Вы тут

3 ліпеня паветраны эшалон упрыгожыць неба над сталіцай


Краіна рыхтуецца адзначыць найгалоўнейшае свята — Дзень незалежнасці. Па традыцыі арганізатары ўрачыстасцяў, якія сёлета прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падрыхтавалі для жыхароў, а таксама гасцей нашых гарадоў шмат сюрпрызаў. Адзін з іх — ваенны парад у Мінску.


Як ужо паведамлялася, у ім прыме ўдзел звыш шасці тысяч ваеннаслужачых і каля 250 адзінак баявой тэхнікі. Прыгожае і па-ваеннаму сур’ёзнае дзейства разгорнецца як на зямлі, так і ў паветры. Тое, што ні адно, ні другое нікога не пакіне абыякавым, карэспандэнты «Звязды» ведаюць не па чутках. Мы пабывалі на ўсіх рэпетыцыйных пляцоўках парада і можам запэўніць —здзіўляцца будзе чаму. 

Пра асаблівасці падрыхтоўкі пешай і механізаванай калон, іх прадстаўленасці, а таксама эмоцыях удзельнікаў урачыстага шэсця мы ўжо пісалі. Гэтым разам прапануем даведацца аб дэталях паветранага парада, які 3 ліпеня разгорнецца ў небе над Мінскам, пазнаёміцца з тымі, хто падорыць жыхарам сталіцы, а таксама гасцям горада і краіны незабыўныя эмоцыі. 

Сем хвілін, звыш 30 адзінак авіятэхнікі 

У святочны дзень у небе над сталіцай адзін за адным з’явіцца больш як тры дзясяткі баявых самалётаў і верталётаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Паветрана-касмічных сіл Расіі. 

Адкрыюць паветраны парад тры верталёты Мі-8МТВ5, якія будуць несці дзяржаўны сцяг Беларусі, сцяг Узброеных Сіл нашай краіны, а таксама сцяг Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Пасля гледачы змогуць убачыць групы верталётаў Мі-8 і верталётаў Мі-35, якія праляцяць у баявым парадку «Пеленг». Апошнія, дарэчы, паступілі на ўзбраенне 50-й змешанай авіяцыйнай базы ў жніўні мінулага года, а адпаведна, упершыню будуць удзельнічаць у паветраным парадзе над Мінскам. На вышыні 250 метраў з хуткасцю 350 кіламетраў у гадзіну праімчыць ваенна-транспартны самалёт Ан-26. Таксама ў небе з’явяцца рэактыўныя вучэбна-баявыя самалёты Як-130, самалёты-штурмавікі Су-25, самалёты-знішчальнікі Су-30СМ. Паветрана-касмічныя сілы Расійскай Федэрацыі прадставяць баявыя верталёты Мі-28, верталёты Ка-52 «Алігатар» і не толькі — інтрыга захоўваецца. Завершыць паветраны парад пралёт ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 у суправаджэнні групы самалётаў Л-39. Агульная працягласць усяго дзейства складзе каля сямі хвілін. 

Як расказаў у размове з журналістамі камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч, ваеннаслужачыя выйшлі на фінішную прамую падрыхтоўкі да паветранага параду да Дня Незалежнасці. Па яго словах, гэтае мерапрыемства з’яўляецца вельмі знакавым для беларусаў, прычым па многіх параметрах, у першую чаргу гістарычных. «Мы бачым, што адбываецца ў блізкіх нам дзяржавах, і ў сувязі з гэтым захаванне гістарычнай праўды — стратэгічная каштоўнасць беларускага народа», — падкрэсліў генерал-маёр. 

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч

За штурваламі «жалезных птушак» знаходзяцца найлепшыя ваенныя лётчыкі дзвюх краін. Андрэй Лук’яновіч адзначыў высокі ўзровень айчыннай школы авіяцыйнай падрыхтоўкі, якая дазваляе выхоўваць пілотаў, здольных працаваць у любых умовах. Разынкай парада ён назваў прысутнасць у паветраным парадным страі двух пілатажных груп Паветрана-касмічных сіл Расіі «Рускія віцязі» і «Стрыжы». «Удзел Узброеных Сіл блізкіх дзяржаў надае нам упэўненасці і з’яўляецца пацвярджэннем нашых братэрскіх пачуццяў адзін да аднаго, — заўважыў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны. — Мы заўсёды гатовы да сумеснага выканання задач па абароне міру на тэрыторыі нашых краін». 

Андрэй Лук’яновіч таксама звярнуў увагу на тое, што падрыхтоўка да параду ідзе ў рамках баявой падрыхтоўкі. «Лётчыкі толькі ўдасканальваюць свае навыкі, удзельнічаючы ў падрыхтоўцы да паветранага параду, — удакладніў ён. — Несумненна, для кожнага лётчыка ўдзел у парадзе — гэта вялікі гонар, давер з боку кіруючага складу і дзяржавы. І кожны лётчык удзячны, што яму даверылі пілатаваць паветранае судна над сталіцай нашай краіны ў такі знамянальны дзень».

Ганаровая місія 

У тым, што для кожнага пілота, які прымае ўдзел у паветраным парадзе, гэта ганаровая місія, карэспандэнты нашай газеты пераканаліся асабіста. «Для любога лётчыка ўдзел у парадзе прадстаўляе сур’ёзную адказнасць, — падзяліўся ўдзельнік паветранага парада, які прадстаўляе Узброеныя Сілы Беларусі. — Мы паказваем краіне і народу, што яны знаходзяцца пад надзейнай аховай. Дэманстраваць моц і сілу беларускай арміі высакакласныя пілоты на сучасных паветраных судах могуць не толькі па перыметры нашай краіны, але і на такіх мерапрыемствах. Мы адточваем навыкі, рыхтуючыся пры неабходнасці абараняць Беларусь, як абаранялі яе ў свой час нашы продкі».

Па словах іншага пілота, які таксама будзе задзейнічаны ў адказным мерапрыемстве, удзел у парадзе — гэта вялікі гонар яшчэ і таму, што за палётам будуць назіраць ветэраны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. «Яны павінны ўбачыць сучасную армію і ўменне нашых лётчыкаў выконваць баявыя і вучэбна-баявыя задачы, ацаніць абсталяванасць сучасных паветраных суднаў», — перакананы ваеннаслужачы. 

Як падзяліўся начальнік 344-га Дзяржаўнага ордэна Суворава цэнтра баявога прымянення і перавучвання лётнага складу Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі палкоўнік Андрэй Папоў, удзел расійскіх ваеннаслужачых ва ўрачыстых і вельмі адказных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі, — гэта тая мінімальная даніна, якую цяперашняе пакаленне можа заплаціць гераічным продкам, якія перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Беларусь заўсёды прымае цёпла і ветліва, а ў нас выключна станоўчы настрой на работу, — заўважыў ён. — Удзельнічаць у падобных мерапрыемствах, прысвечаным такім асаблівым датам, заўсёды ганарова. Адказнасць вельмі высокая. Расійскія лётчыкі гэта ведаюць, разумеюць і накіраваны адпавядаць чаканням». 

Ацэнку рабоце пілотаў у першы дзень публічнай трэніроўкі, якая праходзіла над Мінскім морам, даў старшы інспектар—лётчык другога аддзела лётнай падрыхтоўкі і баявога прымянення авіяцыі палкоўнік Алег Бялкоў. «Усе экіпажы паказалі высокі ўзровень падрыхтаванасці, лётнай вывучкі, ажыццявіўшы выхад у кантрольны пункт у строга зададзены час устаноўленымі баявымі парадкамі, — канкрэтызаваў ён. — На гэтай трэніроўцы першачарговая ўвага ўдзялялася выкананню ўзлёту, збору груп і пабудове агульнага баявога парадку».

Старшы інспектар—лётчык другога аддзела лётнай падрыхтоўкі і баявога прымянення авіяцыі палкоўнік Алег Бялкоў

Алег Бялкоў неаднаразова сам удзельнічаў у паветраных парадах, а таму добра ведае, што дробязяў пры ажыццяўленні палёту няма. «Пачынаючы ад запуску бартоў на аэрадромах, узлёту да пабудовы зададзенага баявога парадку, яго вытрымлівання — тут усё вельмі важнае, нельга вылучаць нешта асаблівае», — заўважыў ён. 

А вось які паветраны экіпаж вылучыце вы, паважаныя чытачы, калі будзеце назіраць за парадам 3 ліпеня або будучы на сталічным праспекце, або па тэлебачанні, вырашаць толькі вам. Майстэрства беларускіх і расійскіх лётчыкаў заварожвае, а таму гэтае дзейства ў небе над Мінскам сапраўды вартае вашай увагі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.