, што яны аддаюцца самым лепшым. Хочацца, каб усё гэта было зроблена нездарма», — падагульніў Васіль Сысоеў.

Перадача тэхнікі холдынга «Гомсельмаш» гаспадаркам Мінскай вобласці сапраўды стала добрай традыцыяй. «З Міншчынай супрацоўнічаем досыць даўно і вельмі шчыльна, — распавёў генеральны дырэктар ААТ „Гомсельмаш“ Аляксандр Новікаў. — Гэта адна з першых абласцей, якая ўзяла вялікую колькасць магутных збожжаўборачных камбайнаў у 2021–2024 гадах. Летась Мінская вобласць набыла каля 200 адзінак самаходнай тэхнікі, а сёння — каля 80. Яна спатрэбіцца не толькі на ўборцы збожжавых, але і кукурузы на сілас. Як руплівы гаспадар, Мінская вобласць глядзіць ужо на наступны год. Гэтыя перспектывы абмяркоўваюцца».

На «Гомсельмашы» працуе 15 тысяч чалавек. «У гэтай тэхніцы — частка кожнага чалавека, які звязаны з яе выпускам. Перадаючы сучасныя камбайны ў рукі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Міншчыны, спадзяёмся, што дадзеная тэхніка пакажа найлепшыя вынікі і найбольшыя намалоты», — падагульніў Аляксандр Новікаў.

Чын асвячэння камбайнаў здзейсніў настаяцель праваслаўнага прыхода аграгарадка Міханавічы Дзмітрый Грыцэнка. «Дзякуй богу, што сёння мы асвячаем мірную тэхніку. Асвячэнне і заклік Імя Божага і Божай дапамогі на сельскагаспадарчых работах — гэта шматвяковая традыцыя нашага народа. Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, шматдзетнасць, шанаванне і павага бацькоў і старэйшых, любоў да свайго народа і Радзімы — аснова духоўна здаровай нацыі. Таму што сіла нацыі — у сіле яе духу», — адзначыў святар.

Новы сучасны камбайн — мара Мікіты Бабовіча, якая ажыццявілася. У свае 17 гадоў ён працуе памочнікам камбайнера ў КСУП «Валевачы» Чэрвеньскага раёна. «Хацелася б падзякаваць кіраўніцтву вобласці за маю выкананую мару — працаваць і дапамагаць старэйшаму брату на такім цудоўным камбайне. З кожным годам наша гаспадарка становіцца ўсё лепшай і лепшай», — распавёў ён.

Сёлета малады чалавек скончыў Валевачоўскую сярэднюю школу. Паступае ў БДУФК. «Гэта ўжо другое жніво ў маім жыцці. Працую ў экіпажы са старэйшым братам Дзмітрыем. Гэтая работа зусім нялёгкая. Па-першае, ранні пад’ём, на працоўным месцы неабходна быць ужо ў 7.00. Але мне ўсё падабаецца: і дастойная заработная плата, ды і з родным братам усё больш зразумела і весялей».

Па словах Мікіты, новы камбайн — цуд тэхнікі. У ім усталяваны кандыцыянер, ёсць і халадзільнік. «Сучасны, новы, тэхналагічны, ён дапаможа дасягнуць лепшых вынікаў на цяперашняй уборачнай кампаніі», — падагульніў хлопец.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...