Вы тут

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»


Уклад беларускіх партызан у Вялікую Перамогу — беспрэцэдэнтны факт не толькі ў гісторыі нашай краіны, але і ўсяго свету. Усенародны партызанскі рух, які разгарнуўся на тэрыторыі Беларусі ў гады акупацыі, калі на абарону Айчыны сталі і старыя, і жанчыны, і дзеці, з’яўляецца ўнікальнай старонкай у гісторыі нашай шматпакутнай краіны. У гады Вялікай Айчыннай вайны былі створаны 213 партызанскіх брыгад і 258 асобных атрадаў, з акупантамі гераічна змагалася звыш 374 тысяч народных мсціўцаў. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, больш за 140 тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Найвышэйшага звання былі ўдастоены каля ста народных мсціўцаў.


Істотную ролю партызаны адыгралі ў працэсе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асаблівасцю Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», у ходзе якой наша краіна была поўнасцю вызвалена, стала баявое ўзаемадзеянне партызан з часцямі Чырвонай Арміі. Да пачатку лета 1944 года на беларускай зямлі, у тыле ворага, дзейнічала каля 143 тысяч партызан. Баявыя дзеянні партызан Беларусі атрымалі высокую ацэнку савецкага камандавання. Усе задачы, пастаўленыя перад народнымі мсціўцамі Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, былі паспяхова выкананы. Як і задумвалася, партызаны дэзарганізоўвалі саперніка, зрывалі падвоз яго рэзерваў да лініі фронту, перашкаджалі аператыўнаму перакідванню войскаў паміж франтамі.

З якімі яшчэ задачамі ў гэты найскладанейшы перыяд даводзілася спраўляцца народным мсціўцам, удалося даведацца дзякуючы архіўным дакументам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Яшчэ не так даўно шэраг аператыўных зводак Беларускага штаба партызанскага руху захоўваўся пад грыфам «сакрэтна» або «зусім сакрэтна». Цяпер гэтая найкаштоўнейшая інфармацыя — у адкрытым доступе.

«Мацней удары па нямецкіх акупантах!»

Задачы партызан у сувязі з надыходзячым вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў за подпісам першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнкі яшчэ 23 мая 1944 года былі сфармуляваны ў адпаведнай дырэктыве. Народным мсціўцам загадвалася ўзмацніць удары па камунікацыях і ваенных аб’ектах праціўніка, чыгуначных станцыях, мастах, выводзіць са строю дзеючыя ў іх інтарэсах прадпрыемствы, не даваць немцам вывозіць у Германію нарабаваную маёмасць. Ставілася задача ўсімі мерамі і сродкамі імкнуцца захаваць гарады, сельскія населеныя пункты, прадпрыемствы, жылыя і грамадскія будынкі ад разбурэння немцамі.

Узмацняць барацьбу з праціўнікам у сувязі з пачаткам аперацыі па вызваленні Беларусі было даручана і моладзі. «Цяпер, калі ідуць вырашальныя бітвы за поўны разгром ворага, ад вас патрабуецца ўсямернае ўзмацненне баявой актыўнасці, самаахвярная дапамога Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі ў яе гераічнай рабоце па мабілізацыі ўсіх сіл народа на актыўную барацьбу супраць нямецкіх катаў, на знішчэнне акупантаў, якія адступаюць, іх баявой тэхнікі, на ўсямерную дапамогу Чырвонай Арміі, якая адступае, — сказана ў звароце 5-га пленума ЦК ЛКСМБ да моладзі Беларусі. — Мацней удары па нямецкіх акупантах! Біце іх усюды, усімі сіламі разбурайце шляхі іх адступлення, не давайце немцам разбураць і паліць нашы гарады і сёлы, знішчайце атрады падпальшчыкаў, ратуйце насельніцтва ад знішчэння немцамі і ўгону на фашысцкую катаргу. 

З прыбліжэннем часцей Чырвонай Арміі ўступайце з імі ў сувязь і дапамагайце ўсім, чым можаце...»

Партызаны з усёй адказнасцю паставіліся да даручаных ім задач. У загадзе Асіповіцкага падпольнага райкама КП(б)Б і камандавання Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы сказана асноўную ўвагу ў баявой дзейнасці атрадаў у цяперашні час удзяліць разведцы, арганізаваць сістэматычнае назіранне за гарнізонамі і ўсялякімі змяненнямі, якія ў іх адбываюцца. Разведкам пастаўлена задача дакладна ўстанаўліваць колькасць і нумарацыю часцей, якія адступаюць. Для гэтага дазвалялася выкарыстоўваць усе сродкі, галоўным чынам, захоп «языка». Даручалася ствараць спецыяльныя дыверсійныя групы для мініравання шашэйных і грунтовых дарог, ударныя групы для арганізацыі засад з мэтай знішчэння дробных груп і захопу «языкоў».

Звяртаючыся да камандзіраў і камісараў партызанскіх брыгад, сакратароў падпольных абкамаў і райкамаў КП(б)Б, усіх партызан і партызанак у сувязі з вызваленнем Беларусі, П. Панамарэнка адзначаў, што доблесныя беларускія партызаны і партызанкі аказвалі і аказваюць Чырвонай Арміі вялізную дапамогу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Цяпер, калі разгортваюцца вырашальныя бітвы за поўны разгром ворага, больш чым калі-небудзь патрабуецца ўзмацніць баявую актыўнасць усіх партызан і партызанак, каб сумеснымі ўдарамі Чырвонай Арміі з фронту і партызан з тылу дабіць нямецкіх захопнікаў і наблізіць дзень нашай поўнай перамогі, — сказана ў звароце. — Цэнтральны Камітэт КП(б)Б і ўрад БССР заклікаюць усіх партызан і партызанак выканаць да канца сваю вялікую ролю народных мсціўцаў і мабілізаваць усе сілы для аказання дапамогі пераможным войскам наступальнай Чырвонай Арміі».

«Ні аднаго немца не выпусцім з беларускай зямлі»

Усё новыя і новыя гарады вызваляць чырвонаармейцам дапамагалі партызаны. «Чырвоная Армія бесперапынна гоніць немцаў на захад, не дае ім перадышкі, не дае ім магчымасці астанавіцца (даслоўна. — „Зв“.), — сказана ў звароце Ляхавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б да працоўных Ляхавіцкага раёна ад 29 чэрвеня 1944 года. — У выніку такога маланкавага ўдара немцы не паспяваюць адступаць. Так, у раёне горада Віцебска 26 чэрвеня было акружана 5 пяхотных дывізій немцаў. Па выпадку адказа папаўшых у акружэнне здацца ў палон, групоўка была знішчана. Налічана больш 20 тысяч трупаў немцаў. Толькі апошнія 10 тысяч склалі зброю і здаліся ў палон».

Паведамляецца, што 27 чэрвеня 1944 года было акружана пяць варожых дывізій у раёне Бабруйска. У баях за Магілёў разгромлена 12-я пяхотная дывізія немцаў, камандзір якой генерал-лейтэнант Бамлер узяты ў палон разам з яго штабам. Таксама ў палон трапіў камендант Магілёва генерал-маёр Эрдмансдорф. У звароце даюцца парады насельніцтву: закопваць маёмасць, уганяць у лясы жывёлу, уцякаць бліжэй у лясы да размяшчэння партызанскіх атрадаў.

«Час помсты настаў! — сказана ў партызанскім звароце да працоўных Ляхавіцкага раёна. — Працоўныя Ляхавіцкага раёна, актыўней супрацоўнічайце з партызанамі і часцямі Чырвонай Арміі. Усюды падсцерагайце гадаў немцаў, дзе яны будуць імкнуцца паліць нашы вёскі, грабіць і знішчаць маёмасць. Сачыце за немцамі, за мініраваннем дарог, мастоў і будынкаў. Бесперапынна, на кожным кроку, знішчайце і біце агідных немцаў. Ні аднаго немца не выпусцім з беларускай зямлі. Смерць і пракляцце нямецка-фашысцкім захопнікам!»

З мэтай абароны насельніцтва партызаны злучэння Мінскай вобласці пад камандаваннем І. Бельскага пад моцным прыкрыццём у раёне в. Мецявічы праз раку Случ пабудавалі паром, па якім у лес перапраўлялі насельніцтва, скаціну, маёмасць. У ноч на 30 чэрвеня брыгады планавалі засяродзіцца на подступах да Старобіна, каб штурмаваць яго з мэтай захопу.

«Вяду баі, затрымліваю рух праціўніка па бальшаках і дарогах»

Выконваючы абавязкі камандзіра партызанскага злучэння «Трынаццаць» Магілёўскай вобласці, С. Пахомаў 30 чэрвеня дакладваў начальніку опергрупы БШПР на 3-м Беларускім фронце А. Архангельскаму, што яго падраздзяленне злучылася з Чырвонай Арміяй. «Вяду баі, затрымліваю рух праціўніка па бальшаках і дарогах, — паведамляе Пахомаў. — Генерал Файфер падарваны ў танку, забіты. Яго ўзнагароды і знакі адрознення знаходзяцца ў мяне. Дакументы і абмундзіраванне яго згарэлі. Асоба генерала ўстаноўлена апытаннем імяннога кіроўцы танка і з канвою генерала».

Камандзір партызанскага атрада «За Савецкую Беларусь» дакладваў у штаб Асіповіцкага партызанскага злучэння аб тым, што за тры дні, з 28 да 30 чэрвеня 1944 года, народныя мсціўцы знішчылі восем паліцэйскіх, 358 нямецкіх салдат і афіцэраў, паранілі і ўзялі ў палон 28 нямецкіх ваеннаслужачых. За аналагічны перыяд партызанская брыгада Блохіна на Крулеўшчызненскім напрамку разграміла 601-ы полк 201-й ахоўнай дывізіі ворага. Народныя мсціўцы забілі і нанеслі раненні 375 салдатам і афіцэрам Вермахта, узялі ў палон 36 салдат і трох афіцэраў. У ноч на 29 чэрвеня партызаны брыгады Кухарэнкі на чыгунцы Полацк — Дзвінск пусцілі пад адхон эшалон праціўніка, а брыгады Грыгор’ева ў ноч на 1 ліпеня ўзарвала масты на шашы Полацк — Клясціцы і Задзеж’е — Дзярновічы.

Сіламі ваенна-аператыўнай групы пры Бялыніцкім РК КП(б)Б у выніку бою з гітлераўцамі 28 і 29 чэрвеня знішчылі 11 аўтамашын, падбілі танкетку, фургон і два матацыклы, забілі каля сотні нямецкіх салдат, аднаго ўзялі ў палон. У баі ў ноч на 30 чэрвеня партызаны таксама рашуча расправіліся з сіламі ворага і яго тэхнікай, а самае галоўнае, выратавалі ад угону ў Германію каля тысячы мірных грамадзян. Такіх паведамленняў, дзе камандзіры партызанскіх фарміраванняў рапартуюць аб сваіх поспехах, у Нацыянальным архіве захоўваецца нямала.

У сувязі з поўным вызваленнем Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, якое пачалося 4 ліпеня 1944 года, СНК БССР, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР і ЦК КП(б)Б звярнуліся да беларускага народа са словамі прывітання і баявога закліку. Асаблівыя словы ўдзячнасці ў звароце былі адрасаваны партызанам: «Партызанскі рух у Беларусі стаў усенародным. Ад краю да краю па загадзе таварыша Сталіна, пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі з першых дзён Айчыннай вайны падняўся са зброяй у руках беларускі народ супраць ненавісніцкіх нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая барацьба найярчэйшай старонкай увойдзе ў гісторыю Айчыннай вайны як бяспрыкладны подзвіг народа ў імя і ў славу сваёй Радзімы».

Так і атрымалася. Нягледзячы на тое, што 3 ліпеня Мінск быў вызвалены, выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі працягвалася. Народныя мсціўцы дапамагалі рэгулярным часцям набліжаць Вялікую Перамогу.

Вераніка КАНЮТА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.