Вы тут

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?


Ягадна-грыбны сезон у самым разгары, а значыць, у лясах краіны рызыкуюць згубіцца людзі. Практычна кожны дзень, а то і па некалькі разоў за адны суткі ратавальнікам паступаюць паведамленні з просьбай знайсці ў лясным масіве сваяка, суседа або знаёмага. І добра, што большасць пошукавых аперацый заканчваецца паспяхова. Аднак бывае ўсялякае. Каб не трапіць у лік тых, каму аказваць дапамогу ўжо позна, прапануем прыслухацца да парад супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. За гэтымі каштоўнымі рэкамендацыямі — рэальныя гісторыі.


Як не згубіць дзіця

З пачатку года ў лясах краіны згубіліся 76 чалавек (па стане на раніцу 24 чэрвеня), сярод якіх 16 дзяцей. 

У прыватнасці, днямі ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лясным масіве паблізу вёскі Салацце, што пад Гроднам, згубіўся непаўналетні. Усхваляваныя бацькі расказалі, што прыехалі адпачыць на возера з начлегам. Раніцай іх сямігадовы сын пайшоў пагуляць па лесе. Праз некаторы час хлопчык не вярнуўся, і яго пачалі шукаць. Школьнік не адгукаўся на крык, тэлефона з сабой у яго не было. Прачасаўшы масіў паблізу месца стаянкі самастойна і не знайшоўшы сына, бацькі паведамілі аб тым, што здарылася, у міліцыю.

Для пошукаў былі прыцягнуты ратавальнікі, супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, пагранічнікі і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа. Усяго былі задзейнічаны 32 чалавекі на 13 адзінках тэхнікі. Ратавальнікі і паднялі ў паветра квадракоптар. Перыядычна падавалі гукавыя сігналы і інфармавалі транспартныя сродкі, што праязджалі, аб дзіцяці, якое згубілася ў лесе. Сына вярнуў бацькам жыхар абласнога цэнтра, які прыехаў у лес збіраць ягады. На шчасце, у медыцынскай дапамозе непаўналетні не меў патрэбы.

Паведамленне аб знікненні мужчыны ў лясным масіве каля вёскі Горная Рута, што ў Карэліцкім раёне, ратавальнікам паступіла познім вечарам. Усхваляваная жонка згубленага распавяла, што ўвечар яе муж адправіўся на шпацыр і дадому не вярнуўся. На пошукі адправіліся супрацоўнікі раённага аддзела МНС, пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, а таксама супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў. Мужчыну знайшлі ў лесе на наступны дзень. Пасля праведзенай у лясным масіве ночы яго шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя з папярэднім дыягназам «пнеўманія».

У зоне рызыкі — пажылыя

Асаблівай увагі патрабуюць пажылыя грамадзяне, якія, будучы ў лесе, часцей за ўсіх не знаходзяць зваротнай дарогі. Не разлічыўшы свае сілы, яны далёка заходзяць углыб ляснога масіву і губляюць арыенціры. Некаторым становіцца дрэнна, а з сабой няма ні лекаў, ні вады, а часам і тэлефона. 17 чэрвеня барысаўскія ратавальнікі шукалі ў лясным масіве жанчыну 1935 года нараджэння. Мабільным тэлефонам пенсіянерка не карыстаецца, што ўскладняла пошукі.

Правесці ноч у полі вымушана была пажылая жыхарка вёскі Альхоўцы Ляхавіцкага раёна. Да пошукаў бабулі, якая пайшла з дому, ратавальнікі падключыліся ноччу. Як падзяліўся пасля першы намеснік начальніка Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валянцін Сарайкін, сфарміравалі пошукавыя групы для абследавання дваровых тэрыторый у вёсцы, палёў, лясных масіваў, прылеглых да населенага пункта. «Выкарыстоўвалі тэхніку высокай праходнасці, — удакладняе ён. — Падчас пошукавых работ і апытання мясцовага насельніцтва ўстанавілі, куды, як мяркуецца, магла накіравацца пенсіянерка. Неўзабаве баранавіцкі ратавальнік на квадрацыкле знайшоў зніклую жанчыну ў кукурузным полі недалёка ад яе вёскі». Пасля агляду на месцы брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі жанчыну даставілі ва ўстанову аховы здароўя.

Ноч у лесе правялі жанчына і яе непаўналетняя дачка з Лельчыц, якія паехалі ў лес па грыбы і згубіліся каля вёскі Усаў Гомельскай вобласці. Паведамленне паступіла ратавальнікам ад дзяжурнага па РАУС. Маці з дзіцём шукалі звыш ста чалавек на 32 адзінках тэхнікі. На наступны дзень, бліжэй да абеду, іх знайшлі супрацоўнікі лясгаса. Стан жанчыны і дзяўчынкі быў здавальняльны, у медыцынскай дапамозе яны не мелі патрэбу.

Вада і тэлефон — абавязковыя атрыбуты

Ратавальнікі настойліва рэкамендуюць абавязкова рыхтавацца да паходу ў лес. Нават калі вы плануеце збіраць грыбы ці ягады на ўскраіне або зайшлі туды ненадоўга. Як паказвае статыстыка, менавіта так і думалі тыя, хто пасля самастойна не мог вярнуцца з лесу дахаты.

«Перш чым адправіцца ў лес, пераканайцеся ў тым, што ў вашым раёне не ўведзена забарона на наведванне лесу, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Калі дзейнічае, паход давядзецца адкласці. Калі наведваць лес можна і вы туды ўжо сабраліся, папярэдзьце аб сваіх намерах родных, блізкіх або суседзяў. У выпадку, калі вы своечасова не вернецеся дахаты, будзе каму забіць трывогу. Пажылым людзям, якія скардзяцца на дрэннае самаадчуванне або маюць хранічныя захворванні, увогуле варта ўстрымацца ад паходаў па грыбы або ягады. Таму, хто ў лесе бывае нячаста, аднаму хадзіць па лясныя дары ўвогуле не рэкамендуецца. Калі ж вельмі хочацца, выбірайце сабе спадарожніка, які добра ведае мясцовасць».

Збіраючыся па ягады або на «ціхае паляванне» нават на непрацяглы час, варта ўзяць з сабой невялікі запас ежы, ваду, нож і запалкі. Калі заблукаеце, гэты просты набор дазволіць пратрымацца некаторы час. Калі чалавек рэгулярна прымае лекі, ратавальнікі рэкамендуюць узяць з сабой іх і падчас наведвання лесу. Як паказвае практыка, невядома, калі пасля збору грыбоў ці ягад чалавек вернецца дахаты, таму тое, што яму жыццёва неабходна, заўсёды павінна быць пры сабе.

Акрамя таго, спецыялісты раяць паклапаціцца і аб тым, у чым вы пойдзеце ў лес. Апранацца трэба так, каб у адзенні быў хаця б адзін яркі элемент — у надзвычайнай сітуацыі чырвоная куртка або аранжавая камізэлька дапамогуць вам быць заўважаным. Важна, каб адзенне і абутак не прамакалі. І самае галоўнае — вазьміце з сабой у лес мабільны тэлефон. Па-першае, калі вы заблукаеце, то зможаце паведаміць аб гэтым або ратавальнікам, або сваім блізкім. Па-другое, наяўнасць мабільнага тэлефона пры пацярпелым значна аблягчае яго пошукі.

Карысныя парады

  • не панікуйце;
  • прыслухайцеся: шум трактара чуваць за 3-4 кіламетры, брэх сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік, які ідзе, — за 10 кіламетраў, ідзіце на гук;
  • шукайце лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Ідзіце ўздоўж іх і вы абавязкова выйдзеце да людзей;
  • калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні — яны заўсёды прывядуць да людзей;
  • патэлефануйце па тэлефоне МНС 112 і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. Але нават калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона, то ўсё роўна супакойцеся і настройцеся на добры зыход;
  • калі пачынае цямнець, то сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег;
  • для начлегу падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Ліст газеты, засунуты пад адзенне, зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад адзенне. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізоўваючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто шукае вас, не прайшлі міма: павесьце на кусты кепку, насоўку ці ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...