Вы тут

У МУС вызначылі найлепшых участковага інспектара міліцыі і ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх


Пераможцаў і лаўрэатаў XIX рэспубліканскага агляд-конкурсу ўзнагародзілі ў міліцэйскім ведамстве. Перад гэтым супрацоўнікі органаў унутраных спраў з усіх рэгіёнаў краіны на працягу чатырох дзён праходзілі выпрабаванні. Спаборніцтвы атрымаліся не толькі цікавымі, а і карыснымі для далейшай дзейнасці. 


Звяртаючыся да лаўрэатаў і пераможцаў агляд-конкурсу, першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка назваў службы ўчастковых інспектараў міліцыі і ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх найбольш важнымі. «Яны пастаянна на сваіх участках працуюць з нашымі грамадзянамі», — патлумачыў ён. 

Першы намеснік кіраўніка міліцэйскага ведамства нагадаў, што днямі адзначалася сур’ёзная дата — 89-годдзе службы інспектараў міліцыі па справах непаўналетніх. «Служба ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх вельмі складаная і крапатлівая, бо ад вашай работы залежыць многае, — канстатаваў Юрый Назаранка. — У нашага маладога пакалення два шляхі. Першы — весці законапаслухмяны вобраз жыцця, другі — стаць на крымінальны шлях. І наша з вамі асноўная задача, каб нашы непаўналетнія былі законапаслухмянымі грамадзянамі нашай рэспублікі, сапраўднымі патрыётамі. З гэтай мэтай па ўсёй краіне адкрываецца вельмі шмат ваенна-патрыятычных клубаў, класаў, ліцэяў, кадэцкіх вучылішчаў. Для нашых падапечных — гэта тое самае месца, дзе можна паправіць сваю вучобу і дысцыпліну».

Кажучы аб рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі, першы намеснік міністра ўнутраных спраў адзначыў, што ад таго, як яны будуць адносіцца да людзей, залежыць многае. Па яго словах, менавіта ўчастковыя інспектары міліцыі першымі прыбываюць з мэтай папярэджання злачынства, аказання дапамогі і барацьбы са злачынцамі, махлярамі, сямейнымі дэбашырамі. Невыпадкова гэтыя спецыялісты пастаянна падвяргаюцца як псіхалагічнай, так і фізічнай нагрузцы.

«Кожны з вас ужо валодае дастаткова сур’ёзным багажом ведаў, прафесійнымі навыкамі, — звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў агляд-конкурсу, падкрэсліў Юрый Назаранка. — Жадаю, каб з году ў год вы іх не забылі, а толькі ўдасканальваліся. За чатыры дні агляд-конкурсу ў вас была магчымасць падзяліцца вопытам, пэўнымі пачуццямі і даведацца нешта новае, неабходнае для далейшага добрасумленнага і якаснага выканання сваіх абавязкаў». 

Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі і ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх ўдзяляе міністр унутраных спраў. «Імкнёмся рабіць ўсё для таго, каб ваша работа была спакойнай і ўраўнаважанай, — заўважыў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. — У першую чаргу, гэта ўнясенне змяненняў у заканадаўства нашай краіны, каб вам развязаць рукі для больш якаснага выканання сваіх абавязкаў».

Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з пераможцамі. У намінацыі «Найлепшы ўчастковы інспектар міліцыі» перамог старшы ўчастковы інспектар міліцыі Аршанскага РУУС Уладзіслаў Пілюкоў. Маёр міліцыі падзяліўся, што ні адзін год ішоў да перамогі ў рэспубліканскім агляд-конкурсе. Летась спыніўся ў кроку ад перамогі. У такім высокім выніку бачыць не толькі асабісты поспех, а і ўклад сям’і, усёй каманды.

«У першую чаргу я атрымаў бясцэнны вопыт, пазнаёміўся з калегамі з абласцей, набыў не толькі сучасныя навыкі і веды, а і атрымаў магчымасць праверыць іх на практыцы», — расказаў найлепшы ўчастковы інспектар міліцыі краіны. Уладзіслаў Пілюкоў — з афіцэрскай дынастыі. У органах унутраных спраў у свой час служыў і яго бацька, таму сумненняў, якую прафесію выбраць, не ўзнікала. Аб сваім выбары ніколькі не шкадуе. 

Найлепшым участковым інспектарам па справах непаўналетніх стаў участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага РУУС г. Мінска Дзмітрый Кеда. У прафесіі міліцыянер — з 2013 года. Кажа, што доўга ішоў да перамогі ў агляд-конкурсе (удзельнічаў у ім восьмы раз), рады, што атрымалася, удзячны падтрымцы сям’і, калег і членаў каманды. «Калі б не яны, думаю, не змог бы выйграць, у нас была вельмі дружная каманда, і дзякуючы ім я змог перамагчы», — лічыць ён. 

Па словах Дзмітрыя, работа ўчастковага інспектара міліцыі па справах непаўналетніх вельмі цікавая, разнастайная. «Як кажуць, дрэнных дзяцей не бывае, бываюць дзеці, якія дрэнна сябе паводзяць, — звяртае ўвагу ён. — Наша задача — зрабіць усё, каб яны паводзілі сябе добра. Калі заканчваецца правядзенне індывідуальнай прафілактычнай работы ў адносінах да непаўналетняга і дзіця становіцца на шлях выпраўлення, дасягае пэўных поспехаў, гэта не можа не радаваць. Ёсць дзеці, якія пасля правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адзін з маіх падапечных сёлета будзе паступаць у Магілёўскі ліцэй МУС, другі — у Акадэмію МУС. Спадзяюся, у іх атрымаецца».

У камандных намінацыях «Найлепшыя ўчастковыя інспектары міліцыі» і "«Найлепшыя ўчастковыя інспектары па справах непаўналетніх» першае месца заняла каманда ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама — начальнік аддзела прафілактыкі Сяргей Еўстаф’еў, які двойчы падымаўся на сцэну за ўзнагародамі, за гэтым поспехам — вялікая работа, карпатлівая праца кожнага супрацоўніка. 

«Штодзённая работа, адносіны кожнага з канкурсантаў да выканання ўсіх нарматываў, патрабаванняў дазваляюць у далейшым станавіцца чэмпіёнамі, — заўважыў ён. — Дзве гэтыя службы з’яўляюцца ключавымі, бо непасрэдна працуюць з насельніцтвам, першымі прыходзяць на дапамогу. Гэта могуць быць побытавыя, сямейныя пытанні, аказваем кансультацыйную, юрыдычную, псіхалагічную дапамогу. Гэтыя дзве прафесіі вельмі важныя і маюць вельмі вялікую ролю ў грамадстве. Грамадзяне давяраюць супрацоўнікам міліцыі і актыўна дапамагаюць пры выкананні пастаўленых перад органамі ўнутраных спраў задач». 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.