Вы тут

У мезеі-скансэне ў «Строчыцах» адсвяткавалі свята Івана Купалы і дзень летняга сонцастаяння


Згодна з традыцыяй, перад купальскай ноччу дзяўчаты хадзілі на луг збіраць травы і пагадаць. Лічылася, што сабраныя тым часам расліны валодалі лячэбнай і цудадзейнай сілай. Хлопцы таксама не сядзелі склаўшы рукі: нарыхтоўвалі ламачча і сухія дровы для вогнішча, рытуальныя свечкі для начнога паходу ў лес па містычную папараць-кветку. Цераз купальскае вогнішча скакалі ўсе: і моладзь, і старыя. Людзі верылі, што культавы агонь знішчае ўсё дрэннае, што замінае чалавеку ў жыцці. 


Купалле — свята паганскае з хрысціянскімі дапаўненнямі, таму легенды вакол яго не цішэюць дагэтуль. Паводле славянскага павер’я, у купальскую ноч дзяўчыне ці хлопцу трэба было зайсці ў глыбокі лес аднаму, лепш басанож, а то і зусім без адзення, разаслаць ля папараці святы абрус, акрэсліць круг рытуальным нажом, чытаць змову і чакаць паўночы. Калі папараць-кветка пачынала асвятляць цемру, неабходна было спецыяльна параніць далонь, заціснуць у ёй кветку і накіроўвацца дадому. Кажуць, нячыстая сіла ў гэты момант пачынала шумець, раўці, палохаць, будаваць падкопы, але ісці трэба было без аглядкі. Рызыка апраўдвалася: атрымаўшы папараць-кветку, чалавек набываў здольнасць бачыць падземныя скарбы, станавіўся мудрым і мог кіраваць злымі духамі.

Прыкладна па такім сцэнары, які складаўся стагоддзямі, вечарам 22 чэрвеня праходзіла народнае свята ў Строчыцкім музеі народнай архітэктуры і побыту. Купалле атрымалася цікавым, творча насычаным – амаль летнія тэатралізаваныя калядкі з фальклорнымі песнямі, танцамі, шэсцем пад бубны і дуду, гукі якіх загналі назад у лес нячысцікаў. Вакол вогнішча вясёлыя людзі вадзілі карагоды ў некалькі кольцаў, сімвалізуючы бясконцасць жыцця. У агні спалілі ўвесь негатыў, ад чаго гарэў ён ярка — і чырвоным, і сінім полымем. Калі вогнішча падзатухла, першымі сталі скакаць праз яго смельчакі-мужчыны. Затым і дзяўчыны сігалі — у джынсах і спадніцах, у адзіночку і парамі. Пад заслону абрадавага свята па Пцічы паплылі ў ночку купальскія вяночкі – гэта добры знак!

Аляксандр Грыгор’еў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.