Вы тут

Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі — 100 гадоў


25 чэрвеня 1924 года пры Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў якасці асаблівага аддзела была ўтворана Беларуская кніжная палата. Гэты дзень лічыцца афіцыйным днём нараджэння Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі.


Фота БелТА

Кніжныя палаты ствараліся ва ўсіх былых саюзных рэспубліках. Іх асноўнай місіяй было атрыманне і захаванне абавязковага экзэмпляра ўсіх твораў друку, якія выходзілі на тэрыторыі рэспублік. І гэтае прызначэнне кніжных палат захавалася і дагэтуль. Абавязковы экзэмпляр застаецца самым надзейным спосабам для захавання нацыянальных дакументаў як часткі ўсёй культурнай і інтэлектуальнай спадчыны дзяржавы і народа.

За 100 гадоў удалося не толькі захаваць архіў друкаваных выданняў Беларусі, але і апісаць яго, адлюстраваўшы кожнае выданне ў серыі «Летапіс друку Беларусі». Цікава, што першы паказальнік «Летапісу друку Беларусі» быў апублікаваны ў 1924 годзе ў часопісе «Асвета». Ён уключаў інфармацыю аб кнігах, выдадзеных у рэспубліцы ў першай палове 1924 года. З часам «Летапіс» пераўтварыўся ў цэлую серыю бібліяграфічных паказальнікаў, якія на працягу многіх гадоў акумулююць і захоўваюць інфармацыю аб друкаванай спадчыне беларускага народа. Цяпер «Летапіс» — гэта серыя дзяржаўных бібліяграфічных паказальнікаў, якія ўключаюць выданні, якія змяшчаюць інфармацыю аб розных відах дакументаў, што выходзяць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і паступаюць у Нацыянальную кніжную палату Беларусі ў якасці абавязковага бясплатнага экзэмпляра.

13 мая 1977 года Кніжная палата выйшла са складу Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна і стала самастойнай арганізацыяй — Дзяржаўнай кніжнай палатай БССР у распараджэнні Дзяржаўнага камітэта па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю БССР, а ў 1992 годзе была пераўтворана ў Нацыянальную кніжную палату Беларусі. 1 жніўня 2013 года «Нацыянальная кніжная палата Беларусі» атрымала статус дзяржаўнай установы.

Мяняліся часы — мяняліся задачы. Друкаваная бібліяграфія набыла электронны фармат, а дзейнасць Кніжнай палаты дапоўнілася такімі напрамкамі, як міжнародная стандартная нумарацыя кніг (ІSBN), распрацоўка стандартаў, супрацоўніцтва з міждзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі ў галіне кнігавыдання.

У фондасховішчы Кніжнай палаты сабрана ўсё, што мае дачыненне да друкаваных выданняў: кнігі, брашуры, газеты, карты, ноты, паштоўкі і нават афішы. У 1997 годзе была праведзена рэканструкцыя будынка фондасховішча, а ў 2021 годзе быў зроблены яго капітальны рамонт.

Да 70-годдзя Перамогі, на базе выданняў з фондасховішча Кніжнай палаты, была падрыхтавана цікавая экспазіцыя з копій газет, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны. Пад назвай «Слова клікала да перамогі. Падпольныя і партызанскія газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны» экспазіцыя была прадстаўлена на ХІХ Міжнароднай выставе «СМІ ў Беларусі».

У 2024 годзе Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная кніжная палата Беларусі» перададзена з падпарадкавання Міністэрства інфармацыі ў падпарадкаванне Міністэрства культуры.

Нацыянальная кніжная палата Беларусі сёння — гэта цэнтр дзяржаўнай бібліяграфіі і ўліку друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь, цэнтр інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі, беларускае агенцтва міжнароднай стандартнай нумарацыі друкаваных выданняў, дзяржаўнае фондасховішча абавязковых бясплатных экзэмпляраў друкаваных выданняў, галіновая арганізацыя па стандартызацыі ў сферы выдавецкай справы.

У Беларусі ў першым квартале 2024 года было выдадзена 1829 кніг і брашур агульным тыражом 3 195,6 тыс. экзэмпляраў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.