Вы тут

Звыш 160 афіцэраў атрымалі дыплом факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл


Гэты важны дакумент, а таксама нагрудны знак аб заканчэнні факультэта выпускнікам Ваеннай акадэміі ўручылі прадстаўнікі вышэйшага ваеннага кіраўніцтва краіны.


Адным з першых афіцэраў павіншаваў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Выпуск слухачоў факультэта Генштаба ён назваў не толькі важнай падзеяй для ўласна герояў мерапрыемства, але і для ваеннай арганізацыі, у цэлым краіны. «Асабліва ўлічваючы тую няпростую ваенна-палітычную абстаноўку, якая складваецца вакол Рэспублікі Беларусь, — удакладніў дзяржсакратар. — Сёння Злучанымі Штатамі і іх падзвіжнікамі з блока НАТА беспрэцэдэнтна нарошчваецца ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце, ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. Не спыняецца ваенны канфлікт на тэрыторыі суседняй з намі дзяржавы — Украіны, куды Захад усімі сіламі спрабуе ўцягнуць Рэспубліку Беларусь. Краіны на заходніх рубяжах нашай дзяржавы таксама агрэсіўна адносяцца да нас і нашага стратэгічнага партнёра — Расійскай Федэрацыі: павялічваюць ваенную прысутнасць, укладваюць грошы ў ваенныя бюджэты на шкоду эканамічных інтарэсаў сваіх народаў, павялічваюць колькасць вучэнняў, на сістэматычнай аснове праводзяць разведку нашай тэрыторыі, штодзённа ажыццяўляючы палёты ўздоўж граніц нашай краіны».

Каб пазбегнуць самага горшага сцэнарыя, па словах Аляксандра Вальфовіча, кіраўніцтвам краіны, ваеннай арганізацыі выпрацаваны комплекс мер. «І сёння вашы веды актуальныя як ніколі і запатрабаваны, сёння вы патрэбны краіне, структурам сілавога блока, — звяртаючыся да выпускнікоў факультэта Генштаба, падкрэсліў ён. — Гістарычна склалася, што свабода і незалежнасць, мір і бяспека каштуюць дорага. І мы абавязаны з вамі абараніць іх, забяспечыць бяспеку нашай дзяржавы, нашага беларускага народа».

Як звярнуў увагу міністр абароны Віктар Хрэнін, выпуск слухачоў праходзіць напярэдадні найважнейшай падзеі — 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. «Падзеі апошняга часу паказваюць, што незалежнасць краіны даецца няпростай цаной, — дадаў ён. — Свет, на жаль, не становіцца больш бяспечны. Нарастае дысбаланс у структуры агульнай сістэмы міжнароднай бяспекі. Гарачы канфлікт развязаны Захадам каля нашых граніц. Сёння мы ў поўнай меры адчуваем спробы ўцягнуць Беларусь у вайну. У гэтых умовах дзяржавай робіцца ўсё, каб гэтага не дапусціць, захаваўшы мірнае неба над нашай краінай».

Па яго словах, адным з найважнейшых фактараў недапушчэння вайны на нашай зямлі з’яўляюцца добра абсталяваныя і падрыхтаваныя Узброеныя Сілы, гатовыя да выканання задач у любых умовах абстаноўкі. «Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сярод найважнейшых задач вызначыў якаснае пераўтварэнне арміі і ўдасканаленне сістэмы абароны краіны, — падкрэсліў кіраўнік ваеннага ведамства. — Прыярытэтную ўвагу кожны з вас, выпускнікоў, павінен удзяліць баявой падрыхтоўцы. Тым больш што ва Узброеных Сілах 2024 год з’яўляецца Годам палявой вывучкі. Менавіта вам, паважаныя таварышы, трэба будзе павышаць узровень баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці аб’яднанняў, злучэнняў і воінскіх часцей, вывучкі, зладжанасці органаў ваеннага кіравання і войск, навучаць іх сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы».

Міністр абароны падкрэсліў, што выпускнікі факультэта Генштаба — людзі, якія першапачаткова сваім лёсам выбралі служэнне Айчыне. «Гэта людзі, якія ўласным прафесіяналізмам, бездакорнай службай атрымалі права кіраваць вялікімі воінскімі калектывамі, гэта сапраўдныя ваенныя прафесіяналы, і, самае галоўнае, выпускнік Ваеннай акадэміі — гэта заўсёды чалавек з глыбокім дзяржаўным мысленнем і патрыёт сваёй краіны, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Заўсёды і ўсюды з няўхільнай цвёрдасцю прыводзьце ў жыццё дзяржаўную палітыку, вучыце сваіх падначаленых абараняць нацыянальныя інтарэсы так, як гэта робіць наш Прэзідэнт».

Выпускнікоў факультэта Генштаба недарэмна называюць элітай Узброеных Сіл. Сярод іх — і вядомыя ў арміі людзі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у ваенным кіраванні краінай. Свой запаветны дыплом атрымаў, напрыклад, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч, які знаходзіўся ва ўнікальнай сітуацыі — з’яўляўся і слухачом, і камандзірам-настаўнікам. У размове з журналістамі генерал-маёр падзяліўся, што яго, як і іншых выпускнікоў, перапаўняе пачуццё гонару. «Мы разумеем і ўсведамляем, што на нашых плячах ляжыць адказнасць за забеспячэнне бяспекі і мірнага неба над нашай краінай, — канкрэтызаваў ён. — Ваенна-палітычная абстаноўка вакол нашай краіны вельмі складаная. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, порах неабходна трымаць сухім. Таму нашы Узброеныя Сілы высокамабільныя, маюць сучасныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Другі найважнейшы момант — баявая падрыхтоўка асабовага складу. Рэгулярна праходзяць вучэнні, трэніроўкі, што дазваляюць мець высокападрыхтаваны асабовы склад Узброеных Сіл, які заўсёды гатовы выканаць пастаўленыя задачы і задачы па прызначэнні».

Маёр Ганна Тычынская — адзіная жанчына сярод выпускнікоў факультэта Генеральнага штаба гэтага года. Служыць будзе на ваеннай кафедры БДТУ. «Перапаўняюць пачуцці радасці і гонару, вельмі ўдзячная, што мне выпала такая магчымасць навучацца на факультэце Генеральнага штаба Узброеных Сіл, — падзялілася ваеннаслужачая. — Жанчыне, безумоўна, складана канкурыраваць з мужчынамі, насіць пагоны — вялікая адказнасць, але я імкнулася з годнасцю прайсці ўвесь курс навучання. Веды, якія набыла тут, абавязкова спатрэбяцца ў маёй далейшай дзейнасці».

Вераніка КАНЮТА

Фота Міністэрства абароны

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.