Вы тут

Дзе самыя моцныя людзі, якая праца найлепшая і аб чым трэба казаць без прыўкрас


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.


Фота: БелТА

1. «Нам трэба мабілізавацца. Надвор’е пакуль добрае. Дай бог, каб далей было так. Мы чакаем нядрэнны ўраджай, але яго трэба ўзяць. Няхай у нас будуць лішкі збожжа і гэтак далей. Гэта ж ніколі не перашкодзіць. Гэта золатавалютны наш запас», — падкрэсліў беларускі лідар, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку. Сярод глабальных пытанняў кшталту эканомікі, міжнароднага супрацоўніцтва і іншых, не варта забывацца і на «зямныя» пытанні, звязаныя з сельскай гаспадаркай. Тым больш, што ўборачная кампанія 2024 ужо на старце. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці ўжо пачалі ўбіраць азімы ячмень, аб чым дакладваў Прэзідэнту старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Да збору ўраджаю заўжды падключаліся і прафсаюзы. «Я б папрасіў вас, каб гэта была перш за ўсё дапамога, падтрымка і ўдзел прафсаюзаў у гэтай рабоце, а не нейкія кантрольна-назіральныя функцыі. Кантралёраў у нас хапае. А прафсаюзы, наколькі я памятаю сваю работу, асабліва ў сельскай гаспадарцы, заўсёды былі ў мяне правай рукой. І мы разам арганізоўвалі і харчаванне, і абслугоўванне, асабліва механізатараў, у перыяд уборачнай кампаніі. Ну і кантроль за выплатай заработнай платы, каб людзі менш скардзіліся на кіраўніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы, прымаючы з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько. 

2. «Рэспубліка Беларусь — мірная краіна, заўсёды адкрытая для раўнапраўнага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Мы нікому ніколі не пагражалі. Больш за тое, адкрыта (у адрозненне ад іншых краін) даводзім нашы падыходы ўсім. Хто хоча гэта пачуць — той пачуе, нават калі і не хоча», — заявіў беларускі лідар на пасяджэнні Савета Бяспекі, прысвечаным праекту нарматыўнага прававога акта, які рэгулюе ацэнку стану нацыянальнай бяспекі ў краіне. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што толькі замацаваць асобныя палажэнні ў нарматыўных прававых актах недастаткова. Прыйшоў час укараніць гэтыя падыходы ў практыку.«Гэта значыць, мы павінны мець дакладнае ўяўленне аб тым, што рэальна адбываецца ўнутры краіны і вакол яе: ваенная бяспека, эканоміка, сацыяльная, палітычная сферы і іншыя. Без прыўкрас, максімальна выверана і аб’ектыўна», — канкрэтызаваў ён. 

3. «Няма лепшай працы, чым у сельскай гаспадарцы. Я прайшоў гэта. Самая цікавая тут праца. Жывыя людзі, жывая жывёла, жывыя расліны і вынік кожны год. На першым месцы, безумоўна, вынік», — адзначыў Прэзідэнт падчас наведвання ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» ў Дзяржынскім раёне. Тым больш, што сёння працаваць у сельскагаспадарчых арганізацыях зручна і цікава. На змену старым фермам прыходзяць сучасныя малочнатаварныя комплексы, ад якіх, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, айчынная сельская гаспадарка ўжо не адыдзе. 

4. «Калі кожны чалавек, пачынаючы з дзяцінства, будзе клапаціцца пра сваё здароўе (хаця б мінімальна), не трэба будзе ў аптэку хадзіць і ў бальніцу. І для таго, каб вы не хадзілі па аптэках і бальніцах, мы будуем “цэнтры здароўя”», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Алімп» у Дзяржынску. Па яго словах, на падобныя цэнтры попыт ёсць у кожным раёне. Будуюцца яны для таго, каб людзі клапаціліся пра сваё здароўе. «І самае галоўнае — для таго, каб дзеці нашы мелі магчымасць займацца спортам. Я буду вельмі рады, калі з часам пачую, што чэмпіёны Еўропы, Свету, Алімпійскіх гульняў выйдуць адсюль. А гэта магчыма: самыя моцныя людзі — у раёнах», — заявіў Прэзідэнт.

5. «Мы будзем вельмі сур’ёзна гэты горад развіваць. Мы будзем тут будаваць вытворчыя магутнасці: заводы, фабрыкі, развіваць сельскую гаспадарку (яна ў вас у нядрэнным стане, я праблем не бачу). Што да прамысловасці, тут дастаткова прадпрыемстваў — з Мінска людзі пачынаюць вяртацца... Хочаш жыллё — калі ласка, ідзі працуй на прадпрыемства, як гэта было калісьці, атрымлівай арэнднае жыллё, жыві, пройдзе 25, можа, 30 год, і ты гэта жыллё, можа, як і ў сельскай гаспадарцы, бясплатна атрымаеш. Падумаем сур’ёзна над тым, як падтрымаць нашых прамыслоўцаў жыллём», — заявіў Прэзідэнт, размаўляючы з жыхарамі Дзяржынска. Па яго словах, сёння варта ўдзяліць увагу гарадам-спадарожнікам Мінска, стварыць у іх належныя ўмовы для працы і жыцця. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.