Вы тут

Халодны вецер з поўдня. Для чаго Украіна збірае на граніцы з намі цяжкую тэхніку і артылерыю


Баявыя дзеянні на Украіне — рэальнасць, з якой даводзіцца лічыцца. Аднак ставіцца да нашых найбліжэйшых суседзяў як да ворагаў беларусы не гатовыя псіхалагічна. Гістарычныя сямейныя, сяброўскія, эканамічныя сувязі стварылі ментальныя бар’еры, якія спрабуюць упарта разбурыць. І ў гэтым не наша віна.


Фота з адкрытых крыніц

На працягу дзесяцігоддзяў Рэспубліка Беларусь выбудоўвала ўзаемавыгадныя адносіны з Украінай, якая да 2022 года пастаянна ўваходзіла ў пяцёрку нашых асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў. Нягледзячы на асобныя палітычныя рознагалоссі, мы ніколі не адварочваліся ад украінцаў, садзейнічалі вырашэнню спрэчных пытанняў, ініцыіравалі мірныя пагадненні.

Сёння нам даводзіцца жыць у сюррэалістычным свеце, калі Беларусь разглядаецца Украінай як вораг. Наша краіна прыняла дзясяткі тысяч украінцаў, якія ўцяклі ад вайны, стварыла для іх умовы, аналагічныя ўласным грамадзянам, аздараўляе дзяцей Данбаса. У адказ Украіна разбурыла ўсе дарогі і пагранічныя пераходы, замініравала прыгранічныя тэрыторыі і разабрала масты. Паміж краінамі адсутнічаюць прамыя транспартныя зносіны, а ўчарашнія суседзі сталі праціўнікамі.

На сумежнай мясцовасці размешчаны ваенныя кантынгенты, і размова ідзе аб 115–120 тысячах ваеннаслужачых з цяжкім узбраеннем, браніраванымі машынамі і артылерыяй. Па сутнасці, на паўднёвай граніцы Беларусі сканцэнтравана ўкраінская групоўка «Поўнач», якая выкарыстоўвае кантраляваную тэрыторыю для перафарміравання і адпачынку баявых падраздзяленняў. У цяперашні час актыўна вядзецца дыскусія аб магчымасці ўвядзення на тэрыторыю Украіны кантынгентаў НАТА, у прыватнасці Францыі і Польшчы, для замены ўкраінскіх ваенных, якія больш патрэбны на лініі фронту.

Асаблівае значэнне гэта набывае ў святле таго, што Вашынгтон «дазволіў Украіне наносіць адказныя ўдары па сілах, якія наносяць удары па ёй з-за мяжы». У цяперашні час такімі для Кіева сталі Белгарадская, Арлоўская, Курская вобласці, не лічачы Данбаса і Крыма, якія руйнуюцца і знішчаюцца агнявымі ўдарамі на працягу дзесяцігоддзяў.

Апошні прыклад — нанясенне ўдару амерыканскімі балістычнымі ракетамі ATACMS з касетнымі баявымі часткамі па Севастопалі 23 чэрвеня 2024 года, у выніку якога забітыя і траўмы рознай ступені цяжару атрымалі 144 чалавекі. Напэўна, менавіта ў гэтым сутнасць «абароны дэмакратыі», пра якую ўвесь час кажа У. Зяленскі. Нельга выключыць, што ў найбліжэйшай перспектыве «пагроза дэмакратыі» ўяўная ці рэальная можа быць выяўлена і на беларускай тэрыторыі.

Спробы ўцягнуць Беларусь у ваенны канфлікт робяцца пастаянна, а спецслужбы Украіны дастаткова прафесійныя, каб арганізаваць ваенную правакацыю. На працягу многіх месяцаў вядзецца актыўная разведка ўсіх відаў, выкарыстоўваюцца беспілотныя сродкі, на беларускую тэрыторыю накіроўваюцца дыверсійныя групы і адзіночныя баевікі. Адпаведная інфармацыя пастаянна даводзіцца да нашых грамадзян КДБ і ДПК праз сродкі масавай інфармацыі. Беларусь вымушана ажыццяўляць ахову дзяржаўнай граніцы ва ўзмоцненым рэжыме, прыцягваць для гэтага вайсковыя падраздзяленні і істотна павялічваць ваенны бюджэт.

Гэтыя вымушаныя меры накіраваны на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і мірнага неба над галавой нашых грамадзян. Мы не можам спакойна глядзець, як чарговы раз разыгрываюцца сцэнарыі эскалацыі напружанасці паблізу нашых граніц. У артыкуле 28 абноўленай Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь сярод асноўных патэнцыяльных знешніх небяспек на ўзроўні ваеннай пагрозы названы: узброеныя інцыдэнты з правакацыйнымі мэтамі; перагрупоўкі і разгортванне паблізу граніц воінскіх фарміраванняў; шкоднаснае інфармацыйна-тэхнічнае ўздзеянне на крытычна важныя аб’екты інфраструктуры. Практычна ўсе гэтыя складнікі маюць месца на нашай паўднёвай граніцы.

У дадатак да ўсяго Украіна інтэнсіўна разрывае заключаныя раней міжнародныя дагаворы, усебакова забяспечвае экстрэмісцкія фарміраванні тыпу «полк Каліноўскага», якія складаюцца з этнічных беларусаў, падтрымлівае ўсіх тых, хто выступае супраць канстытуцыйнага ладу. Сучасныя сродкі агнявога паражэння, якія ёсць у распараджэнні Кіева, дазваляюць паражаць аб’екты на сотні кіламетраў у глыбіні тэрыторыі Беларусі.

Трэба канстатаваць, што вайна стаіць каля нашага парога, а яе недапушчэнне — заслуга беларускага Прэзідэнта, які праводзіць узважаную знешнюю палітыку. Мы дакладна разумеем, што мір — наш галоўны здабытак, а яго захаванне — найважнейшая дзяржаўная задача. Таму мы ўвесь час гаворым пра мір, падтрымліваем усе мірныя ініцыятывы, але «трымаем порах сухім». Праверкі гатоўнасці сіл рэагавання і ядзерных сіл стрымлівання, тэрытарыяльнай абароны і Узброеных Сіл краіны — гэта элементы стратэгічнага стрымлівання і дэманстрацыя гатоўнасці адстойваць уласны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.

Беларусь не хоча вайны і зробіць усё, каб яна чарговы раз не прыйшла на нашу зямлю. Упэўнены, што прыйдзе час, калі нашы народы, беларусы, украінцы і рускія, зноў будуць адзіныя, сённяшнія «цёмныя гады» адыдуць у небыццё, а паўднёвая граніца стане тэрыторыяй добрасуседства, свабоднай ад зброі. Аднак, каб так было, сёння ваенная арганізацыя дзяржавы робіць усё неабходнае для нейтралізацыі знешніх і ўнутраных пагроз. Беларусь пастаянна трансліруе свету і сваім суседзям: «Давайце жыць дружна, паважаючы і не ствараючы праблем адзін аднаму».

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, прафесар

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.