Вы тут

Беларускае натхненне Рэпіна


У жыхароў і гасцей сталіцы з’явілася ўнікальная магчымасць убачыць карціну «Беларус» вядомага рускага мастака Ільі Рэпіна, арыгінал якой упершыню прывезены з фондаў Дзяржаўнага Рускага музея. Палатно стала сапраўдным упрыгожваннем выставы «Рэпін і вучні», якая да 7 ліпеня экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Праект рэалізоўваецца ў выніку двухбаковага супрацоўніцтва міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і прымеркаваны да 180-годдзя з дня нараджэння вядомага рускага мастака.


Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік групы расійска-беларускіх гуманітарных адносін Сяргей Афонін, супрацоўніцтва Расіі і Беларусі на культурным трэку заўважна актывізавалася ў апошнія гады: «Гэтае супрацоўніцтва з’яўляецца надзвычай важным, таму што ў дапаўненне да эканомікі, палітыкі нельга забываць пра такія базавыя рэчы, як адукацыя і культура. І прыемна канстатаваць, што эканамічная і палітычная прастора Саюзнай дзяржавы дапаўняецца пашырэннем і развіццём сувязяў у гуманітарным вымярэнні, — адзначыў ён. — Як вы ведаеце, карціна „Беларус“ Рэпіна з’яўляецца часткай асноўнай экспазіцыі Рускага музея і таму вельмі рэдка вывозіцца за мяжу. Больш за тое, з улікам знешнепалітычных падзей апошніх гадоў для расійскага боку стала складана вывозіць культурныя каштоўнасці за межы краіны. Таму што блок несяброўскіх краін, парушаючы міжнародныя дамоўленасці, міжнароднае права, права ўласнасці, займаецца сілавым адбіраннем і актываў, і ўласнасці. Распаўсюджваецца тое, на жаль, і на прадметы мастацтва. Разам з тым абмежаванні, якія вымушана ўводзяцца расійскім бокам, не могуць распаўсюджвацца на найбліжэйшых саюзнікаў, нашых братоў і сяброў. У першую чаргу я кажу пра Рэспубліку Беларусь. Таму вельмі прыемна, што ва ўмовах міжнароднай турбулентнасці гэтая карціна выдатнага рускага мастака прыехала менавіта сюды».

— Беларуска-расійскія адносіны маюць даўнюю гісторыю і працягваюць актыўна развівацца. Ілья Рэпін — адзін з тых геніяў, чый лёс дэманструе непарыўную сувязь паміж нашымі краінамі. Мастак вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, але пры гэтым меў і яшчэ адну любоў — казачную сядзібу Здраўнёва на беразе Дзвіны ў Беларусі. Упэўнены, знаходжанне мастака тут падарыла яму шмат радасці і захаплення, натхнення. Менавіта тут Рэпін стварыў шэраг сваіх работ, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнага выяўленчага мастацтва. Сярод іх «Асенні букет», «На сонцы», «Дуэль», «Месячная ноч» і іншыя. Аднак, несумненна, самым знакавым творам беларускага перыяду ў яго творчасці з’яўляецца карціна «Беларус» — партрэт з натуры, напісаны з любоўю да яго героя, харызматычнага селяніна Сідара Шаўрова, і Беларусі, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Дзяржаўнага Рускага музея Аляксандр Варанко. — Скажу яшчэ, што ў верасні бягучага года ў Рускім музеі адкрыецца ўнікальная выстава рускіх і беларускіх мастакоў ХІХ—ХХ стагоддзяў «Адзін лёс. Адзін культурны код», якая таксама заклікана падкрэсліць фундаментальную аснову нашых культур і лёсы выдатных дзеячаў нацыянальнага мастацтва.

Спецыяліст таксама распавёў, што ў Беларусь прывезлі з фондаў Рускага музея ў тым ліку і такія карціны, як «Партрэт Аляксандра Жыркевіча», два эскізы рэлігійнага твора Рэпіна «Ідзі за мною, Сатано», над першым варыянтам якой мастак працаваў менавіта ў Здраўнёва... Яшчэ ў экспазіцыю выставы ўвайшлі творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея, з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, ілюстраваныя выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Акрамя работ самога Ільі Рэпіна, на выставе ёсць творы мастакоў з ліку яго таленавітых вучняў, сярод якіх Валянцін Сяроў, Барыс Кустодзіеў, Іван Кулікоў, Філіп Малявін і многія іншыя. Дарэчы, будзе магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй і ў гасцей «Славянскага базару ў Віцебску», дзе праект урачыста прадставяць публіцы 11 ліпеня ў Музеі-сядзібе І. Я. Рэпіна «Здраўнёва».

— Адкрыццё гэтай выстаўкі — знакавы момант у творчым асяродку. І для таго, каб такі праект адбыўся, папярэдне робіцца вялікая падрыхтоўчая работа. Патрэбна зладжанае супрацоўніцтва паміж людзьмі і культурнымі ўстановамі. І, як вынік, гледачы маюць цяпер магчымасць убачыць творы Ільі Рэпіна ў Нацыянальным мастацкім музеі, — сказала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч. — Міністэрства культуры нашай краіны і Расійскай Федэрацыі, калі праводзяць сумесныя калегіі, заўсёды складаюць для сябе канкрэтныя планы, якія пасля ўвасабляюцца ў творчыя сумесныя праекты. І мы вельмі ўдзячныя міністру культуры Расіі Вользе Любімавай і дырэктару Дзяржаўнага Рускага музея Але Манілавай, таму што толькі калі людзі з душой і з любоўю робяць сваю справу, атрымліваюцца такія праекты, як у Нацыянальным мастацкім музеі. І я ўпэўнена, што гэта выстава зверне на сябе шмат увагі і будзе спрыяць папулярызацыі беларускага і расійскага мастацтва.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.