Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ісці наперад разам, нарошчваючы прамысловы і навуковы патэнцыял


Галоўная тэма гэтага тыдня — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. У чацвер у Віцебску пачынаецца ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сярод удзельнікаў і дэлегацыя Ленінградскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Драздзенкам. Аднак найперш у графіку кіраўніка рэгіёна — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. 


Вітаючы гасцей беларускі лідар заўважыў, што асаблівасць сустрэч з партнёрамі з Ленінградскай вобласці — эфектыўнасць. «Усё, аб чым мы дамаўляемся, рэалізоўваецца, як бы цяжка нам ні было. Гэта самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці мэтай і марай быў мільярд долараў тавараабароту. «Сёлета ўсе нашы спецыялісты ўпэўненыя, што мы пераадолеем гэтую мяжу. Думаю, што сёння нам варта казаць і аб двух мільярдах. Патокі павінны быць, мы знойдзем такія варыянты», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, адным з такіх варыянтаў можа быць перавозка грузаў, з чым у беларускага боку заўжды былі праблемы. «Мы нарэшце заняліся аднаўленнем чыгунак, якія здольныя былі ў савецкі час перавальваць ў разы паўтара-два больш грузаў. Мы сёлета адновім гэтыя чыгункі, і не будзе ніякіх праблем з перакідкай грузаў у паўночным напрамку. Тым больш, мы пачалі ў вашым рэгіёне будаўніцтва ўласных портаў, у тым ліку і ў Мурманску, а без вас туды ніяк не трапіш. Таму, я думаю, што мы можам пераадолець гэтую двухмільярдную мяжу ў наступнай пяцігодцы дакладна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Галоўная наша мэта — ісці наперад разам, нарошчваючы прамысловы і навуковы патэнцыял. І самае галоўнае — умацоўваць тэхналагічны суверэнітэт, аб якім сёння так шмат гаворым», — заявіў Прэзідэнт. Па яго словах, паўночны напрамак для Беларусі з’яўляюцца ключавым і ў гэтым накірунку ў нашай краіны шмат планаў, якія, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, будуць рэалізаваныя.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі з Ленінградскай вобласцю ў нас заўсёды ішоў жывы дыялог і ёсць шмат новых цікавых праектаў і ідэй, а традыцыйныя напрамкі супрацоўніцтва літаральна за год прыраслі шэрагам перспектыўных напрацовак. На некаторых ён спыніўся асобна.

Першае. Газіфікацыя

«Мы ведаем, што ў Ленінградскай вобласці плануецца будаўніцтва новых кацельняў, якія працуюць на прыродным газе. Наша тэма. Калі будзе неабходнасць, мы гатовыя падключыцца да гэтага, я прама скажу, глабальнага праекту ў Ленінградскай вобласці. Мы можам не толькі пастаўляць адпаведнае абсталяванне і будаваць кацельныя, але і пракладваць магістральныя газаправоды і падключаць іх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Другое. Развіццё інфраструктуры

«Як мне дакладваюць, вы, выбудоўваючы цэнтралізаванае кіраванне, рэфармуеце сістэму прадпрыемстваў, якія забяспечваюць будаўніцтва і ўтрыманне аўтамабільных дарог. Ад тэхнікі да досведу, які мы назапасілі — мы ў вашым распараджэнні», — прапанаваў беларускі лідар. 

Трэцяе. Інвестыцыйныя праекты

Беларускія кампаніі, па словах кіраўніка дзяржавы, зацікаўлены прыняць удзел у рэалізацыі буйных інвестпраектаў. Гэта датычыцца перш за ўсё будаўнічых паслуг, паставак будматэрыялаў. Аляксандр Лукашэнка прывёў яшчэ адзін прыклад супрацоўніцтва Беларусі з Ленінградскай вобласцю — Высоцкі збожжавы тэрмінал у Выбаргскім раёне. «Праект унікальны. Першая частка рэалізавана вамі. Мне дакладваюць, што да канца 2024 года плануецца выйсці на поўную магутнасць, — сказаў ён. — Літаральна нядаўна прайшлі перамовы з кампаніяй „Паўночнае ўпраўленне будаўніцтва“, якая выступае генеральным падрадчыкам па ўзвядзенні энергаблокаў № 3 і 4 Ленінградскай АЭС-2. Нашы спецыялісты пачалі адпрацоўку пытанняў паставак шырокай наменклатуры будаўнічых матэрыялаў і іншай прадукцыі. Ведаю, што ёсць попыт на ўнікальных будаўнікоў, якія ў нас падрыхтаваныя з Расійскай Федэрацыяй. Мы таксама зоймемся прапрацоўкай гэтага пытання». 

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі і Ленінградскай вобласці шмат як новых, так і старых сумесных праектаў. «Вы выдатна ведаеце нашы магчымасці па пастаўках машынабудаўнічай прадукцыі, магутнасці ў галіне сельскай гаспадаркі, у галіне прамысловасці мы можам паўдзельнічаць у замене кампетэнцый заходніх партнёраў. Мы з задавальненнем будзем працаваць з Ленінградам і Ленінградскай вобласцю», — адзначыў ён. 

Аляксандр Драздзенка пагадзіўся з Аляксандрам Лукашэнкам, што кожная іх сустрэча — гэта штуршок для сумеснага развіцця. «Вельмі важна, што ўсё, што вы гаворыце на такіх сустрэчах, мы рэалізуем, паслядоўна, крок, за крокам», — адзначыў ён. Губернатар Ленінградскай вобласці заўважыў, што ў 2023 годзе крыху не хапіла, каб выйсці на мільярд долараў тавараабароту — у мінулым годзе ён склаў 934,1 мільён. «Але за першыя пяць месяцаў гэтага году ў нас прырост больш 23 працэнтаў. Зразумела, што гэта лічба ў мільярд будзе пераадолена. І не таму, што нам адступаць няма куды, а таму што мы бачым як рэальна прырастае экспарт. І вельмі правільна, што мы пастаянна пашыраем лінейку супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Драздзенка.

У тэму 

Новы імпульс супрацоўніцтву

Журналістам губернатар Ленінградскай вобласці расказаў падрабязней, што абмяркоўвалася на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. «Традыцыйна Леніградская вобласць працуе з нашымі беларускімі партнёрамі ў праграме аграпрама — селекцыя, насенневодства, сучасныя тэхналогіі. Але сёння мы больш гаварылі аб падтрымцы Ленінградскай вобласці па цэлым шэрагу буйных інвестпраектаў. Мы гаварылі аб тым, што нам патрэбна дапамога і падтрымка будаўнікоў, тым больш што нам патрэбныя кваліфікаваныя будаўнікі, якія працавалі б і на будаўніцтве газахімічных комплексаў, і на будаўніцтве 3-га і 4а-га блока атамнай электрастанцыі», — сказаў ён. Аляксандр Драздзенка назваў будаўніцтва вельмі важнай тэмай для супрацоўніцтва. Яшчэ адзін перспектыўны накірунак супрацоўніцтва, які набудзе новы імпульс падчас Форуму рэгіёнаў, — праграма газіфікацыі Ленінградскай вобласці. Па словах губернатара, гэта не толькі пракладка газапровада, гэта і пастаўка сучасных кацельных, якія працуюць на газе. «Мы ўжо вывучылі досвед, кошт, прапановы беларускага боку. Нас поўнасцю ўсё задавальняе. Усё вельмі канкурэнтздольнае і вельмі якаснае», — заўважыў Аляксандр Драздзенка. Ён расказаў, што ў мінулым візіт дэлегацыі быў вывучаны досвед беларускай кампаніі, якая вырабляе сістэму аналізу чысціні паветра. Па словах губернатара, для Ленінградскай вобласці гэта вельмі актуальна. Таксама як і беларускі досвед у сферы ачысткі вады. Тут супрацоўніцтва наладжана трывалае, падпісаныя кантракты паспяхова рэалізуюцца, заўважыў Аляксандр Драздзенка. 

Што тычыцца Форуму рэгіёнаў, то дэлегацыя Ленінгардскай вобласці ўскладае на яго вялікія надзеі. Па словах Аляксандра Драздзенкі, там будзе падпісаны шэраг дакументаў, паколькі рэгіён супрацоўнічае з беларускімі абласцямі. У рамках форуму будзе падпісана новае пагадненне аб супрацоўніцтве Леніградскай і Брэсцкай абласцей. «Я буду ўдзельнічаць у секцыях, прысвечаных ахове здароўя, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, эканамічнага супрацоўніцтва. Мы прыехалі цэлай дэлегацыяй, і мае намеснікі прымуць удзел у іншых секцыях», — расказаў губернатар. Па яго словах, усе накірункі ўзаемадзення з беларускімі калегамі на Форуме рэгіёнаў будуць адпрацаваныя. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.