Вы тут

Гродна і Полацк на шляху патрыятычнай акцыі «Цягнік памяці»


Праект «Цягнік Памяці» стартаваў у Брэсце, дзе прадстаўнікі васьмі краін прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных пачатку Вялікай Айчыннай вайны. За два тыдні 200 старшакласнікаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Арменіі, Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана і Узбекістана наведаюць 13 гарадоў Беларусі і Расіі, сустрэнуцца з ветэранамі, пабываюць на самых знакавых мемарыялах, даведаюцца больш аб гісторыі і культуры сяброўскіх народаў.


У нядзелю, 23 чэрвеня, «Цягнік Памяці» спыніўся ў Гродне. На чыгуначным вакзале гасцям арганізавалі цёплую сустрэчу. Удзельнікаў вітаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. Ён падкрэсліў, што Гродна багаты сваім гістарычным мінулым і самабытным абліччам. Нядаўна горад прымаў гасцей фестывалю нацыянальных культур, а цяпер сюды прыехалі юныя ўдзельнікі маштабнага міжнароднага праекта. Гродзенцам ёсць што паказаць юным патрыётам.

Удзельнікі праекта расказалі, што пачатак маршрута ўжо прынёс шмат незабыўных эмоцый. Напрыклад, Абдуло Абдулоеў з Таджыкістана знаходзіцца пад уражаннем ад рэканструкцыі пачатку вайны ў Брэсцкай крэпасці. Многіх здзівілі сваёй веліччу зубры ў Белавежскай пушчы. Беларускія пагранічнікі прадэманстравалі, як затрымліваюць парушальнікаў дзяржаўнай граніцы.

Па словах члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук’янава, «Цягнік Памяці» стаў сімвалам будучыні ў аб’яднанні народаў. Усе прадстаўнікі Беларусі — пераможцы конкурсу «Я — патрыёт сваёй краіны». У адборачным туры прынялі ўдзел больш за 15 тысяч старшакласнікаў.

Як адзначыла расійскі сенатар Алена Афанасьева, падобныя адукацыйныя праекты садзейнічаюць развіццю ў моладзі пачуцця згуртаванасці, праяўленню ініцыятывы і жадання ўнесці свой уклад у агульную справу. Яна падзякавала за цёплы прыём і выказала спадзяванні, што сяброўскія адносіны паміж удзельнікамі праекта выйдуць за межы цягніка, а знаёмства з Беларуссю стане нагодай зноў сюды вярнуцца.

«У Беларусі надзвычай ветлівыя і гасцінныя людзі, — расказала Анастасія Салюкова з Санкт-Пецярбурга. — Нас сустракаюць вельмі ўрачыста — з музыкай, з аркестрам. Я ў Беларусі другі раз, летась была ў Мінску, і вось новыя прыгожыя гарады — Брэст і Гродна. Мне, як чалавеку, які вывучае гісторыю сваёй краіны, гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, вельмі карысна набыць новы вопыт».

Лейла Гасанлі з Азербайджана прызналася, што даўно марыла пабываць у Гродне, і вось нарэшце яе мара спраўдзілася. Таксама яна ўпэўнена, што беларусам заўсёды рады ў яе роднай краіне.

У горадзе над Нёманам удзельнікі праекта пабывалі ў Старым і Новым замках, музеі гісторыі Гарадніцы, Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, Лютэранскай кірхе, прайшліся па парку Жылібера, даведаліся, дзе знаходзілася яўрэйскае гета. Па традыцыі перад ад’ездам з Гродна ўдзельнікі патрыятычнай экспедыцыі адправілі сваім родным памятныя паштоўкі. Пасля Гродна «Цягнік Памяці» накіраваўся ў старажытны Полацк.

У Полацку — самым старажытным горадзе Беларусі — школьнікаў на пероне разам з танцорамі і спевакамі сустракаў... Францыск Скарына.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, звяртаючыся да ўдзельнікаў праекта, адзначыў, што знаходжанне на Полацкай зямлі павінна запомніцца надоўга. «Шостага ліпеня Полацк будзе святкаваць свой дзень нараджэння, а ў 1944 годзе тут праходзілі жорсткія баі. Але вось ужо 80 гадоў мы жывём пад мірным небам, і гэта цудоўна. Упэўнены, што ваша сяброўства, якое сёння стане яшчэ мацнейшым, пройдзе з вамі праз усё жыццё, а гэта — залог сяброўства нашых краін, бо вы, моладзь, — наша будучыня!», — падкрэсліў Вячаслаў Віктаравіч.

Удзельнікі праекта наведалі мемарыяльны комплекс «Урочышча Пяскі», Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Полацкае кадэцкае вучылішча, Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Запамінальнай для моладзі стала экскурсія па Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Е. Полацкай, дзе школьнікі змаглі пагаварыць з Механічнай галавой, а таксама канцэрт арганнай музыкі ў полацкай Сафіі.

За 15 дзён плануецца пераадолець 10 тысяч кіламетраў. Завершыцца падарожжа 3 ліпеня ў Мінску.

Маргарыта УШКЕВІЧ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.