Вы тут

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць


«Калі трэнер не можа растлумачыць поспехі свайго вучня з навуковага пункту гледжання — гэта дрэнны трэнер, яму трэба ісці ў бібліятэку і вучыцца. Немагчыма дасягнуць высокіх спартыўных вынікаў без навуковага падыходу. Немагчыма», — сцвярджае Уладзімір Шантаровіч, старшы трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ. 50 гадоў таму Уладзімір Уладзіміравіч з аднадумцамі пачалі развіваць у Мазыры веславанне на байдарках і каноэ, выкарыстоўваючы і ствараючы навуковыя методыкі. Вынікі такога падыходу гавораць самі за сябе: алімпійскія чэмпіёны і прызёры Раман Петрушэнка, Артур і Марына Літвінчукі, Вольга Худзенка, Маргарыта Махнёва, Надзея Папок — прадстаўнікі Мазырскай школы веславання. А колькі тут вырасла чэмпіёнаў свету і Еўропы! Перамога аднаго спартсмена можа быць супадзеннем, перамогі некалькіх пакаленняў — вынік выразна выбудаванай сістэмы. Акумуляваны ўвесь бясцэнны вопыт гэтай спартыўнай школы на факультэце фізічнай культуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Пры чым факультэт працуе не толькі на веславанне, тут цудоўна сябе адчуваюць і эфектыўна развіваюцца прадстаўнікі лёгкай атлетыкі, цяжкай атлетыкі, бокса, паўэрліфтынга і іншых відаў спорту. Як у раённым цэнтры стварыць наймацнейшую спартыўную школу, якая дае краіне чэмпіёнаў, расказаў Сяргей Блоцкі, кандыдат педагагічных навук, дэкан факультэта фізічнай культуры МДПУ, майстар спорту СССР.


— Калі гаворка заходзіць аб спорце ў Мазыры, перш за ўсё згадваецца веславанне на байдарках і каноэ. Зразумела, што факультэт фізічнай культуры адным веславаннем не абмяжоўваецца. Тым не менш, Сяргей Міхайлавіч, якую ролю факультэт адыгрывае ў развіцці менавіта школы веславання?

— Адну з галоўных роляў — нясціпла, але гэта так. Бо мы рыхтуем трэнераў па веславанні, а без трэнераў якая школа можа існаваць? Універсітэт педагагічны, але ў нас адкрыта спецыяльнасць «Трэнерская дзейнасць». У Мазыры пяць дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ развіваюць веславанне — у кожнай працуюць нашы выпускнікі. На базе Мазырскай СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ дзейнічае філіял кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання. І гэта дае нашым студэнтам перавагу перад студэнтамі іншых, нават абласных універсітэтаў. На базе гэтай школы трэніруецца нацыянальная зборная пад кіраўніцтвам Уладзіміра Уладзіміравіча Шантаровіча. Гэта значыць, нашы студэнты ўжо з першых курсаў працуюць з найлепшымі спартсменамі, вучацца ў найлепшых трэнераў. Вынікі гавораць самі за сябе. Павел Мудрагель, наш выпускнік, падрыхтаваў чэмпіёнку свету і Еўропы Камілу Бобр, дарэчы, таксама нашу вучаніцу. Віталь Белы — наш выпускнік — сёння галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па акадэмічным веславанні. У 2014 годзе на нашым факультэце вучылася 30 майстроў спорту міжнароднага класа. Гэта не тое, што для раённага, гэта нават для абласнога ўніверсітэта вельмі саліднае дасягненне. А ўсяго за 23 гады існавання факультэта праз нашы рукі прайшлі больш за 120 майстроў спорту міжнароднага класа і 8 заслужаных майстроў спорту.

— Выходзіць, што для таго, каб стаць выдатным весляром ці трэнерам, зусім неабавязкова выязджаць з Мазыра ў буйныя гарады?

— Цалкам дакладна. Галоўнае дасягненне Мазырскай школы веславання ў тым, што ў нас дакладна выбудавана вертыкаль спартыўнай падрыхтоўкі. Спартсмены праходзяць увесь шлях: дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, вучылішча алімпійскага рэзерву, універсітэт — і ўсё гэта ў сваім горадзе. Раней моцным перспектыўным спартсменам пасля заканчэння вучылішча алімпійскага рэзерву для таго, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, даводзілася ехаць у іншыя гарады. Гэта значыць, мы гублялі рэзерв. Ці многія мазырскія спартсмены да стварэння факультэта фізічнай культуры вучыліся на тэхнічным факультэце. Напрыклад, алімпійскі чэмпіён Раман Петрушэнка. Але на тэхнічным факультэце вельмі складаныя дысцыпліны, што адпужвала многіх спартсменаў, якім гэтыя прадметы, па сутнасці, і не патрэбны былі. І яны з’язджалі, каб атрымаць спартыўную адукацыю. Факультэт фізічнай культуры дазваляе захоўваць моцных весляроў у Мазыры. Канешне, ім самім камфортна вучыцца і трэніравацца тут, на месцы. Ды і паколькі наш факультэт супрацоўнічае і з ДЮСШ, і з вучылішчам алімпійскага рэзерву, у нас адпрацаваны эфектыўныя методыкі падрыхтоўкі спартсменаў. На сваім досведзе ведаю, наколькі ўзважаны метадычны падыход неабходны для падрыхтоўкі спартсменаў. Мне, на жаль, не пашанцавала, але ў нашых спартсменаў ёсць усё, каб планамерна развівацца і ўдасканальвацца.

— А можна падрабязней, пра тое, як вам «не пашанцавала»?

— Я займаўся бегам на сярэднія дыстанцыі. Займаўся нядрэнна. У юніёрах выйграваў і Кубак Савецкага Саюза, і чэмпіянат СССР. У 1979 годзе выйграў Кубак СССР, мне яшчэ 20 гадоў няма, а ўжо такая ўзнагарода. У 1981 годзе стаў чэмпіёнам СССР, у 1983-м паказаў найлепшы вынік сярод усіх савецкіх бегуноў, збіраўся на чэмпіянат свету. Але перад самым выездам атрымаў траўму... 

І ўсё, кар’ера мая скончылася. А прычына старая як свет — няправільная сістэма падрыхтоўкі. Лёгкай атлетыкай сур’ёзна пачаў займацца позна, у 17 гадоў. Мне заўсёды падабалася бегаць, але ў вёсцы з-пад Турава аб правільных методыках падрыхтоўкі ніхто ведаць не ведаў. Паступіў у Гомельскі ўніверсітэт, стаў выступаць на спаборніцтвах — і адразу стаў перамагаць. У першы год заняткаў ужо быў чэмпіёнам СССР сярод юніёраў. Мусіць, я самародак. Але нават самародку патрэбна правільная методыка падрыхтоўкі. А я вынік паказваў, мяне ў зборную ўключылі — а там нагрузкі шалёныя. А я ж да іх не падрыхтаваны. Трэба было паступова, па індывідуальным графіку працаваць, набіраць форму. А так адразу вялікія нагрузкі, вось і зламаўся…

— А потым была навука?

— Не адразу. Пасля завяршэння кар’еры з’ехаў у Мазыр працаваць трэнерам. Але хацелася вучыцца. З таварышамі прымацаваліся саіскальнікамі ва Усерасійскі навукова-даследчы інстытут фізічнай культуры і спорту, там жа і абараніў дысертацыю. Вярнуўся ў Мазыр, дзе ўжо ў паветры лунала неабходнасць адкрыцця факультэта фізічнай культуры. Было шмат спартсменаў, ім трэба было вучыцца, нашы школы мелі патрэбу ў трэнерах — гэтае рашэнне даўно спела. Уладзімір Уладзіміравіч Шантаровіч, іншыя трэнеры падключыліся, і ў 2001 годзе мы адкрылі факультэт фізічнай культуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Факультэту 23 гады, і 23 гады я яго дэкан. Усе ўзнагароды, атрыманыя факультэтам за гэты час, маё званне выдатніка адукацыі, дасягненні студэнтаў і выкладчыкаў — усё сведчыць аб тым, што мы працуем правільна. Хаця за ўзнагародамі ні я, ні выкладчыкі факультэта ніколі не гналіся. Проста з азартам і з цікавасцю рабілі сваю работу.

— Нярэдка здараецца, што спартсмен паступае ва ўніверсітэт «для птушачкі», не асабліва задумваючыся аб спецыяльнасці, толькі таму, што трэба атрымаць вышэйшую адукацыю. Сяргей Міхайлавіч, наколькі гэта распаўсюджаная сітуацыя? І, можа быць, у такім выпадку варта засяродзіцца на кар’еры, а адукацыю атрымаць пазней, свядома?

— Я лічу, што ўсё трэба рабіць своечасова. У 30 гадоў, пасля завяршэння спартыўнай кар’еры, трэба думаць аб тым, як жыць далей, у многіх ужо сем’і, іх трэба забяспечваць — якія тут лекцыі і экзамены. Вучоба ва ўніверсітэце вучыць думаць. А без аналітычнага мыслення ў спорце вельмі цяжка дабіцца выніку. Адна з нашых задач — навучыць спартсмена думаць. Вышэйшая адукацыя не толькі дае спецыяльнасць, яна развівае інтэлектуальна, што потым дапамагае ўладкавацца ў жыцці. Нам трэба, каб спартсмен выйшаў з універсітэта адукаваным, кампетэнтным спецыялістам, чый жыццёвы і практычны досвед будзе падмацаваны ўніверсітэцкімі ведамі.

— Многія з дзеючых спартсменаў захапляюцца навукай, паступаюць у магістратуру?

— Без навукі ў спорце немагчыма. У савецкі час навукоўцы суправаджалі ўвесь трэніровачны працэс. У мяне бывала, што за трэніроўку біяхімік пяць разоў браў кроў на аналіз, каб у дынаміцы ацаніць стан. У 90-я спартыўную навуку адсунулі на другі план. Але сёння вяртаем. На факультэце выкладаюць найлепшыя спецыялісты: Уладзімір Уладзіміравіч Шантаровіч, Алена Калаур, Дзмітрый Рабчанка і іншыя. Ім удаецца зацікавіць студэнтаў навукай. Цяпер у нас у магістратуры вучацца чэмпіёны свету сярод моладзі па веславанні на байдарцы Уладзіслаў Кравец, Раман Захаранка, Марыя Каваленка, Вераніка Леанюк і іншыя. І гэта вялікі задзел для іх спартыўнага развіцця. Таму што разумець, як навуковыя методыкі прымяняюцца на практыцы, трэба не толькі трэнеру, але і самому спартсмену.

— Сяргей Міхайлавіч, за што вы больш за ўсё любіце сваю працу?

— Усе 23 гады я іду сюды з добрым настроем, таму што кожны дзень прыносіць мне нешта новае. Рост універсітэта, развіццё студэнтаў і выкладчыкаў — гэта вечны пошук, які неверагодна цікавы. І гэты пошук не дае расслабляцца і спыняцца на дасягнутым. А рух, як вядома, жыццё.

Кампетэнтна

Валерый Наўныка: «Факультэт фізічнай культуры — гэта здабытак усяго рэгіёна»

Сёлета Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна адзначае сваё 80-годдзе. Факультэт фізічнай культуры ў некалькі разоў маладзейшы, але «малодшым» ва ўніверсітэцкай сям’і яго не лічаць. Рэктар МДПУ Валерый Наўныка ўпэўнены, што факультэт фізічнай культуры займае важнае месца не толькі ў жыцці ўніверсітэта, але і ўсяго рэгіёна. «Нашмат прасцей развіваць вялікі спорт у вялікіх гарадах, дзе на кожным кроку — заслужаныя трэнеры і чэмпіёны, чым у раённых цэнтрах. Асяроддзе задае высокую планку і дапамагае яе ўтрымліваць. У Мазыры нашы людзі самастойна стваралі традыцыі ў веславанні, іншых відах спорту зусім з нуля. Дзякуючы ім сістэма працуе ўжо не адзін дзясятак гадоў. І кожны год з’яўляюцца новыя трэнеры, выкладчыкі, спартсмены. Факультэт фізічнай культуры збірае светлыя спартыўныя галовы і дапамагае ім удасканальвацца. Нашы выпускнікі працуюць па ўсёй Гомельскай вобласці. У нас тры чвэрці абітурыентаў з сельскай мясцовасці і тры чвэрці выпускнікоў ідуць працаваць у сельскую мясцовасць. Таму я перакананы, што наш факультэт — гэта здабытак усяго рэгіёна», — сцвярджае Валерый Наўныка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

г. Мазыр

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.