Вы тут

Падрыхтоўка да рэспубліканскага купальскага свята выходзіць на фінішную прамую


Фестываль «Купалле» — «Александрыя збірае сяброў» пройдзе сёлета пятнаццаты раз. Ён запомніцца маштабамі і напаўненнем, абяцаюць прадстаўнікі аргкамітэта, які ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. 

Усе арганізацыйна-тэхнічныя моманты ўжо абмеркаваны і вырашаны, з сённяшняга дня пачынаецца мантаж пляцовак непасрэдна на лугавіне ў Александрыі. Да 4 ліпеня фестывальная зона павінна быць ужо цалкам падрыхтавана.


Традыцыі і сучаснасць

Учора на месцы будучых падзей пабывалі прадстаўнікі абласнога аргкамітэта, каб яшчэ раз зверыць гадзіннікі. Перад гэтым купальская тэма была абмеркавана на анлайн-прэс-канферэнцыі з удзелам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алега Стэльмашка, начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Жыгуна, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іны Адамовіч. Сёлета фестываль збярэ сяброў традыцыйна на маляўнічым беразе ракі Днепр у Александрыі 6 ліпеня.

— Купальскае свята ў Александрыі — гэта ўжо пэўныя традыцыі і формы работы, — заўважыў Алег Стэльмашок. — Галоўнымі будуць тэмы Года якасці і 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Робіцца ўсё для таго, каб мерапрыемства атрымалася цікавым і насычаным.

Спікер адзначыў, што пры падрыхтоўцы ўлічаны пажаданні наведвальнікаў фестывалю зрабіць больш прасторнымі традыцыйныя пляцоўкі — на свята прыязджаюць дзясяткі тысяч наведвальнікаў і сотні ўдзельнікаў. Сёлета купальская лугавіна пашырыцца яшчэ на гектар. Толькі гандлёвых радоў размесціцца на ёй 1,8 кіламетра — на 150 метраў болей, чым летась. У абслугоўванні наведвальнікаў прыме ўдзел каля 200 суб’ектаў гаспадарання, будзе працаваць болей чым 300 гандлёвых аб’ектаў з арганізацыяй 3,7 тысячы пасадачных месцаў — на 600 болей, чым летась.

Купалле ў Александрыі заўсёды збірае рэкордную колькасць майстроў і рамеснікаў. Упершыню будуць прысутнічаць творчыя дэлегацыі з Магаданскай, Іркуцкай, Ульянаўскай абласцей, рэспублік Комі і Мардовіі, Узбекістана і Азербайджана. Наогул, фестываль на гэты раз прымае прадстаўнікоў 22 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Выстаўка-кірмаш пройдзе пад назвай «Купальскі вянок садружнасці». Сімвал Купалля можна будзе набыць або сплесці самому з дапамогай майстроў.

Цырымонія афіцыйнага адкрыцця фестывалю адбудзецца ў 15.00, але ўжо з 11.00 будуць працаваць пляцоўкі, у тым ліку «Зроблена ў Беларусі» з дэманстрацыяй апошніх вырабаў айчыннага аўта- і легпрама, маладзёжныя лакацыі з прэзентацыяй творчых праектаў, прысвечаных 80-годдю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шмат цікавага адбудзецца на спартыўных і турыстычных пляцоўках: абласны сілавы турнір па армрэстлінгу, майстар-клас з прыгатаваннем юшкі, забаўляльныя праграмы, прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу вобласці.

Не абыдзецца і без прэзентацый кніжных навінак. Як заўсёды, у фестывалі ўдзельнічае творчы дэсант ад Выдавецкага дома «Звязда» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вядомымі аўтарамі і паслухаць іх творы. А таксама набыць прадукцыю беларускіх выдавецтваў, кнігі, сувеніры нацыянальнай тэматыкі і з лагатыпам свята.

Канцэрты, спектаклі, кінапаказы…

Усё свята сатканае з канцэртных і творчых праграм — яны будуць ісці бесперапынна. Акрамя асноўнай вялікай пляцоўкі будзе працаваць яшчэ чатыры. У тым ліку і малая сцэна, дзе пройдзе канцэрт Саюзнай дзяржавы і адбудзецца адкрыццё з прадстаўленнем творчасці ўсіх удзельнікаў свята.

— Другі раз у рамках фестывалю будзе праходзіць праект «Саюзныя зоркі на Купаллі» пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Мінкультуры Расійскай Федэрацыі, — паведаміла Іна Адамовіч. — Хэдлайнерамі выступяць народная артыстка Расійскай Федэрацыі Надзея Крыгіна, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Зара, папулярны спявак Аляксандр Панаётаў, хор Срэценскага манастыра і іншыя. Парадуюць гледачоў вядучыя артысты беларускай эстрады Жанет, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Руслан Аляхно, ансамбль «Верасы». Дарэчы, сувядучымі галоўнага канцэрта стануць удзельнікі праекта КВЗ «Доктар Хаус». Запланаваны шэраг цікавых праграм для моладзі. На малой сцэне выступяць лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Адбудзецца праект, прымеркаваны да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспублікі Беларусь.

На перыферыйных сцэнах будзе прадстаўлена народная творчасць, маладзёжны праект «Арт-вакацыі», канцэрт патрыятычнай накіраванасці. У рамках купальскага фэсту адбудзецца ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Будуць працаваць забаўляльныя зоны для дзяцей і дарослых. Плануецца некалькі паказаў дзіцячых лялечных спектакляў і цыркавых прадстаўленняў. Цікавы рэпертуар рыхтуе палявы кінатэатр. Ідуць перагаворы з кінастудыяй «Беларусфільм» з мэтай арганізацыі пляцоўкі ў рамках святкавання стагоддзя беларускага кінематографа.

Упершыню на свяце будзе прадстаўлены абласны маладзёжны праект «Дарогамі Памяці і Славы». Можна наведаць аўтобусы з музейнымі экспазіцыямі і паслухаць спевы ваенных гадоў у выкананні агітбрыгад.

Магілёўскі політэхнічны каледж прэзентуе інтэрактыўную экспазіцыю «Зброя і тэхніка Перамогі» і прапануе выпрабаваць на сабе распрацаваную ўстановай камп’ютарную гульню. А Магілёўскі машынабудаўнічы каледж пакажа выставу «Кузня Перамогі» з узорамі прадукцыі, якая выраблялася ў гады вайны.

Пашырыць свае плошчы музей, які знаходзіцца ў Александрыйскай школе. Там будуць прадстаўлены купальскія экспанаты з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, стужка часу рэспубліканскіх свят народнага календара, гісторыя фестывалю ў Александрыі. З дапамогай спецыяльнай інтэрактыўнай платформы можна будзе акунуцца ў атмасферу мінулых фестываляў.

Гасцям на заметку

Застаецца дадаць, што пытанні па дастаўцы наведвальнікаў на фестывальную пляцоўку таксама вырашаны. Напрыклад, 14 дадатковых рэйсаў цягнікоў эканам-класа будуць курсіраваць па маршруце: Магілёў — Шклоў — Александрыя (станцыя Копысь) — Шклоў — Магілёў, а таксама Орша — Александрыя (станцыя Копысь) — Орша. Павялічыцца і колькасць аўтобусных маршрутаў з Магілёва і Оршы. Арганізаваны таксама дадатковыя паркоўкі для тых, хто прыедзе на фестываль на сваім аўто.

Не павінна ўзнікнуць праблем з абменам замежнай валюты і магчымасцю ўладкаваць на час лішні багаж. На месцы будуць працаваць абменнікі і камеры захоўвання.

Дарэчы прыйдзецца і інфармацыйны дапаможнік у выглядзе тэлеграм-канала «Купалле 2024», які арганізатары абяцаюць своечасова напаўняць навінамі аб ходзе падзей. Не заблукаць на лугавіне дапамогуць інфармацыйныя паказальнікі.

Што датычыцца праграмы свята, то з ёй можна азнаёміцца на сайтах Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскай філармоніі. Дарэчы, білеты на канцэрт, які адбудзецца на галоўнай сцэне ў 21.30, былі цалкам прададзены яшчэ да 1 чэрвеня. А гэта 3200 глядзельных месцаў. Але ўбачыць купальскае прадстаўленне можна будзе з дапамогай вялікіх экранаў. Пасля галоўнага канцэрта адбудзецца традыцыйная маладзёжная дыскатэка з удзелам папулярных дыджэяў, якая будзе грымець да 3 гадзін раніцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.