Вы тут

Магілёўскую вобласць вызвалілі за тыдзень


28 чэрвеня 1944 года Масква салютавала 20 артылерыйскімі залпамі з 244 гармат у гонар войскаў фронту, якія фарсіравалі Днепр і вызвалілі Магілёў, Шклоў і Быхаў. Наогул, у ходзе аперацыі «Баграціён» на працягу тыдня — з 23 да 30 чэрвеня 1944 года была вызвалена практычна ўся заходняя Магілёўшчына. Нягледзячы на загад фюрара трымацца да апошняга салдата, немцы пад націскам савецкай арміі імкліва здавалі пазіцыі, практычна без бою пакідаючы райцэнтры вобласці. Жорсткія баі разгортваліся ў асноўным за невялічкія населеныя пункты. Сярод іх — Стараселле Шклоўскага раёна, круглянскія вёскі Храпы і Цяцерын. Сёння гэта месцы народнай славы і гонару, куды ідуць людзі, каб схіліць галовы перад мужнасцю савецкіх вызваліцеляў.


Выстава ў Шклоўскім музеі «Каб помнілі»

Вораг быў паралізаваны

Тэме вызвалення прысвяціў сваю кнігу кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», вядомы ваенны археолаг і пісьменнік Мікалай Барысенка. Яна выйшла 15 гадоў таму, але літаральна днямі ён скончыў работу над абноўленым яе варыянтам пад назвай «Свабода прыйшла з узыходу». Яе аб’ем павялічыўся амаль удвая, стала больш эпізодаў, прозвішчаў, архіўных дакументаў. Па двух населеных пунктах удакладнена дата вызвалення. Той жа Шклоў быў вызвалены не 28 чэрвеня, як лічылася раней, а 27 чэрвеня 1944 года да поўдня. А Прапойск, сённяшні Слаўгарад, не 25 лістапада, а 24 лістапада 1943 года.

— «Баграціён» — самая прыгожая і ўдалая аперацыя Чырвонай Арміі за ўсю вайну, дзе ва ўсёй красе праявіліся аператыўнае мастацтва камандавання, храбрасць і мужнасць салдат. Яна скончылася вызваленнем усёй Беларусі — 29 жніўня 1944 года, — расказвае Мікалай Барысенка. — Мая новая кніга, па сутнасці, — працяг той, што была — «Вызваленне: ад Хоцімска да Магілёва і Бабруйска». З 240 старонак яна вырасла да 512. З’явіліся новыя раздзелы пра штурмавыя брыгады і батальёны, пра інжынерна-сапёрныя штурмавыя часці, пашыраны раздзел аб штрафніках, аб Магілёўскай вызваленчай аперацыі, шмат новых схем і рэдкіх фота. Архіўны матэрыял цяпер у адкрытым доступе, адкрывай базы даных і працуй. Калі раней трэба было ехаць у архіў расійскага Мінабароны ў Падольск, сёння можна працаваць з архіўнымі дакументамі дома.

...Вясной 1944 года спецыяльным загадам Гітлера Магілёў быў аб’яўлены умацаваным раёнам і павінен быў утрымлівацца любой цаной, нават пры поўным акружэнні горада. Пакінуць гэты стратэгічны плацдарм можна было толькі з дазволу фюрара…

— Былы камендант Магілёўскага ўмацаванага раёна генерал-маёр Эрдмансдорф, калі яго ўзялі ў палон, расказаў, што 7 сакавіка 1944 года ў штабе групы армій «Цэнтр» падпісваў абавязацельства, што ён так і зробіць — будзе ўтрымліваць горад да апошняга, — знаёміць з архіўнымі звесткамі Мікалай Барысенка. — Немцы пераўтварылі Магілёў ў моцны вузел супраціўлення. Першы абарончы рубеж праходзіў за 5–15 кіламетраў ад горада, другі — за 3-4, трэці — па ўскрайку горада. Асобныя ўчасткі абласнога цэнтра немцы замініравалі, частка дамоў была вызначана пад абарону. А наогул нямецкая абарона на магілёўскім напрамку дасягала ў глыбіню 60 кіламетраў.

...20 чэрвеня савецкія войскі фронту занялі зыходнае становішча і чакалі сігналу для пачатку баявых дзеянняў. Перадавыя батальёны і разведвальныя атрады пры падтрымцы танкаў, артылерыі і авіяцыі атакавалі ворага 22 чэрвеня. Раніца 23 чэрвеня пачалася з кананады. Палонныя немцы потым казалі, што савецкая артылерыя зрабіла ў іх перадавых траншэях сапраўднае пекла…

— Магілёўская аперацыя развівалася вельмі імкліва, — расказвае Мікалай Барысенка. — У выніку баёў было знішчана болей чым 6 тысяч немцаў, 3,5 тысячы фашыстаў трапілі ў палон. 26 чэрвеня вечарам савецкія дывізіі падышлі да Дняпра, 27 чэрвеня праз раку пераправіліся асноўныя часці і адбыўся начны штурм Магілёва.

Экспанаты Шклоўскага музея

Горад, які ў 1941 годзе трымаў абарону 23 дні, вызвалілі за 23 гадзіны. Па ініцыятыве былога дырэктара Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага ў Буйнічах Георгія Маліноўскага была ўведзена традыцыя аднаўлення подзвігу 20-гадовага лейтэнанта Івана Мяльнова, які 27 чэрвеня 1944 года з групай аўтаматчыкаў пераправіўся праз Днепр і імклівым ударам знішчыў умацаваныя пункты ворага. З гэтага подзвігу пачалося вызваленне Магілёва, і сёння навучэнцы ўстановы робяць яго рэканструкцыю штогод.

28 чэрвеня Магілёў быў цалкам вызвалены. Зачышчалі горад з паўночнага боку ад вакзала 43 гвардзейская танкавая брыгада палкоўніка Міхаіла Лукашова і падраздзяленні 238-й стралковай дывізіі. На поўдні ворага выбівалі з горада часці 139-й стралковай дывізіі.

Вялікі ўклад у вызваленне горада ўнеслі і партызаны. Яшчэ да пачатку аперацыі «Баграціён» партызанскія брыгады і асобныя атрады ў ходзе ўсебеларускай аперацыі «Канцэрт» паралізавалі чыгуначныя магістралі, якія вялі да магілёўскага плацдарма. Круглянская ваенна-аператыўная група Філіпа Новікава прыпыніла рух на ўчастку Орша — Магілёў і на шашэйных дарогах на паўночным і паўночна-ўсходнім напрамках ад Магілёва. Былі заблакіраваны дарогі, па якіх немцы накіроўвалі свае часці на перагрупоўку, і знішчаны нямецкія гарнізоны ў Талачыне, Круглым і Шклове.

Мінскі кацёл пачынаўся на Магілёўшчыне

— На захад праз Магілёўшчыну праходзілі элітныя часці гітлераўцаў, — расказвае Мікалай Барысенка. — Гэта нямецкая дывізія «Фельдэрнхале» , 25-я матарызаваная танка-грэнадзёрская і 78-я штурмавая дывізіі — эліта групы армій «Цэнтр». Камандзіры ўсіх гэтых дывізій трапілі ў палон. Па дарозе на Мінск, пачынаючы ад Круглянскага і Шклоўскага раёна і да Чэрвеня, яны страцілі асноўную частку цяжкай тэхнікі, якую не змаглі фарсіраваць праз Бярэзіну. Немцы паспелі перакінуць пад Оршу 505-ы цяжкі танкавы батальён, у складзе якога былі знакамітыя нямецкія «Тыгры». Пры адступленні ён пакінуў на Магілёўшчыне амаль усе свае перадавыя танкі. Вораг сыходзіў улегцы, у Шклоўскім, Круглянскім, Бялыніцкіх раёнах заставаліся тысячы нямецкіх машын, у тым ліку самаходных артылерыйскіх установак. Па сутнасці, пачатак Мінскага катла закладваўся ў Круглянскім, Шклоўскім і часткова ў Бялыніцкім раёнах.

Карта 1939 года

Круглянская аперацыя

Найбольш цяжкія баі ў Круглянскім раёне адбыліся каля вёсак Цяцерын і Храпы. Немцаў праследавалі тры брыгады другога гвардзейскага танкавага корпуса генерала Аляксея Бурдзейнава. Танкі гэтых жа брыгад першымі ўвайшлі і ў Мінск.

У Круглянскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць дыярама, дзе ўзноўлены эпізод вызвалення райцэнтра.

— Круглае было вызвалена адначасова з Магілёвам 28 чэрвеня, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Шалкоўскі. — На дыяраме якраз паказаны адзін з напружаных момантаў, калі матацыклетны полк пад камандаваннем Сяргея Шпольберга ўрываецца ў населены пункт з паўночнага боку сучаснага Талачынскага раёна. Гэта адбылося ў ноч з 27 на 28 чэрвеня, як высветлілася потым, зусім нечакана для немцаў. Разгарэўся бой, савецкія воіны сышліся з немцамі ўрукапашную. З абодвух бакоў удзельнічала цяжкая бранятэхніка. Бой цягнуўся 8 гадзін.

Фашысты пакінулі на тэрыторыі Круглянскага раёна страшны крывавы след. Падчас акупацыі было знішчана 59 сёл і вёсак. Вёска Гоенка восенню 1942 года падзяліла лёс Хатыні. Партызаны папярэдзілі жыхароў аб намерах немцаў знішчаць вёску, і тыя сышлі ў лес, але недалёка гітлераўцы з сабакамі іх хутка знайшлі. Насустрач карнікам выйшаў мясцовы жыхар, які на нямецкай мове папрасіў, каб іх не чапалі, што яны мірныя людзі. Але немцы расстралялі яго ва ўпор. А следам за ім — і ўсіх астатніх. Потым вярнуліся ў вёску і спалілі дамы.

У ліку знішчаных — і вёска Бярозка. Сарака двух яе жыхароў немцы сагналі ў дом і спалілі. Вёска Зелянькова знішчалася двойчы. Спачатку акупанты спалілі хаты, а другім разам — зямлянкі, якія замест дамоў зрабілі мясцовыя жыхары.

Ларыса Сілівестрава дэманструе кнігу з успамінамі

Паўднёва-заходні бок Круглянскага раёна ўтрымлівала ў руках магутная групоўка непрыяцеля. Пры вызваленні каля вёскі Дразды па-геройску загінуў камандзір 873-й батарэі знішчальнага супрацьтанкавага палка Рыгор Шабанаў. Разам са сваімі салдатамі ён адбіў восем атак, падчас апошняй быў смяротна паранены. Пасмертна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза, яго бюст устаноўлены на алеі Круглянскага парку культуры і адпачынку побач з бюстамі яшчэ пяці іншых Герояў, якія атрымалі гэта высокае званне пры вызваленні.

— Савецкія воіны праяўлялі цуды гераізму, — сведчыць Дзмітрый Шалкоўскі. — Той жа Рыгор Шабанаў, які родам з горада Вельска Архангельскай вобласці, на вайну пайшоў добраахвотнікам, быў тройчы паранены, чацвёртае раненне было для яго смяротным. Сам ён са шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася сем сыноў. Усе яны склалі галовы на франтах вайны. Музей сябруе з тэхнікумам на радзіме Героя, дзе таксама захоўваецца памяць пра яго. Рыгор Шабанаў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Комсенічы Шклоўскага раёна.

У музеі шмат фота вызваленцаў. Дзмітрый Шалкоўскі звяртае ўвагу на тое, што на франтах ваяваў спрэс інтэрнацыянал: рускія, украінцы, казахі... Той жа партызан брыгады «Чэкіст», якая дзейнічала ў раёне, Мамадалі Тапывалдыеў, узбек па нацыянальнасці. За мужнасць атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Нядаўна выйшаў фільм «Час вярнуцца», дзе ён фігуруе пад сваёй франтавой мянушкай Казбек. У Круглым памятаюць гераічную казашку радыстку Наргыным Байсеітаву, мардвіна маёра Сцяпана Лявонцьева, уйгура Акіма Айсаева, які быў разведчыкам, і іншых. Шмат хто з гэтых воінаў пасля вайны прыязджаў у Круглае, дзяліўся ўспамінамі і каштоўнымі экспанатамі.

У музеі шмат матэрыялу пра членаў «Круглянскай арганізацыі падпольшчыкаў за вызваленне радзімы». Як сведчыць суразмоўнік, да 70-х гадоў, пакуль былі закрыты архівы, пра іх амаль нічога не было вядома.

Гераічнаму Мамадалі Тапывалдыеву ў Круглянскім музеі прысвечана цэлая вітрына

— Іх можна параўноўваць з маладагвардзейцамі, — кажа Дзмітрый Шалкоўскі. — Яны дапамагалі партызанам, рабілі дыверсіі. Іх кіраўніком быў Леанід Ракушаў, які ўдзельнічаў у абароне Магілёва. Напярэдадні вызвалення ўсе члены гэтай групы былі знішчаны. У рукі немцаў трапіў спіс герояў, які сувязны Міхаіл Шведаў не данёс да партызанскага атрада. Разам з таварышамі ён быў забіты падчас аблавы дома, у якім прыпыніўся пераначаваць. Спіс трапіў у рукі ворагаў, і ў ноч з 24 на 25 снежня ўсіх членаў падпольнай групы арыштавалі і расстралялі. У 1981 годзе у Круглым быў закладзены парк 50-годдзя Кастрычніка ў гонар гэтых адважных людзей.

Шклоўскі рубеж

За перыяд акупацыі фашысты амаль поўнасцю знішчылі Шклоў, разбурылі чыгуначную станцыю, мост праз Днепр, спалілі цалкам 18 і часткова 108 вёсак. Цалкам з жыхарамі была спалена вёска Смятанічы. Больш за 2000 чалавек былі расстраляны, спалены, павешаны. Яшчэ столькі ж сагнаны на катаржныя работы.

Галоўную ролю ў вызваленні Шклова адыгралі асобныя падраздзяленні 222-й і 70-й стралковых дывізій. 222-я дывізія пад камандаваннем палкоўніка Аляксея Юрына першай з 33-й арміі фарсіравала Днепр і захапіла плацдарм з паўночнага боку ад Шклова. Перадавыя атрады палкоў 70-й дывізіі, якой камандаваў палкоўнік Міхаіл Калеснікаў, забяспечылі пераправу з паўднёвага і паўночнага бакоў. Да вечара 27 чэрвеня агульнымі намаганнямі дывізіі вызвалілі Шклоў. За вызваленне райцэнтра і паспяховае фарсіраванне Дняпра 222-я стралковая дывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, а 70-я атрымала ганаровае званне «Верхнедняпроўскай». Больш кровапралітнымі і жорсткімі былі баі за маленькія вёсачкі. У раёне вёскі Стараселле чырвонаармейцам супрацьстаяла элітная 25-я матарызаваная танка-грэнадзёрская дывізія і ўвесь яе штаб. Савецкая разведка своечасова выявіла тут вялікую колькасць нямецкай тэхнікі. Раптоўная атака ўнесла хаос у варожыя рады. У новай кнізе Мікалая Барысенкі ёсць цікавыя факты пра дэталі гэтага бою. Яны раскрываюць, наколькі гераічнымі і самаахвярнымі былі дзеянні вызваліцеляў.

Дырэктар Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ларыса Сілівестрава расказвае, што апошнім часам экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, значна пашырылася. 80-годдзю вызвалення Беларусі і раёна тут прысвечаны раздзел «Каб помнілі». Можна ўбачыць рэдкія фотаздымкі, асабістыя рэчы ветэранаў, іх узнагароды, успаміны, кнігі, фота. Шмат інфармацыі прысвечана партызанскай брыгадзе «Чэкіст», члены якой былі частымі гасцямі музея.

— У нашых фондах захаваўся ўнікальны артэфакт — трохтомнік успамінаў камандзіра брыгады Герасіма Кірпіча, — расказвае дырэктар музея. — Ён пасля вайны сам набраў іх на друкарскай машынцы і перадаў нам. Сумесна з раённым Саветам дэпутатаў праводзім работу па выданні кнігі. Гэта будзе вялікі том з фотаздымкамі — жывыя ўспаміны. А яшчэ нашаму музею нядаўна былі перададзены два пінжакі з узнагародамі ад родных нашых гераічных зямлячак ваенных медсясцёр Ніны Лайковай і Антаніны Каткоўскай. На 9 Мая мы выносілі іх у парк, людзі падыходзілі, цікавіліся. Гэтых жанчын памятаюць яшчэ жывымі, як яны тут працавалі.

Летась музей атрымаў у падарунак цікавы экспанат — звон памяці, які зрабіў ураджэнец вёскі Слабодка Шклоўскага раёна Пётр Печанькоў. Усе дэталі гэтай аб’ёмнай кампазіцыі нешта азначаюць. Квадратныя трубы — гэта печы крэматорыяў, дзе жывымі палілі тысячы людзей. Арачныя надпісы на нямецкай мове паўтараюць тыя, што былі на страшных нямецкіх канцлагерах — Дахау, Майданек, Бухенвальд. Рэчы ў клетцы сімвалізуюць фашызм, які перамаглі чырвонаармейцы. Сярод рэчаў ёсць і губны гармонік. У адным з актаў аб злачынствах на тэрыторыі раёна ёсць факт, што фашысты, калі палілі разам з жыхарамі шклоўскую вёску Смятанічы, гралі на губным гармоніку і танцавалі. Самае небяспечнае, што фашызм зноў адраджаецца. Аўтар паказаў гэта ў якасці гнязда з калючага дроту. І справа сённяшняга дня — не даць злу захапіць свет.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...