Вы тут

Лукашэнка: У нас абсалютна ідэнтычны парадак дня, мы выступаем па асноўных пытаннях з адных і тых жа пазіцый


«Нашы краіны ўпэўнена ідуць па канструктыўным шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, і ў няпростых сучасных умовах дасягнуты прынцыпова новы ўзровень беларуска-расійскай інтэграцыі», — сказана ў сумеснай заяве аб асноўных задачах знешнепалітычнага вымярэння саюзнай інтэграцыі, якую падпісалі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у Мінску. У гэтыя дні Сяргей Лаўроў знаходзіцца ў нашай краіне з афіцыйным візітам. Узровень інтэграцыі, шляхі яе ўмацавання ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі на міжнародным контуры сталі вядучымі тэмамі сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Расіі. 


«Шчыра рады гэтай сустрэчы. Заўсёды ўзнікае шмат пытанняў, якія хацелася б абмеркаваць з вамі, параіцца па нейкіх праблемах. Але найперш хачу адзначыць добрую работу нашых міністэрстваў замежных спраў. Вы ж ведаеце, я заўсёды казаў, што нашы МЗСы могуць узорам для іншых ведамстваў у працы на нашым саюзным трэку. Я за гэта ўдзячны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт асабліва падзякаваў за работу, якую правяло МЗС і кіраўніцтва Расіі па далучэнні Беларусі да Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва як паўнавартаснага ўдзельніка. Наша краіна выканала ўсе неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па далучэнні да міжнародных дамоў, якія дзейнічаюць у рамках ШАС. Канчатковае рашэнне аб уступленні Беларусі ў гэтую арганізацыю як паўнавартаснага члена будзе прынята на Савеце кіраўнікоў дзяржаў Арганізацыі, які пройдзе 3-4 ліпеня ў Астане. «Мяркуючы па вашых выказваннях у апошні час, я бачу, што вы выканалі ўсе абавязацельствы і праблем па ўступленні Беларусі ў ШАС сёння няма. Гэта вельмі важна для Беларусі. Пагадзіцеся, што на такой канкрэтнай міжнароднай пляцоўцы, дзе прысутнічаюць вядучыя кіраўнікі, лідары сусветных дзяржаў, нам прысутнічаць вельмі важна не толькі з пункту гледжання іміджу і палітыкі, але і з пункту гледжання эканомікі — ёсць магчымасць у любы момант абмеркаваць любыя пытанні, ў тым ліку і канкрэтныя... Будучы кандыдатам на ўступленне, мы заўсёды маглі пагаварыць з любым кіраўніком, я асабіста і атрымаць не толькі адказы, але і падтрымку па тых ці іншых праблемах. А зараз мы будзем удзельнічаць у прыняцці ўсіх рашэнняў, якія па статусе належаць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах беларускага лідара, у Расіі і Беларусі няма ніякіх праблемных пытанняў па ўзаемадзенні на іншых міжнародных пляцоўках, напрыклад ААН ці, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, "той няшчаснай «АБСЕ. «У нас абсалютна ідэнтычны парадак дня, мы выступаем па асноўных пытаннях з адных і тых жа пазіцый. І заўсёды Расія можа разлічваць на падтрымку Беларусі па тых пытаннях, дзе мы здольныя аказаць гэту падтрымку», — заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў і за адпаведную падтрымку Беларусі з расійскага боку. 

«Мы сёння добрым краінам і добрым народам дэманструем нашымі адносінамі як павінны выбудоўвацца ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі. У многім гэта ваша заслуга з міністэрствам замежных спраў Беларусі. Мы ў гэтым напрамку будзем далей супрацоўнічаць», — запэўніў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ў парадзе, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, будуць удзельнічаць Узброеныя сілы і вышэйшыя службовыя асобы Расіі. 

«Мы гэта вельмі цэнім. Таму можаце спадзявацца, што ўсё, што мы запланавалі разам, з беларускага боку будзе вырашана без затрымкі і без усялякага спынення», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мець на ўвазе не асобныя, а агульныя інтарэсы 

Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што міністэрствы замежных спраў Расіі і Беларусі стараюцца максімальна эфектыўна выконваць тыя стратэгічныя задачы, якія ставяць Прэзідэнты ў сферы знешняй палітыкі, і выбудоўваць знешнепалітычную дзейнасць так, каб забяспечваць дыпламатычнае суправаджэнне інтэграцыйных працэсаў. «Мы падпісалі заяву на гэты конт, якая будзе нас нацэльваць на тое, што ўмацоўваючы каардынацыю, заўсёды мець на ўвазе інтарэсы не толькі асобна Беларусі, асобна Расіі, але і Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў ён. 

Што датычыцца Шанхайскай Арганізацыі супрацоўніцтва, то па словах міністра, усё вырашана, усе дамоўленасці замацаваны. «Самым першым актам саміту ў Астане будзе прыняцце Беларусі ў паўнапраўныя члены ШАС. І ўвесь астатні саміт Беларусь будзе ўдзельнічаць нароўні з усімі астатнімі членамі», — расказаў Сяргей Лаўроў. 

Кіраўнік МЗС Расіі адзначыў, што сёння ў паветры лунаюць ідэі выбудоўвання Еўразійскай бяспекі, якія і раней былі агучаныя прэзідэнтамі Беларусі і Расіі. «Гэтая ідэя і дыскусія атрымалі развіццё мінулай восенню ў Мінску, калі Беларусь праводзіла першую канферэнцыю па Еўразійскай бяспецы ў якасці старшыні АДКБ. А потым было вырашана, што Мінск прапануе сваю пляцоўку на штогадовай аснове для падтрымання дыскусіі па гэтай тэме. Мы гэта актыўна падтрымліваем. Ужо атрымалі запрашэнне на другую канферэнцыю ў канцы кастрычніка-пачатку лістапада. З задавальненнем будзем удзельнічаць», — сказаў Сяргей Лаўроў. Па яго словах, Беларусі і Расіі трэба і канцэпцыю Еўразійскай бяспекі развіваць, падключаць аднадумцаў. «Я лічу, што перспектыва вельмі добрая», — падсумаваў міністр. 

У тэму

Асаблівае значэнне мае канцэнтрацыя намаганняў на міжнароднай арэне

Журналістам Сяргей Лаўроў расказаў, што сустрэча з беларускім лідарам была прысвечана, найперш, ўзаемадзенню Беларусі і Расіі па знешнепалітычных пытаннях. «Рэгулярна прымаюцца праграмы сумесных дзеянняў не знешнепалітычным кірунку. Мы далажылі, як рэалізуецца цяперашняя праграма, яна ахоплівае з 2024 па 2026 гады. Асаблівае значэнне на цяперашнім этапе развіцця Саюзнага будаўніцтва мае канцэнтрацыя асноўнай часткі нашых намаганняў на міжнароднай арэне для знешнепалітычнага суправаджэння, знешнепалітычнага суправаджэнян інтэграцыйных працэсаў, якія набіраюць сілу, канкрэтызуюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы», — адзначыў міністр. Па яго словах, знешнепалітычны складнік саюзніцтва ўзрастае і набывае ўсе больш прыкладное значэнне, нацэльваючы на максімальна эфектыўнае саюзнае будаўніцтва. 

«Мы расказалі, як мы ўзаемадзейнічаем у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у Арганізацыі па супрацоўніцтву і бяспецы Еўропы. Праўда, апошняя поўнасцю дэградавала і стала поўнасцю абслугоўваць інтарэсы Захаду. Але гэта і патрабуе больш эфектыўнага супрацьдзеяння спробам перапісаць, перакрэсліць усе прынцыпы, якія з моманту заключэння Хельсінскага акта былі пакладзены ў аснову дзейнасці АБСЕ. АБСЕ — гэта ўвасабленне той схемы бяспекі, якая была выбудавана ў еўраатлантычнай канфігурацыі. І АБСЕ не змагла стаць той арганізацыяй, якая клапоціцца аб інтарэсах большасці сваіх членаў, а ператварылася ў інструмент тых, хто з-за акіяна маніпулюе еўрапейскімі працэсамі і ўжо ў апошнія гады проста падпрадкаваў Еўропу сваім інтарэсам і прыбраў Еўропу як канкурэнта ў эканамічнай сферы. І ў сувязі з гэтым мы з Рэспублікай Беларусь выступаем за тое, каб пытанні бяспекі разглядалі перш за ўсё ў краінах нашага адзінага агульнага кантынента без умяшання іншых краін», — сказаў Сяргей Лаўроў. Менавіта Еўразійскай бяспецы была прысвечана канферэнцыя, якая прайшла ў Мінску восенню мінулага года. І, па словах міністра замежных спраў Расіі, прайшла даволі паспяхова. «Мы актыўна падтрымліваем нацэленасць нашых беларускіх сяброў на тое, каб гэтую канферэнцыю зрабіць рэгулярнай. — сказаў ён. — Нам трэба канкрэтызаваць канцэптуальна тыя працэсы, якія ідуць ад жыцця ў Еўразіі». Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што гэтыя падыходы падтрымаў і Прэзідэнт Беларусі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.