Вы тут

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у рамках выязнога семінара-нарады «Аб рабоце беларускіх аўтамабілебудаўнічых прадпрыемстваў па рэалізацыі задач Года якасці» наведалі Беларускі аўтамабільны завод.


БЕЛАЗ стаў першым 57 гадоў таму

Знаёмства з флагманам айчыннай прамысловасці, які займае лідарскія пазіцыі ў сферы вытворчасці кар’ерных самазвалаў, пачалося з наведвання Музея працоўнай славы, дзе прадстаўлены дакладныя копіі тэхнікі, якая выпускалася з першых дзён дзейнасці завода, і ўзоры сучасных машын. Наступным месцам для азнаямлення з вытворчасцю машын-гігантаў стаў цэх галоўнага канвеера, магутнасці якога дазваляюць выпускаць 90-тонныя самазвалы — адны з самых запатрабаваных у горназдабыўной прамысловасці.

Акрамя таго, дэпутаты азнаёміліся з выставай кар’ернай тэхнікі і ўбачылі кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 220 тон у руху. Перад пленарным пасяджэннем семінара-нарады Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што ў беларускага машынабудавання шмат дасягненняў, але ёсць і пытанні для абмеркавання.

Ён адзначыў, што «кіраўніком дзяржавы пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы перад прамысловасцю і ў прыватнасці машынабудаваннем. Гэты год абвешчаны Годам якасці, і менавіта на такіх гігантах, як БЕЛАЗ, мы на свае вочы бачым гэтую працу».

Ігар Сергяенка нагадаў, што БЕЛАЗ першым у Савецкім аўтапраме атрымаў знак найвышэйшага стандарту якасці. 20 чэрвеня 1967 года самазвалу БЕЛАЗ-540а і яго мадыфікацыям быў прысвоены дзяржаўны знак якасці СССР. «Гэты самазвал быў візітнай карткай нашай краіны», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

«Дасягненні рэальныя ёсць, але ёсць і маса пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання. Мэта семінара — азнаёміць дэпутатаў, як рэалізоўваюцца ў краіне падобныя праекты, даведацца аб праблемах, пачуць ініцыятывы, каб пры неабходнасці ўнесці пэўныя змены з пункту гледжання заканадаўства», — падкрэсліў Ігар Сергяенка. Ён таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання БЕЛАЗа. «Калі бываеш на такіх прадпрыемствах, разумееш, што нам ёсць чым ганарыцца, у тым ліку калектывам, які прасоўвае прадукцыю, распрацоўвае новыя мадэлі, якія ўражваюць сваім знешнім выглядам, сваёй магутнасцю. Попыт на гэтую тэхніку вялікі», — падкрэсліў спікер.

Паводле яго слоў, практыка выязных семінараў будзе працягнута. Так, наступны раз плануецца разгледзець пытанні знешнепалітычнай дзейнасці.

Інструменты беражлівай вытворчасці і кіравання якасцю

Наша прамысловасць валодае высокім патэнцыялам росту. Пра гэта заявіў на семінары міністр эканомікі Юрый Чабатар. Ён адзначыў, што летась у прамысловасці дасягнуты тэмп росту 107,7%, а ў машынабудаванні — больш за 113%. Пераўзыдзены рэкорды апошніх гадоў па вытворчасці кар’ерных самазвалаў, аўтобусаў, грузавікоў і легкавых аўтамабіляў. Пра тое, што галіна валодае высокім патэнцыялам, сведчаць і сёлетнія вынікі: плюс 8% за студзень — май. Значны ўклад прамысловасць, у прыватнасці машынабудаванне, уносіць і ў экспарт.

Цэнтральнай тэмай даклада міністра сталі рэзервы росту ў прамысловасці. «Па шэрагу запатрабаваных рынкам пазіцый магутнасці загружаны на 100%. Такім чынам, трэба думаць аб пашырэнні вытворчасцяў і стварэнні новых». Не менш важнае пытанне — дыверсіфікацыя паставак на рынкі далёкай дугі. Асобна Юрый Чабатар спыніўся на тэмах лакалізацыі вытворчасці і імпартазамяшчэння.

Акрамя таго, па словах міністра, для павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, прыцягнення інвестыцый, кліентаў і новых партнёраў неабходна больш актыўна ўкараняць інструменты беражлівай вытворчасці і кіравання якасцю. Адпаведныя прапановы Мінэканомікі ўнясе ва ўрад.

У хуткім часе ўсе органы-рэгулятары павінны прыступіць да распрацоўкі галіновых стратэгій развіцця да 2035 года, сфарміраваць канкрэтныя напрамкі па пунктах росту ў прамысловасці да 2030 года і забяспечыць планамерную работу — ад навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ да гатовай вытворчасці.

Ствараюцца экспартна-імпартныя кампаніі

Першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў распавёў аб планах па развіцці машынабудавання: «Скажу без ілжывай сціпласці, машынабудаванне — наша ўсё. Мы як былі ў тройцы сусветных лідараў сярод вытворцаў кар’ерных самазвалаў, так і засталіся. За апошнія гады ў лінейцы з’явіліся новыя машыны з усімі магчымымі відамі рухавікоў. Гэта сведчыць аб тым, што мы не стаім на месцы, адпавядаем сусветным трэндам у вытворчасці кар’ернай тэхнікі».

Айчынная прамысловасць разлічвае яшчэ лепш і хутчэй задавальняць патрэбы не толькі ўнутранага рынку, але і нашых замежных калег. Для гэтага беларускія холдынгі будуць ствараць спецыялізаваныя экспартна-імпартныя кампаніі. Прадстаўнік ведамства патлумачыў, што вельмі моцна змяніліся экспартныя рынкі. І прадпрыемствы вымушаны зноў ствараць інфраструктуру продажаў. Большасць прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці — пад санкцыямі, гэта стрымлівальны фактар прысутнасці на рынках. Далей па значнасці ідуць праблемы з лагістыкай і рухам грошай. Пры гэтым частку праблем беларускія кампаніі ўжо навучыліся плённа вырашаць.

«Асноўны блок пытанняў, якімі штодня займаюцца прадпрыемствы, — якія камісіі, колькі каштуе канвертацыя. Для гэтага і патрэбны спецыялізаваныя экспартна-імпартныя кампаніі, якія будуць вырашаць гэтыя праблемы», — расказаў Аляксандр Агароднікаў.

Паводле яго слоў, планава развіваецца і аўтобусная вытворчасць на МАЗе, плануецца павелічэнне магутнасцяў, новыя тэхналагічныя перадзелы па зборцы, зварцы, афарбоўцы. Першы намеснік міністра адзначыў, што актыўна развіваецца і вытворчасць электробусаў. Што датычыцца «Белкамунмаша», ён таксама на парозе значнай мадэрнізацыі. Задача гэтага прадпрыемства — павелічэнне вытворчых магутнасцяў. «Калі па мінулым годзе было выпушчана дзесьці каля 300–320 адзінак, то мэтавая задача — давесці гэты паказчык да 500–550 машын у год. Аўтакампаненты заўсёды ідуць з намі ў звязцы. Рэалізоўваецца амаль два дзясяткі інвестыцыйных праграм», — дадаў Аляксандр Агароднікаў.

Асобна ён распавёў аб развіцці легкавога аўтамабілебудавання: «Мінулы год для нас быў вельмі паспяховы, у гэтым разлічваем на яшчэ больш высокія паказчыкі. Развіваем і пастаўкі на ўнутраным рынку, і на экспарт. Працуем над лакалізацыяй з беларускімі і расійскімі кампаніямі. Разлічваем да канца трэцяга квартала адкрыць яшчэ адну вытворчасць вузлоў і дэталяў у рамках „БелДжы“. Гэта таксама будзе спрыяць паглыбленню лакалізацыі».

Пашырэнне вытворчасці і кар’ерны экскаватар

Сваімі планамі падзяліўся генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» Сяргей Лесін. Ён адзначыў, што перад калектывам холдынга пастаўлена амбіцыйная задача па павелічэнні вытворчых магутнасцяў больш чым у 1,5 раза. «І гэтую задачу мы вырашым», — запэўніў Сяргей Лесін. Для параўнання: план выпуску кар’ерных самазвалаў на 2024 год — 965 адзінак.

Генеральны дырэктар удакладніў, што папярэднія пакаленні правялі вялікую работу па развіцці завода і цяпер важна захаваць створаны імі зачын. «З прычыны таго, што рынак кар’ерных самазвалаў абмежаваны, яго ёмістасць усім вядомая, „пхацца плячыма“ там даволі цяжка, наш асноўны вектар сёння накіраваны на засваенне новых відаў прадукцыі, напрыклад, кар’ерны экскаватар. У ліпені мы плануем яго адправіць на эксплуатацыйныя выпрабаванні ў Сібір. На наступны год плануем не менш за пяць адзінак уключыць у вытворчасць».

І яшчэ. Сёлета змяняецца вектар у знешнім гандлі. Цяпер нашы вытворцы ўдзельнічаюць у праектах з пастаўкай тэхнікі ў Афрыку. Акрамя таго, айчынны вытворца кар’ерных самазвалаў у маі аднавіў адгрузку на адзін з еўрапейскіх рынкаў. «БЕЛАЗ-Холдынг» перазапусціў вытворчасць на магілёўскім «Строммашыне», які цяпер пачаў вырабляць платформы для самазвалаў. «У планах — вярнуць спецыялізаваны брэнд на рынак, запусціць у Магілёве вытворчасць чыгуначных шпал, — анансаваў задумкі Сяргей Лесін. — Таксама ўлічваем новыя „зялёныя“ трэнды на машыны, якія выкарыстоўваюць акумулятары ў якасці крыніц энергіі або вадарод як паліва. Актуальная і шахтавая тэматыка, падземныя кар’ерныя самазвалы. Тут для нас адкрылася сур’ёзная ніша, якую маем намер актыўна і нават агрэсіўна займаць. Такія асноўныя акцэнты ў прадуктовай лінейцы нашай тэхнікі».

Што да інвестыцый завода, яны накіраваны ў першую чаргу на тое, каб вырабляць для сябе нарыхтоўкі, замяніць абсталяванне, якое ўжо не адпавядае параметрам або па прадукцыйнасці саступае аналагам, палепшыць умовы працы персаналу, павысіць культуру вытворчасці.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Стратэгія росту

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.