Вы тут

Больш за дзесяць ваенна-гістарычных клубаў правялі рэканструкцыю баёў аперацыі «Баграціён» на Гомельшчыне


Відовішчным момантам праграмы мерапрыемстваў каля мемарыяльнага комплексу «Баграціён» у Светлагорскім раёне стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя. У аднаўленні баёў Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» прынялі ўдзел ваенна-гістарычныя клубы з розных гарадоў краіны.


Жыхары ўсіх раёнаў вобласці, прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутаты, маладзёжныя актывісты сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема ў гонар пачатку легендарнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

— З нагоды 80-годдзя пачатку лёсавызначальнай аперацыі і дзясятай гадавіны адкрыцця на гэтым месцы памятнага знака мы распачынаем мерапрыемствы ў гонар юбілейнай даты вызвалення Беларусі, — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна нагадаў, што традыцыя народных патрыятычных праектаў — узвядзення манументаў усім светам была пакладзена менавіта ў Гомельскай вобласці, у Светлагорскім раёне.

— Сёння на Гомельшчыне практычна штогод аднаўляюцца важныя героіка-патрыятычныя манументы. Фінансавы ўдзел у іх абнаўленні і адраджэнні па поклічы сэрца бяруць жыхары  не толькі нашага рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Лік людзей, якія прыязджаюць пакланіцца салдатам Перамогі і нявінным ахвярам вайны ў Алу, Партызанскую Крынічку, Азарычы ідзе ўжо на дзесяткі тысяч, а гэта значыць, што мы робім сапраўды добрую справу. Упэўнены, на гэтым важным гістарычным месцы кожнага з нас перапаўняе пачуццё гонару і глыбокай павагі да народа-пераможцы, — падкрэсліў Іван Крупко.

Губернатар адзначыў ініцыятараў рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Дарогамі славы», якая стартавала на Гомельшчыне. Кіраўнік рэгіёна уручыў памятны знак «80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, гендырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіму Гігіну, старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Івану Гардзейчыку, старшыні грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і беларускай партыі «Белая Русь» Алегу Раманаву, старшыні грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Мікалаю Зарубіцкаму, старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі Саюз афіцэраў» Сяргею Бобрыкаву. У сваю чаргу Сяргей Бобрыкаў перадаў Гомельскай вобласці штандарт I Беларускага фронту.

— Калі знаходзішся на гэтай зямлі, пачуцці перапаўняюць, адчуваеш дакрананне да гісторыі, бо менавіта на гэтым месцы войскі 1-га Беларускага фронту роўна 80 гадоў таму прарвалі нямецкую абарону і пайшлі ў наступленне : пачалася самая грандыёзная аперацыя часу Вялікай Айчыннай вайны, увогуле адна з самых маштабных у сусветнай гісторыі — аперацыя «Баграціён». Гэта адбывалася на нашай зямлі. Вораг быў разбіты і ў лічаныя тыдні ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена. Мы – нашчадкі пакалення пераможцаў – павінны быць верныя гэтай памяці. Як заклікаў наш Прэзідэнт, давайце прыходзіць да помнікаў у святочныя і звычайныя дні. Прыходзіць і аддаваць даніну памяці. Тады мы будзем абароненыя нябесным воінствам пакалення пераможцаў, якія аддалі свае жыцці за свабоду нашай краіны, — падзяліўся ў размове з журналістамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.