Вы тут

Мерапрыемствы да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа адбыліся ў Брэсце


На тыдні ў Брэст прыехалі тысячы людзей, якія палічылі сваім абавязкам у гэтыя памятныя дні пабываць у Брэсцкай крэпасці. Гасцініцы абласнога цэнтра запоўнены на 100 працэнтаў. Многія спыняюцца ў сваякоў і знаёмых. У крэпасці і яе ваколіцах 21 чэрвеня зранку ўжо было вельмі многа людзей.


Знак пашаны і гонару

Сюды прыйшлі, напрыклад, удзельнікі патрыятычнага форуму «Цытадэль памяці», які пачаў сваю работу 20 чэрвеня. Форум прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел у ім прымаюць больш за 140 студэнтаў з 29 навучальных устаноў Беларусі і сямі расійскіх ВНУ. Хлопцы і дзяўчаты, якія займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Для іх таксама падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльную праграму, якая ўключае ў сябе шматлікія мерапрыемствы гэтых дзён у Брэсце.

Зранку на Гарнізонных могілках было таксама шматлюдна. Летась ва ўрачыстай абстаноўцы тут адкрылі Алею Памяці. Алея ў гонар абаронцаў Радзімы розных нацыянальнасцяў стала яшчэ адным знакам памяці і пашаны ў горадзе, які першым адчуў на сабе страшнае дыханне вайны. З прапановай увекавечыць памяць землякоў, якія загінулі падчас вайны, да гарадскіх улад звярталіся прадстаўнікі былых саюзных рэспублік прыкладна паўтара дзясятка гадоў таму. Тады з’явілася ідэя стварыць Алею Памяці. І вось добрая справа знайшла канкрэтнае ўвасабленне ў памятных плітах — інфармацыйных дошках, якія змяшчаюць звесткі аб слаўных сынах агульнай тады Айчыны, што аддалі жыцці на беларускай зямлі.

У гэтым годзе дабавіліся памятныя пліты ад ленінградцаў і абаронцаў з Рэспублікі Башкартастан. На памятным мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі ўлады і дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, ветэраны, моладзь. Імпрэза пачалася з ускладання кветак да помніка Воіну на цэнтральнай алеі, затым усклалі кветкі на Алеі Памяці.

— Брэсцкую крэпасць абаранялі воіны розных нацыянальнасцяў і народнасцяў Савецкага Саюза, — сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі. — Сёння мы стаім тут, схіліўшы галовы, каб ушанаваць памяць герояў вайны і яе ахвяр, даць абяцанне берагчы мір, каб перадаць дзецям і ўнукам нашу квітнеючую зямлю. Хачу падзякаваць усім, хто прымаў удзел у стварэнні алеі, ва ўвекавечанні памяці, падзякаваць гасцям з Санкт-Пецярбурга і Башкартастана за ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве.

Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Алег Мурашаў гаварыў аб тым, што ў гэтыя дні мы аплакваем кожнага героя вайны, кожнага абаронцу:

— І тым больш каштоўна, што робяць у Беларусі і Расіі па ўвекавечанні памяці нават праз 80 гадоў. Мы адкрылі Алею Памяці героям, якія першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкай арміі. Сумесная работа — добры прыклад для іншых рэгіёнаў, гарадоў-пабрацімаў Брэста, трэба працягваць пошукавую работу, каб і далей ушаноўваць памяць сыноў і дачок нашых народаў.

У дарогу — трэці раз

А ў поўдзень на брэсцкім вакзале сабраліся людзі, каб сустрэць «Цягнік Памяці». Павіншаваць равеснікаў з гонарам удзельнічаць у сумесным патрыятычным праекце прыйшлі брэсцкія школьнікі.

Гэты ўнікальны беларуска-расійскі праект упершыню стартаваў два гады таму, таксама 21 чэрвеня, у Брэсце. Тады пасажырамі цягніка сталі дзве сотні беларускіх і расійскіх школьнікаў, летась да іх далучыліся равеснікі з Кыргызстана і Арменіі. А цяпер праект пашырыў сваю геаграфію: у падарожжа выправіліся яшчэ і прадстаўнікі Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана, Узбекістана. У складзе каманды памяці па 55 вучняў з Беларусі і Расіі і па 15 іх равеснікаў з названых краін.

Разам яны праедуць па гарадах Беларусі і Расіі. Хлопцы і дзяўчаты наведаюць памятныя мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, сустрэнуцца з ветэранамі, прымуць удзел у тэматычных сустрэчах, убачаць многія славутасці, культурныя, гістарычныя аб’екты. А галоўнае, пазнаёмяцца, будуць шмат камунікаваць, абменьвацца думкамі і меркаваннямі.

«Цягнік Памяці» не мае аналагаў, раней нічога падобнага не праводзілася. Ідэя нарадзілася падчас адной з сустрэч кіраўнікоў верхніх палат парламентаў краін — Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Матвіенка і Старшыні Савета Рэспублікі нашай краіны Наталлі Качанавай. Кандыдаты на ўдзел у патрыятычна-асветніцкім праекце прайшлі адбор на конкурснай аснове. І вось цягнік рушыў у дарогу трэці раз.

У першыя хвіліны сустрэчы на пероне брэсцкага вакзала намеснік старшыні Савета Федэрацыі РФ Канстанцін Касачоў пажадаў школьнікам добрай дарогі, цікавых сустрэч, а яшчэ дакранацца душой і сэрцам да гісторыі, знайсці новых сяброў і ніколі іх не страчваць.

Цікавых незабыўных уражанняў на брэсцкай зямлі пажадаў удзельнікам праекта намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.

Адразу пасля прыбыцця на пероне з карэспандэнтам газеты падзяліліся думкамі ўдзельнікі праекта. Вячаслаў Бахцін з расійскага горада Жукоўскага вельмі рады ўдзельнічаць у паездцы, спадзяецца даведацца многа новага. Мікіта Мікалайчук з Брэста чакае цікавых сустрэч. А Мар’ям Метраліева з Азербайджана сказала, што абавязкова знойдзе новых сяброў. Усе школьнікі гаварылі аб тым, што перад паездкай паабяцалі сябрам і родным дзяліцца ўражаннямі праз здымкі і пасты, прамую трансляцыю.

У Брэсцкай крэпасці адбылася ўрачыстая цырымонія старту беларуска-расійскага праекта. На плошчы Цырыманіялаў да ўдзельнікаў акцыі далучыліся юнармейцы Паста Памяці. Дзеці абмяняліся сімваламі акцыі, разам усклалі кветкі да Вечнага агню.

У канферэнц-зале Брэсцкага аблвыканкама прайшла афіцыйная частка сустрэчы «Цягніка Памяці» ў выглядзе дыялогавай пляцоўкі. Перад яе пачаткам была арганізавана выстава са здымкаў папярэдніх праектаў. Удзельнікі «Цягніка Памяці — 2024» падарылі Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай мадэль цеплавоза — Цягнік Памяці ў мініяцюры, а затым запрасілі на выставу ганаровых гасцей.

Дыялогавая пляцоўка прайшла надзвычай ажыўлена, было шмат выступленняў, пытанняў, адказаў. На пытанні школьнікаў адказвалі віцэ-спікер верхняй палаты расійскага парламента Канстанцін Касачоў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава.

— Вельмі сімвалічна, што самая маладзёжная, самая патрыятычная акцыя праходзіць на гераічнай брэсцкай зямлі, — сказала Рэспублікі Наталля Качанава. — Адсюль мы адпраўляем ужо трэці цягнік памяці і дружбы. Ведаю, як ганарацца сваім удзелам у праекце старшакласнікі. Спадзяюся, што праект дапаможа вам захаваць памяць у вашых сэрцах і вы будзеце з часам перадаваць памяць далей, новым пакаленням. Мы задумалі гэты праект для таго, каб вы самі ўсё ўбачылі і адчулі, каб пачулі праўду аб вайне з першых вуснаў. У вас будзе такая магчымасць.

Наталля Качанава пажадала шчаслівай дарогі і плённай паездкі, сказала, што ўсіх удзельнікаў чакаюць 3 ліпеня ў Мінску. Падрабязнасці аб правядзенні дыялогавай пляцоўкі — у найбліжэйшым нумары «Мясцовага самакіравання».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.