Вы тут

У Музеі гісторыі горада Гомеля працуе выстаўка жывапісу


У Музеі гісторыі горада Гомеля працуе выстаўка жывапісу «Зямля, што нам дадзена лёсам» Віктара Барабанцава. У экспазіцыі — творы, падораныя мастаком Гомелю і музею, у тым ліку цыкл карцін, прысвечаны трагедыі Чарнобыля.


Віктар Барабанцаў нарадзіўся 28 жніўня 1947 года ў Гомелі. Прафесійную мастацкую адукацыю атрымліваў у Мінску — скончыў мастацкае вучылішча і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У свой час яго настаўнікамі былі Мікалай Залозны, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак... 

Шмат гадоў мастак працуе ў станковым і манументальна-дэкаратыўным жывапісе. Плён яго працы заўважаны і высока ацэнены калегамі і прафесійнай суполкай. Віктар Барабанцаў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (2018). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (1999), медалём Францыска Скарыны (2010), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2012). Лаўрэат прэміі прафсаюзаў Беларусі (1990) і прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2001). Творы Віктара Кірылавіча знаходзяцца ў фондах галоўных музейных збораў Беларусі і ў прыватных калекцыях многіх краін свету. 

Стварае мастак у напрамку рэалізму, то-бок, мэта Віктара Барабанцава — найболей поўна і адэкватна адлюстраваць рэчаіснасць у яе разнастайнасці і тыповых рысах. Між тым неабыякавы ён да характэрных сімвалаў і метафар, што выразна відаць па творах выстаўкі «Зямля, што нам дадзена лёсам». Яркі прыклад — складнікі трыпціха, прысвечанага тэме Чарнобыльскай аварыі: у яго аснову пакладзены хрысціянскія вобразы: свечка, анёл, крыж... 

На працягу ўсяго творчага шляху Віктар Барабанцаў выяўляе сябе як мастака-верніка. Пра гэта сведчыць і створанае ім на працягу жыцця (у тым ліку ўдзел і ў роспісе беларускіх храмаў), і відавочная павага да сакральнага мастацтва, і стаўленне да матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны, да яе мінулага і сучаснасці, так ці інакш звязаных з рэлігійнай традыцыяй. А яшчэ адно сведчанне — стасункі з часам, бо для твораў мастакоў з падобным светапоглядам і увагай да хрысціянскай веры характэрна не самая цесная сувязь з усім злабадзённым. Нярэдка на іх палотнах час запавольваецца ці ўвогуле спыняецца. Гэта можа тычыцца і саміх сюжэтаў, і кампазіцыйных рашэнняў, і ключавых вобразаў... Нават калі гаворка ідзе аб партрэтах, а ў гэтым жанры Віктар Барабанцаў таксама вельмі шмат здзейсніў, — немагчыма без падказак здагадацца, калі яны былі напісаны: сёння ці гадоў трыццаць таму — настолькі адчувальны ў іх уплыў традыцыі, настолькі моцна замацаваныя правілы сусвету мастака. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.