Вы тут

Ноч памяці


У Брэсцкай крэпасці прайшлі маштабныя мерапрыемствы з нагоды Усенароднага Дня памяці ахвяр вайны і генацыду беларускага народа. Кульмінацыяй стаў мітынг-рэквіем.  Як і ў папярэднія гады, дні 21-22 чэрвеня ўмясцілі вельмі вялікую і разнастайнную праграму мерапрыемстваў. І самыя важныя, самыя кранальныя і шчымлівыя з іх прайшлі ў крэпасці. З самага ранку многія жыхары і госці горада прыйшлі на Гарнізонныя могілкі, каб аддаць даніну пашаны абаронцам, якія тут пахаваны. 


Фактычна цэлы дзень крэпасць наведвалі розныя дэлегацыі, патокам ішлі экскурсанты. Увечары быў дадзены старт яшчэ адной патрыятычнай акцыі — «Цягнік Перамогі». А ў 19 гадзін па традыцыі прайшла прыгожая імпрэза — «Баявы разлік». Каля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй ў бяссмерце крочаць» Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правёў акцыю памяці.

Гэта мерапрыемства штогод ладзіцца ля сцен Брэсцкай крэпасці ў гонар герояў-пагранічнікаў, тых, хто 21 чэрвеня 1941 года ў 19 гадзін прайшоў рытуал прызначэння на ахову дзяржаўнай граніцы — баявы разлік, які аказаўся апошнім, бо ў першыя ж хвіліны вайны ў бой з праціўнікам уступілі байцы пагранічных нарадаў. І нягледзячы на тое, што падраздзяленням германскай арміі на захоп кожнай з застаў адводзілася па адной гадзіне, нашы вартавыя мяжы трымаліся многія гадзіны, нават дні. Абараняліся да апошняга байца, да апошняга патрона. 

Цяпер у іх гонар, а таксама ў гонар усіх пагранічнікаў, якія загінулі ў гады вайны, на плошчы перад помнікам героям граніцы выстраіліся курсанты Інстытута пагранічнай службы з партрэтамі байцоў Беларускай паранічнай акругі. Пачынаецца пераклічка: 

— Начальнік 9 заставы 105-га пагранатрада Іларыён Сямёнавіч Аляксееў! 
— Кулямётчык 1-й заставы 17-га пагранатрада чырвонаармеец Міхаіл Васілевіч Андрыянаў! 
— Начальнік 9-й заставы 17-га пагранатрада герой Савецкага Саюза Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў!.. 

І адказ у кожным выпадку быў аднолькавы: «Паў смерцю храбрых за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы». 

Дзякуючы пошукавай рабоце курсантаў Інстытута пагранічнай службы ў гэтым годзе месца ў «Баявым разліку» занялі партрэты пагранічнікаў Івана Парынава і Аляксея Лапаціна, імем якога названая пагранічная застава «Дзівін» Пінскага пагранічнага атрада. 

А на вуліцы Савецкай тым часам праходзіў марш рэканструктараў. Карцінку апошняга мірнага дня стваралі ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў разам са студэнтамі вышэйшага тэатральнага вучылішча імя М. С. Шчэпкіна з Масквы. 

Кульмінацыяй Дня памяці і жалобы стаў мітынг-рэквіем, які сабраў вакол плошчы Цырыманіялаў, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, каля 20 тысяч чалавек. Адных толькі афіцыйных дэлегацый было каля чатырох дзясяткаў. 
Да ўдзельнікаў мітынга звярнуўся прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён адзначыў, што ў гісторыі кожнага народа ёсць падзеі, памяць пра якія свяшчэнная. Для беларусаў такой з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна: «Наша зямля першай прыняла на сябе ўдар фашысцкай ваеннай машыны. Брэсцкая крэпасць стала перадавым рубяжом абароны, дала захопнікам рашучы адпор... Беларусы беражліва захоўваюць памяць. Праўда аб вайне служыць сур’ёзным папярэджаннем чалавецтву... Амаль кожны дзень адкрываюцца новыя жахлівыя старонкі вайны. Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа дадаткова ўстаноўлена 98 месцаў гвалтоўнага ўтрымання людзей, 3253 часткова альбо цалкам спаленыя вёскі. У гады нацысцкай акупацыі было забіта больш за тры мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, звыш 380 тысяч чалавек трапілі ў нямецкае рабства...»

— Мы нікому не дазволім парушыць мір, які заваявалі для нас продкі, а таксама адняць у нас нашу незалежнасць, – заявіў прэм’ер-міністр і дадаў: –  Адзінства народа і моцная дзяржава — гарнтыя міру і бяспекі! 

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што сёлета краіна святкуе 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: «Гэты год асаблівы і для расіян. Перамога недзялімая, Перамога адзіная для ўсяго савецкага народа. У гераічнай Брэсцкай крэпасці яшчэ раз усведамляеш маштаб подзвігу, ахвяраў і пакут, якія выпалі на долю савецкага народа».

Пасля мітынгу адбылася тэатралізаваная пастаноўка, у якой прынялі ўдзел каля тысячы чалавек. Адным з самых шчымлівых і эмацыйных момантаў начных мерапрыемсттваў, на маю думку, заўсёды становіцца спусканне вянкоў па Заходнім Бугу, якое праводзяць вартавыя мяжы. У памяць пра загінулых па даўняй традыцыі на ваду спускаюцца вянкі з запаленымі свечкамі. Іх пранеслі і апусцілі ў раку сённяшнія вайскоўцы, равеснікі тых, хто аддаў жыццё ў 41-м. Як толькі вянкі паплылі па вадзе, у неба ўзляцелі белыя шары, нібы светлыя душы загінулых. Усё гэта – моўчкі, што выклікае асаблівыя трапяткія пачуцці: вось тут яно ўсё адбывалася! 

Цырымонія ўскладання кветак — таксама абавязковы рытуал начнога мітынгу. Да Вечнага агню і некропаля, пад плітамі якога ляжаць 1038 абаронцаў крэпасці (хоць увекавечана толькі 277 імёнаў, астатнія застаюцца невядомымі) ускладаюць кветкі кіраўнікі Брэста і вообласці, а таксама шматлікія госці мерапрыемстваў. 

На Кобрынскім умацаванні тым часам пачыналася ваенна-гістарычная рэканструкцыя. У ёй прымалі ўдзел больш за 300 рэканструктараў з розных краін свету. Перад гэтым рэканструктары некалькі дзён жылі ў лагеры, праводзілі рэпетыцыі, ужываліся ў ролю. Тэатралізавана-рэканструкцыйныя дзеі на полі сталі лагічным працягам мерапрыемстваў на плошчы Цырыманіялаў. 

...Рэканструкцыя пачалася з карцінкі апошняга мірнага дня, калі ў крэпасці ішлі заняткі па баявой і страявой падрыхтоўцы, побач гулялі дзеці камандзіраў, на пляцоўцы ля казематаў праходзіў канцэрт, пасля яго былі танцы... А потым — грукатанне снарадаў, свіст куль, крыкі і стогны. З выкарыстаннем фанаграм артысты і рэканструктары паказалі фрагменты артабстрэлу, нямецкай танкавай атакі, а таксама контратакі маленькай групы абаронцаў, мужнае супраціўленне байцоў і камандзіраў, захоп ў палон раненых, жанчын і дзяцей крэпасці. 

Рэканструкцыя працягвалася каля гадзіны. Паглядзець на адноўленыя падзеі 41-га года сабраліся тысячы гледачоў. 

Карэспандэнт газеты папрасіла падзяліцца ўражаннямі жыхароў, гасцей горада і ўдзельнікаў мерапрыемстваў. 

Марына Гуранда, Ніжні Ноўгарад:

— Мяне звязвае з Брэстчынай гістарычная памяць маёй сям’і. Мой дзед ў 1941 годзе служыў ў адной з часцей прыгранічча, загінуў у першыя дні вайны. А бабулю з малымі дзецьмі ратавалі жыхары невялікай вёскі ў Камянецкім раёне, у гэтых добрых людзей яны і пражылі ўсю вайну. Я ўжо не першы раз у Брэсце. А вось на гэтым начным мітынгу была ўпершыню. Сказаць, што ўражанні моцныя, асаблівыя, будзе не дакладна... Пачуцці мянялі адно другое, было цяжка адчуваць, перажываць, асэнсоўваць, што перажылі людзі, калі на іх раптоўна абрынулася вайна... Дагэтуль аэнсоўваю.

Марыя Вялічка, Масква: 

— Мы прыехалі не ў складзе дэлегацыі альбо арганізаванай групай, а сваёй сям’ёй. Мы вырашылі, што павінны ў гэты дзень пабываць у Брэсце, каб паказаць унукам-падлеткам Брэсцкую крэпасць, згадаць пра іх прадзеда-франтавіка. 

Міхаіл Камышнікаў, Тула: 

—Я са сваімі таварышамі працую ў праекце «Цягнік Памяці» ў якасці важатага, мы разам і прыйшлі на мітынг-рэквіем. Нам вельмі спадабаліся начныя мерапрыемствы ў крэпасці. Проста класна! Асабліва цікава было пабываць на рэканструкцыі. 

Вольга Марозава, Брэст:

— Я ўзначальваю пярвічную арганізацыю «Белай Русі» Брэсцкага фізкультарна-аздараўленчага аб’яднання. Мы прыйшлі сюды амаль у поўным складзе нашай арганізацыі, таму што не быць у крэпасці ў такі дзень проста не маглі. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.