Вы тут

У Магілёве абмеркавалі ход падрыхтоўкі да купальскага свята ў Александрыі


Сёлета рэспубліканскае свята «Купале» — «Александрыя збірае сяброў» пройдзе ў пятнаццаты раз і яно павінна запомніцца і маштабамі, і напаўненнем — пра гэта казалі спікеры прэс-канферэнцыі. Удзел у ёй прынялі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч. Як паведамлялася, фестываль збярэ сяброў на традыцыйным маляўнічым месцы на беразе ракі Днепр у Александрыі 6 ліпеня.


— Купальскае свята ў Александрыі — гэта ўжо пэўныя традыцыі і формы, — заўважыў Алег Стэльмашок. — Галоўнымі будуць тэмы Году якасці і 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Робіцца ўсё для таго, каб свята атрымалася цікавым і камфортным. 

Спікер адзначыў, што пры падрыхтоўцы ўлічаны пажаданні наведвальнікаў фестывалю пашырыць традыцыйныя пляцоўкі. У цэлым купальская лугавіна пашырыцца на 1 гектар. Толькі працягласць гандлёвых радоў павялічылася да 1,8 кіламетра — плюс 150 метраў да мінулагодняга. У абслугоўванні наведвальнікаў прымуць удзел каля 200 суб’ектаў гаспадарання, будзе працаваць болей за 300 гандлёвых аб’ектаў з арганізацыяй 3,7 тысяч пасадачных месцаў — на 600 болей, як летась.

Упершыню будуць прысутнічаць творчыя дэлегацыі з Магаданскай, Іркуцкай, Ульянаўскай абласцей, рэспублікі Комі, Мардоўскай рэспублікі, Узбекістана і Азербайджана. У выстаўцы прымуць удзел болей за 100 прадстаўнікоў гэтых рэгіёнаў. Наогул фестываль на гэты раз прымае прадстаўнікоў 22 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Будуць працаваць пляцоўкі на любы густ для дзяцей і дарослых. Плануецца некалькі паказаў дзіцячых лялечных спектакляў і цыркавых прадстаўленняў. Упершыню на свяце будзе прадстаўлены абласны маладзёжны праект «Дарогамі Памяці і Славы». Ён прапануе аўтобусы з музейнымі экспазіцыямі і спевы ваенных гадоў у выкананні агітбрыгад. Магілёўскі політэхнічны каледж запросіць на інтэрактыўную экспазіцыю «Зброя і тэхніка Перамогі» і прэзентуе распрацаваную ўстановай камп’ютарную гульню. А Магілёўскі машынабудаўнічы каледж пакажа выставу «Кузня Перамогі» з ўзорамі прадукцыі, якая выраблялася ў гады вайны. 

Пашырыць свае плошчы музей, які знаходзіцца ў Александрыйскай школе. Там будуць прадстаўлены ўсе рэгіёны Рэспублікі Беларусь, а на спецыяльнай інтэрактыўнай платформе можна будзе ўбачыць праграмы мінулых фестываляў. Цікавы рэпертуар пакажа палявы кінатэатр. Ідуць перамовы з кінастудыяй «Беларусьфільм» з мэтай арганізацыі пляцоўкі ў рамках святкавання стагоддзя беларускага кінематографа. Будзе больш жывых фотазон. Выстаўка-кірмаш пройдзе пад назвай «Купальскі вянок садружнасці». Майстры будуць вучыць наведвальнікаў плесці купальскія вянкі. 

Усё свята нібыта сатканае з канцэртных і творчых праграм. Яны будуць ісці бесперапынна. У рамках купальскага фэсту адбудзецца ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

З 11.00 да 24.00 будуць працаваць пляцоўкі «Зроблена ў Беларусі» з дэманстрацыяй вырабаў айчыннага аўтапрама, маладзёжныя пляцоўкі з дэманстрацыяй творчых праектаў, прысвечаных 80-годдю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў. На спартыўных і турыстычных пляцоўках наведвальнікаў чакаюць розныя зоны актыўнасці, на іх пройдзе абласны сілавы турнір па армрэстлінгу і прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу вобласці, адбудзецца майстар-клас з прыгатаваннем юшкі, гульнямі і забаўляльнай праграмай.

Цырымонія афіцыйнага адкрыцця фестывалю адбудзецца ў 15.00. А ў 21.30 на галоўнай купальскай сцэне стартуе маляўнічае шоу з удзелам зорак расійскай і беларускай эстрады, якое завершыцца феерверкам. 

— У другі раз будзе праходзіць у рамках фестывалю пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Мінкультуры Расійскай Федэрацыі праект «Саюзныя зоркі на Купаллі» і канцэрт, які адбудзецца ў 17.00 на малой пляцоўцы свята, — паведаміла Іна Адамовіч. — Хэдлайнерамі выступяць народная артыстка Расіі Надзея Крыгіна, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Зара, папулярны спявак Аляксандр Панаётаў, хор Срэценскага манастыра і іншыя. Парадуюць гледачоў вядучыя артысты Беларусі Жанет, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Руслан Аляхно, ансамбль «Верасы». Дарэчы, савядучымі галоўнага канцэрта стануць ўдзельнікі праекта КВЗ «Доктар Хауз». Запланаваны шэраг цікавых праграм для моладзі. На малой сцэне выступяць лаўрэаты і стыпендыяты фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Адбудзецца праект, прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспублікі Беларусь. 

Каб наведвальнікі фестывалю былі ў курсе ўсіх яго падзей, запушчаны Тэлеграм-канал «Купалле». Ужо вырашаны ўсе пытанні па арганізацыі дадатковых рэйсаў аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту. Напрыклад, запланавана 14 дадатковых рэйсаў цягнікоў эканом-класа для дастаўкі гасцей да святочнай лугавіны. На месцы падзей будуць працаваць абменнікі і камеры захоўвання. Што датычыцца праграмы свята, то з ёй можна азнаёміцца на сайтах Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскай філармоніі. Дарэчы, білеты на галоўны канцэрт ужо цалкам прададзеныя. А гэта 3200 глядзельных месцаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.