Вы тут

У Кітаі звыш 4500 кампаній у галіне штучнага інтэлекту


У Кітаі налічваецца больш за 4500 кампаній, якія працуюць у галіне штучнага інтэлекту (ШІ), што адлюстроўвае сапраўдны бум ШІ ў краіне. Аб гэтым сведчаць афіцыйныя даныя, прадстаўленыя на галіновым мерапрыемстве, перадае «Сіньхуа».


Адпаведная інфармацыя была агучана намеснікам міністра прамысловасці і інфарматызацыі КНР Шань Чжундэ на цырымоніі адкрыцця Сусветнага інтэлектуальнага ЭКСПА 2024 года ў горадзе Цяньцзінь (Паўночны Кітай). Паводле яго слоў, цяпер у КНР пабудавана 421 дэманстрацыйная фабрыка з інтэлектуальнай вытворчасцю на нацыянальным узроўні і больш як 10 тысяч лічбавых цэхаў і інтэлектуальных фабрык правінцыйнага ўзроўню.

Як падкрэслілі прадстаўнікі ўладаў і эксперты, якія прымаюць удзел у мерапрыемстве, тэхналогіі штучнага інтэлекту — ад чалавекападобных робатаў да аўтаномных транспартных сродкаў — імкліва змяняюць жыццё чалавека. Віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Кітая У Чжаахуэй адзначыў, што такія тэхналогіі, як нейракамп’ютарныя інтэрфейсы і чалавекападобныя робаты, будуць мець практычнае прымяненне ў розных галінах, уключаючы апрацоўчую прамысловасць, транспарт, адукацыю і ахову здароўя. «Тэхналогіі штучнага інтэлекту таксама здольныя стаць трансфармуючай сілай у структуры рэгіянальнага эканамічнага росту і змяніць ландшафт глабальнай канкурэнцыі», — звярнуў увагу ён.

Паводле афіцыйных звестак, у мінулым годзе сукупны аб’ём ключавых галін ШІ ў Кітаі перавысіў 578 мільярдаў юаняў (каля 81 млрд. долараў), павялічыўшыся на 13,9 працэнта ў гадавым вылічэнні. Сёлета ў дакладзе аб рабоце ўрада была прадстаўлена ініцыятыва «ШІ плюс» — стратэгічны крок, закліканы паскорыць развіццё лічбавай эканомікі і стымуляваць трансфармацыю і мадэрнізацыю вытворчых сектараў.

Сусветнае інтэлектуальнае ЭКСПА 2024 года, якое праходзіць да 23 чэрвеня, сумесна арганізавана народнымі ўрадамі Цяньцзіня і горада Чунцын (Паўднёва-Заходні Кітай). Яно аб’ядноўвае два галіновыя мерапрыемствы, раней вядомыя як Сусветны кангрэс інтэлекту ў Цяньцзіні і Кітайская міжнародная выстава інтэлектуальнай індустрыі ў Чунцыне.

Выставачная зона ЭКСПА займае 100 тысяч кв. метраў і ўключае розныя тэматычныя секцыі, прысвечаныя ШІ, інтэлектуальна падключаным транспартным сродкам, інтэлектуальнай вытворчасці і робататэхніцы. Надалей Сусветнае інтэлектуальнае ЭКСПА будзе па чарзе праводзіцца ў Цяньцзіні і Чунцыне.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.