Вы тут

Сергяенка прыняў удзел у пасяджэнні Шаркаўшчынскага райвыканкама


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка з рабочым візітам наведаў Шаркаўшчынскі раён і ўзяў удзел у пасяджэнні райвыканкама. На парадак дня было вынесена пытанне падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і забеспячэння супрацьпажарнай бяспекі.


Фота: БелТА

Сёлета ў раёне за парты сядуць больш за паўтары тысячы школьнікаў, 360 выхаванцаў чакаюць у дзіцячых садках. У бягучым годзе каля 240 тысяч рублёў накіравана на капітальны рамонт устаноў адукацыі. Завяршаецца добраўпарадкаванне спартыўнай пляцоўкі першай школы ў Шаркаўшчыне: да 30 чэрвеня тут усталююць малыя архітэктурныя формы, дапрацуюць бегавыя дарожкі. Ва ўсіх установах сярэдняй адукацыі раёна ўстаноўлены сістэмы відэаназірання, ручныя сістэмы трывожнай сігналізацыі. Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Кацярыны Міхнёнак, пад аптымізацыю сістэмы адукацыі ў наступным годзе трапіць Більдзюжскі дзіцячы сад, які будзе пераведзены ў Більдзюжскую сярэднюю школу. «Плануецца рэканструяваць некалькі аб’ектаў сістэмы адукацыі, уключаючы дзіцячыя сады. На іх рамонт выдзелена 29 тысяч рублёў, з іх асвоена дзевяць. 21,5 тысячы выдаткавана на рамонт дзіцячага дома сямейнага тыпу, там ужо вядуцца работы, будзе абноўлена бытавая тэхніка», — адзначыла начальнік аддзела адукацыі.

Ва ўстановах сярэдняй адукацыі праводзяцца работы па рамонце класаў і рэкрэацый, афарбоўка падлогі, работы па азеляненні тэрыторыі. Другаснай занятасцю будуць ахоплены 90 школьнікаў. Усяго на гэты від дзейнасці накіравана 25 тысяч рублёў. За пазабюджэтныя сродкі — а гэта амаль 30 тысяч рублёў — школы набудуць посуд і спартыўны інвентар.

Што да кадравага ўкамплектавання педагогамі, то ў Шаркаўшчынскім раёне адчуваецца недахоп псіхолагаў і дэфектолагаў, а настаўнікаў-прадметнікаў хапае ва ўсіх школах. Для папаўнення кадраў сярод навучэнцаў вядзецца прафарыентацыйная работа па паступленні на неабходныя спецыяльнасці і заключэнні мэтавых дагавораў. Плануецца заключэнне пяці мэтавых дагавораў па педагагічных спецыяльнасцях. Без мэтавага будуць паступаць па адным чалавеку на фізічную культуру, інклюзіўную адукацыю, пачатковыя класы. У бягучым годзе 81 адзінаццацікласнік скончыў школу ў Шаркаўшчыне, з іх адна выпускніца па выніках ЦТ атрымала 99 балаў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што будучым кадрам варта ўдзяляць больш увагі. Ігар Пятровіч падкрэсліў, што ў мадэрнізацыю школ раёна ў апошнія два гады было ўкладзена нямала сродкаў, і нягледзячы на тое, што тут працуюць вопытныя педагогі, неабходна думаць пра будучыню і рыхтаваць маладую змену.

Аб забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекі ў раёне распавёў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Пяткевіч. Ён адзначыў, што сітуацыя кантралюецца, узровень пажараў ніжэйшы за сярэдні абласны паказчык. «У прыватнасці, у 2023 годзе ў Шаркаўшчынскім раёне адбылося 11 пажараў, у 2022 — 15. За мінулыя сем месяцаў гэтага года — 7. На працягу апошніх двух гадоў удалося пазбегнуць гібелі людзей пры пажарах», — падкрэсліў прадстаўнік РАНС. Ігар Сергяенка засяродзіў увагу на тым, што станоўчая тэндэнцыя — не падстава заспакойвацца. «Асноўныя моманты, якія пастаянна трэба трымаць на кантролі, — гэта прафілактыка пажараў, нефармальная работа назіральных камісій, якія створаны ў кожным сельвыканкаме, выключэнне фактаў фармалізму. Таксама больш увагі трэба аддаваць адзінокім і пажылым людзям, уладальнікам індывідуальных дамоў», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Падводзячы вынікі пасяджэння райвыканкама, Ігар Пятровіч вызначыў пытанні, на якія кіраўніцтву Шаркаўшчынскага раёна варта звярнуць асаблівую ўвагу. «Нейкіх сур’ёзных рамонтных работ у бягучым годзе тут не прадбачыцца. Гаворка ішла пра тое, каб максімальна сканцэнтраваць выдзеленыя сродкі на асобных аб’ектах, а не раздаваць па ўсіх. Але гэта толькі адзін складнік, самы важны — гэта гатоўнасць педагагічнага складу да арганізацыі навучальнага працэсу. На працягу двух гадоў недахопы былі ў плане мэтавай падрыхтоўкі кадраў з ліку выпускнікоў школ гэтага раёна. У бягучым годзе пяць выпускнікоў плануюць паступаць па педагагічных спецыяльнасцях. Наспявае неабходнасць ацэньваць кіраўніка любога педагагічнага калектыву і ў тым ліку па яго рабоце па падборы кадраў, па ўкамплектаванні навучальнай установы. Не чакаць з боку, што хтосьці накіруе, вызначыць. Самім трэба займацца больш актыўна прафарыентацыйнай работай», — заключыў Ігар Сергяенка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Загаловак у газеце: Больш увагі — будучым кадрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.