Вы тут

У «Беларусьфільма» ёсць шэраг добрых навін для прыхільнікаў беларускага кіно


Кінастудыя «Беларусьфільм» мае шэраг добрых навін для прыхільнікаў беларускага кіно. Пра гэта на адной з нядаўніх сустрэч распавялі нашы кінавытворцы і прадстаўнік Міністэрства культуры. Акцэнт у размове зрабілі менавіта на тым, якія кінастужкі рыхтуюцца да сустрэчы з гледачамі ў найбліжэйшай перспектыве і над якімі ідзе актыўная работа, каб паскорыць іх з’яўленне на вялікім экране.


— Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» працягвае актыўна працаваць. Ідуць здымкі адных карцін і завяршаецца работа над іншымі. Сёлета ў планах выпуск 25 карцін. У маі стартаваў паказ фільма «Час вярнуцца», а восенню чакаем прэм’еру «Чорнага замка». А, напрыклад, кінаработа «Дзяржаўная сімволіка» (падрыхтоўка да здымак якой вядзецца) аб’яднае ў сабе элементы ігравога і дакументальнага кіно. Мы прывыклі, што пра дзяржаўныя сімвалы расказваюць звычайна строга і афіцыйна, а тут мы ўбачым, як гэтую тэму ўспрымае моладзь. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам карціны выступае Кірыл Халецкі, — распавяла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. — Завяршаецца таксама вытворчасць трох анімацыйных фільмаў. На 27 чэрвеня запланавана адна з прэм’ер поўнага метра ў гэтым жанры. Пакуль іншыя здымаюць казкі, фэнтэзі і гэтак далей, наша кінастудыя не шукае лёгкіх шляхоў, не паўтарае сваіх калег, а здымае фільм пра мемарыяльныя комплексы нашай краіны, створаныя на месцах трагічных падзей альбо гераічных бітваў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Ён будзе з элементамі дакументалістыкі.

Працавалі над праектам вядомыя беларускія рэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Таццяна Кубліцкая, Наталля Касцючэнка, Ірына Тарасава, Аляксандр Ленкін. І, як адзначылі прадстаўнікі кінастудыі, на прэм’еры будзе прэзентаваны 52-хвілінны метр, а пасля яго можна будзе ўбачыць і ў выглядзе асобных серый.

Рыхтуюцца да сустрэчы з гледачом і яшчэ дзве прэм’еры — гэта «Песня Сірын» (першы ў Беларусі поўнаметражны 3D-мультыплікацыйны фільм) і кінаработа для юнага гледача «Дзяржаўныя сімвалы. Каляндар свят».

Аднавіў «Беларусьфільм» такую форму работы з гледачом, як перадсеансавыя ролікі, якія, калі помніце, раней былі абавязковым элементам паходу ў кіно. Такія ролікі з цыкла «Гонар Беларусі» пра нашы вядучыя прадпрыемствы, установы культуры, заводы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы створаны і выходзяць у пракат. Вядома, працягваюць на кінастудыі здымаць і дакументальныя фільмы. Сярод тэм, якія запатрабаваны сёння пракатам і цікавыя для ўвасаблення рэжысёрам, — два фільмы пра генацыд беларускага народа, зробленыя сумесна з Генеральнай пракуратурай, і трылогія, прысвечаная гісторыі беларускага кіно. У гэтым шэрагу і кінаработы пра вядомых беларусаў — Аляксея Талая, Аляксандра Мядзведзя.

— Кінастужка «Мара чэмпіёна» рэжысёра Уладзіміра Мароза раскажа пра Аляксандра Мядзведзя і яго мару. Сам герой распавядзе пра тое, як доўга ён ішоў да стварэння ўласнай школы барацьбы, у якой цяпер займаюцца юныя спартсмены і таксама становяцца чэмпіёнамі... У нас у вытворчасці знаходзіцца парадку 11 фільмаў рознай жанравай і тэматычнай накіраванасці. Сёлета 17 снежня спаўняецца 100 гадоў беларускаму кіно, якое пачалося фільмам «Забітая жыццём» ці іншым фільмам «Лясная быль». Кіназнаўцы да сёння спрачаюцца, які з іх з’явіўся раней. Таму наш фільм «Трэст, які не трэснуў» рэжысёра Юрыя Цімафеева якраз раскажа пра зараджэнне беларускага кіно і яго развіццё да 1950 года. Закранецца там і Ленінградскі перыяд. Перыяд дзейнасці студыі ў Алматы ў Казахстане, — дзеліцца рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Анастасія Мулярова. — А працягне гэтую тэму рэжысёр Яўген Сяцько з фільмам «Залатая эпоха» — гэта аповед пра залаты век у гісторыі беларускага кіно — 1960–1980-я гады. І атрымаецца такая гісторыя ў асобах, дзе будуць інтэрв’ю вядомых рэжысёраў, акцёраў і іншых супрацоўнікаў сферы беларускага кіно. Фільм «Дэманстратар» таксама адносіцца да гэтай тэмы, расказвае пра развіццё кінатэатраў у нашай краіне. Важнымі фільмамі таксама з’яўляюцца «Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці» рэжысёра Аляксандра Анісімава. Кінастужкі прысвечаны генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты рэжысёр працуе яшчэ і ў ігравым кіно, таму ў агучаных фільмах будуць прысутнічаць мастацкія сцэны. Нас чакае дынамічны аповед. І фільм «Галоўная крэпасць» пра подзвіг Дзмітрыя Карбышава ад рэжысёра Дзмітрыя Лося. А «Белавежская пушча» і «Нацыянальны парк Прыпяць» Ігара Бышнёва — для аматараў навукова-папулярнага кіно.

— Акрамя гэтага, па выніках конкурсу (адзін ужо завяршыўся, а другі працягваецца), прапаноў ад нашых сцэнарыстаў, рэжысёраў, пачынаецца вытворчасць такіх фільмаў, як «Класная дама» (рэжысёр Ігар Чацверыкоў). Фільм прысвечаны школе і настаўнікам Беларусі. Сцэнарый Андрэя Курса быў адабраны па выніках конкурсу. Вялікую дапамогу і ў частцы кансультацый, і выдзялення месца для здымак аказвае Міністэрства адукацыі, — дадала Ірына Дрыга. — Сумесна з Міністэрствам абароны (ва ўжо добра зарэкамендаваным тандэме) Таццяна Команава і Іван Паўлаў распрацоўваюць праект, які прысвечаны нашым загінулым лётчыкам-героям Беларусі — фільм «Адно на дваіх».

Варта чакаць і фільмаў на спартыўную тэматыку, кінастужку, прысвечаную нашаму партызанскаму камандзіру Мінаю Шмырову... І, вядома, з’яўленне кожнага кінапраекта — гэта вялікая праца каманды «Беларусьфільма». Як растлумачыла прадстаўнік Міністэрства культуры, да работы на кінастудыі далучаюцца сёння не толькі штатныя рэжысёры і спецыялісты розных узростаў, але і моладзь: «Людзі імкнуцца працаваць і рэалізоўваюць свае прапановы. А кінастудыя і Міністэрства культуры стараюцца дапамагчы ў ажыццяўленні такіх ідэй. Галоўны вынік — не толькі творчае самавыяўленне рэжысёра, але і стварэнне фільма, які будзе запатрабаваны гледачом».

Напрыклад, лічбы пракату нядаўняга фільма «Кіношнікі» рэжысёра Кірыла Халецкага сведчаць, што яго па выніках мінулага года паглядзела 50 тысяч гледачоў. З улікам таго, што паказ кінастужкі працягваецца ў рэгіёнах, пераходзіць на тэлебачанне і пасля з’явіцца на інтэрнэт-платформах, то з часам яго агульная аўдыторыя будзе значна большай. Дарэчы, як падзяліўся сам рэжысёр, нядаўна кінастудыя атрымала права пракату «Кіношнікаў» на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. А значыць, з нашым кіно пазнаёмяцца і там. «Некаторыя пракатчыкі агучылі жаданне паказаць рэжысёрскую версію гэтага фільма ў кінатэатрах. Прапанову мы вітаем, бо яна дае магчымасць паглядзець „Кіношнікаў“ тым, каму яны спадабаліся, альбо тым, хто яшчэ не паспеў кінастужку ўбачыць. Цяпер такая магчымасць будзе. Спадзяюся, усё ў нас атрымаецца», — сказаў Кірыл Халецкі.

Увогуле, прагляды кінастужак — гэта і ёсць галоўны вымяральнік поспеху кінавытворцаў. І хочацца верыць, што работы беларускіх рэжысёраў ва ўсіх жанрах і тэмах знойдуць сваю аўдыторыю.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Чые імёны схаваны ў цітрах?

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.