Вы тут

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?


Чыгунка — не месца для гульні. Здаецца, кожнаму гэта вядома з дзяцінства. Аднак дзіцячае свавольства не мае межаў, і чыгунка, якая заўсёды была і застаецца аб’ектам павышанай небяспекі, нярэдка становіцца пляцоўкай для дзіцячых забаў. Акрамя таго, знаходжанне ў раёне чыгуначнага палатна, у самім цягніку прадугледжвае выкананне элементарных правілаў паводзін. Няўважлівасць і неасцярожнасць прыводзяць да трагедый, у тым ліку сярод непаўналетніх.

Рызыка траўміравання грамадзян чыгуначным транспартам узрастае ў перыяд летніх школьных канікул. Невыпадкова супрацоўнікі органаў унутраных спраў сумесна з работнікамі Беларускай чыгункі ўзмацняюць кантроль за аб’ектамі чыгуначнага транспарту, праводзяць шырокую прафілактычную работу. З пачатку года адпрацавана 456 аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры, праведзена 3039 рэйдаў. У адным з такіх рэйдавых мерапрыемстваў прынялі ўдзел і карэспандэнты «Звязды».


Навушнікі да бяды давядуць

З пачатку года на аб’ектах чыгуначнага транспарту адбылося 35 фактаў траўміравання. Загінулі 26 чалавек. Для прадухілення наездаў на грамадзян лакаматыўнымі брыгадамі прыменены 103 экстранныя тармажэнні. Выпадкаў траўміравання непаўналетніх, на шчасце, сёлета не зарэгістравана. Аднак нагоды для самазаспакаення няма. За дзесяць гадоў на аб’ектах чыгуначнага транспарту было траўміравана 70 дзяцей. 

З іх 31 непаўналетні — смяротна.

Маладыя людзі масава парушаюць правілы праходу чыгуначных пуцей. Перасякаюць чыгунку перад цягніком, які набліжаецца, ідуць уздоўж чыгуначных пуцей, не выконваюць правілы бяспекі на чыгуначных пераходах, ігнаруюць светлавую і гукавую сігналізацыі. Часам увогуле не бачаць і не чуюць цягніка — паклапаціцца аб уласным жыцці не дазваляюць навушнікі і гаджэты, якія адцягваюць увагу і дэзарыентуюць у прасторы.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. 28 студзеня на прыпыначным пункце «Зарэчнае», што ў Смалявіцкім раёне, цягніком рэгіянальных ліній эканомкласа № 6020 Мінск — Орша быў траўміраваны дзевятнаццацігадовы хлопец. Мясцовага жыхара шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе ад атрыманых цялесных пашкоджанняў ён памёр. Як потым высветлілася, малады чалавек рухаўся па краі платформы. Акурат у гэты час набліжаўся цягнік. 

Хутчэй за ўсё, хлопец яго проста не заўважыў — на месцы здарэння былі знойдзены навушнікі.

Падобныя трагедыі здарыліся ў маі 2022 года на прыпыначным пункце «Кісялевічы» Бабруйскага раёна, калі на працягу тыдня былі траўміраваны двое непаўналетніх. Адзін — смяротна: 17-гадовы юнак перасякаў чыгуначныя пуці на веласіпедзе, будучы ў навушніках.

Як адзначае першы намеснік начальніка службы аховы працы і прамысловай бяспекі ўпраўлення Беларускай чыгункі Сяргей Пасуднеўскі, вялікая колькасць дзяцей атрымлівае траўмы, нават пераходзячы чыгуначныя пуці па пешаходных пераходах. «Ідуць па ўстаноўленых месцах, але не звяртаюць увагу на тое, што блізка праходзіць цягнік: і ўсё па віне навушнікаў, капюшонаў, нацягнутых ледзь не на вочы, — канстатуе ён. — Высокая доля электратраўмаў. Дзеці падымаюцца на канструкцыі, апоры, вагоны, дзе робяць сэлфі. Паражэнне электрычным токам адбываецца неабавязкова пасля дотыку да электрычнай сеткі. Пры пэўных умовах надвор’я, іншых фактарах можа ўзнікнуць электрычная дуга, якая паражае чалавека. Такія выпадкі таксама рэгіструюцца. Электратраўма вельмі небяспечная: чалавек або гіне, або застаецца інвалідам на ўсё жыццё».

Аб няшчасных выпадках, якія адбываюцца на чыгунцы, школьнікам расказваюць супрацоўнікі Беларускай чыгункі. На ўсіх вакзальных комплексах размешчаны лістоўкі, якія папярэджваюць людзей аб небяспецы, у цягніках гучаць адпаведныя аб’явы, пастаянна трансліруюцца на маніторах паведамленні. Для больш якаснага данясення інфармацыі Белчыгунка распрацоўвае шматлікія ролікі, відэафільмы. Ствараецца навучальны мультфільм, завяршаецца работа над размалёўкай для дзяцей.

Пад кругласутачным кантролем

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў на аб’ектах чыгуначнага транспарту з’яўляецца парушэнне грамадзянамі правіл бяспекі. Людзі павінны ўсвядоміць, што катэгарычна забараняецца пераходзіць праз чыгуначныя пуці перад цягніком, які набліжаецца або блізка стаіць. Небяспечна нават ісці ўздоўж чыгуначных пуцей. Калі цягнік ідзе на вялікай хуткасці, ёсць верагоднасць, што нешта можа адляцець: камяні, друз, на якім заманціраваны шпалы і рэйкі. Смяротнае траўміраванне можна атрымаць нават з-за паветранай плыні. Перасякаць чыгуначнае палатно можна толькі ва ўстаноўленых месцах, якія ў абавязковым парадку прадугледжаны інфраструктурай чыгункі. У адваротным выпадку парушальнікаў правіл бяспекі на аб’ектах чыгуначнага транспарту чакаюць штрафныя санкцыі.

Аднак прыцягненне грамадзян да адказнасці — не першачарговая задача, што стаіць перад супрацоўнікамі ўнутраных спраў, якія нясуць дзяжурства на буйных і не толькі чыгуначных вузлах краіны. Дзяжурныя нарады міліцыі ў кругласутачным рэжыме сочаць за парадкам на чыгуначных аб’ектах, працуюць на прафілактыку, каб ні правапарушэнняў, ні, не дай бог, злачынстваў дапушчана не было.

— Тэхнічныя магчымасці (у прыватнасці сістэмы відэаназірання) дазваляюць нам поўнасцю адсочваць абстаноўку на аб’ектах чыгуначнага транспарту, устанаўліваць асобы правапарушальнікаў і прыцягваць іх да адказнасці, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС падпалкоўнік міліцыі Віталь Якубоўскі. — Асаблівая ўвага скіравана на непаўналетніх. Міліцыянеры суправаджаюць арганізаваныя групы дзяцей, якія карыстаюцца чыгуначным транспартам. У абавязковым парадку звяртаюць увагу на непаўналетніх, якіх знаходзяцца без суправаджэння дарослых.

Дарэчы, да дасягнення дзесяцігадовага ўзросту дзеці не могуць знаходзіцца на аб’ектах чыгуначнага транспарту самастойна. 

У іншым выпадку гэта заўсёды нагода падысці да непаўналетніх і высветліць прычыну іх знаходжання паблізу чыгункі, на вакзале ці станцыі, у вагоне. Віталь Якубоўскі расказвае, як некалькі гадоў таму нараду міліцыі ў Жлобіне даводзілася здымаць з цягніка дваіх дашкольнікаў, якія ўцяклі з дзіцячага садка і накіраваліся ў бок чыгункі. Дзякуючы праваахоўнікам удалося пазбегнуць самых трагічных наступстваў.

Скарачаць шлях — рызыкаваць жыццём

Кантрольныя мерапрыемствы на аб’ектах чыгуначнага транспарту ажыццяўляюць і супрацоўнікі Беларускай чыгункі. У месцах масавага парушэння пераходу чыгуначных пуцей устанаўліваюцца фотапасткі — як правіла, там, дзе фіксуецца найбольшая колькасць фактаў экстраннага тармажэння рухомага саставу. Аднак і тут мэта — не пакараць чалавека. Галоўнае — не дапусціць няшчаснага выпадку, захаваць чалавечае жыццё.

Аб людзях пенсіённага ўзросту супрацоўнікі ўпраўлення Беларускай чыгункі таксама паклапаціліся. Інфармацыю аб правілах бяспечных паводзін на аб’ектах чыгуначнага транспарту размясцілі паблізу дачных кааператываў, садаводчых таварыстваў.

«Мы ўлічваем узрост людзей, у пажылых рэакцыя ўжо не тая, і яны не заўсёды аператыўна могуць зрэагаваць у момант набліжэння цягніка, — кажа Сяргей Пасуднеўскі. — Невыпадкова рэгулярна паведамляецца аб тым, што на станцыю прыбывае цягнік: людзей папярэджваюць, каб былі асцярожнымі. Ёсць такі фактар, калі з аднаго пуці цягнік праходзіць і чалавек аўтаматычна пачынае рух, не звяртаючы ўвагу на тое, што на другім пуці з’яўляецца наступны, якога не відаць з-за хваста папярэдняга цягніка. На жаль, па гэтай прычыне таксама фіксуюцца факты траўміравання. Каб выключыць такія сітуацыі, нашы спецыялісты пастаянна працуюць над графікам цягнікоў. На асаблівым кантролі знаходзіцца і абсталяванне інфраструктуры. Выйшаўшы з цягніка, людзі не проста так ідуць уздоўж чыгуначных пуцей. Вядома, дзесьці скарачаюць шлях. А дзесьці, асабліва гэта характэрна для сельскай мясцовасці, няма добраўпарадкаваных дарожак, таму і ўзнікаюць месцы несанкцыянаванага праходу».

Усе яны ўлічаны і пакладзены на карту. Аднак калі найбольш складаныя ўчасткі, якія ствараюць пагрозу жыццю грамадзян, у вялікіх гарадах прасцей абазначыць або абгарадзіць, то ў сельскай мясцовасці гэта зрабіць складаней. Праблема вырашаецца пасадкай расліннасці, устаноўкай спецыяльных інжынерных сродкаў.

Толькі чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Людзі ўвесь час кудысьці спяшаюцца, а таму парушаюць правілы бяспекі, рызыкуючы, вядома, самым дарагім, што ў іх ёсць. А, між іншым, тармазны шлях цягніка — мінімум кіламетр. «Хуткасць цягніка прыкладна ў 30 разоў большая за хуткасць чалавека, — звяртае ўвагу Сяргей Пасуднеўскі. — Пераходзячы чыгуначныя пуці перад цягніком, які набліжаецца, людзі думаюць, што ён далёка. Але многія не ўсведамляюць, што 5-6 секунд — і гэты цягнік знаходзіцца каля яго ў непасрэднай блізкасці».

Небяспечныя захапленні

Апошнім часам на аб’ектах чыгуначнага транспарту пачасціліся выпадкі хуліганства. Набірае абароты так званае зачэперства, калі маладыя людзі, у тым ліку непаўналетнія, залазяць на вагоны, чапляюцца за поручні, лесвіцы, падножкі, іншыя элементы і едуць па маршруце. Пры гэтым мала хто з моладзі ўспрымае ўсур’ёз тое, што такога роду захапленне можа скончыцца трагедыяй. І такія выпадкі ўжо ёсць. На шчасце, не ў Беларусі. Але маглі быць, калі б не супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія своечасова выявілі юных правапарушальнікаў.

З пачатку года на чыгунцы затрыманы пяць юных зачэпераў. Двух аматараў пракаціцца не па правілах знялі з цягніка літаральна нядаўна. Увечары 31 мая супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на транспарце затрымалі на станцыі Орша-Цэнтральная 15-гадовага мінчаніна, які праязджаў паміж вагонамі таварняка і цягніка Масква — Мінск. Праз дзень на пероне гэтага ж вакзала папаўся ўжо 17-гадовы жыхар сталіцы. Ён правёў у дарозе дзве гадзіны паміж вагонамі саставу, які ішоў у Маскву.

Падлеткі часта становяцца фігурантамі іншых правапарушэнняў, якія ствараюць пагрозу бяспечнаму руху на чыгунцы. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС, зарэгістраваны выпадкі, калі дзеці клалі староннія прадметы на чыгуначнае палатно. «Некаторыя рабілі гэта несвядома, але адказнасці за такі ўчынак ніхто не здымае, — удакладняе Віталь Якубоўскі. — Напрыклад, у Мінскай вобласці дзеці будавалі шалаш каля чыгункі, цягалі галіны, частка якіх падала на чыгуначнае палатно. Па-першае, гэта небяспечны занятак, бо дзеці перасякалі чыгунку ў неўстаноўленым месцы. З іншага боку, сваімі дзеяннямі яны маглі стварыць перашкоду руху чыгуначнага транспарту. Гэтым разам усё абмежавалася прафілактычнай гутаркай».

У іншых выпадках з-за свайго свавольства непаўналетнія сталі фігурантамі крымінальнай справы. У прыватнасці, 9 сакавіка юныя жыхары Жодзіна з хуліганскіх памкненняў перад набліжэннем цягніка кідалі з горкі на чыгуначныя пуці аўтамабільныя пакрышкі. У выніку лакаматыўнай брыгадай цягніка было прыменена экстраннае тармажэнне, з-за чаго адбылося пашкоджанне тармазной магістралі. У адносінах да непаўналетняга 2009 года нараджэння, які ўдзельнічаў у хуліганскіх дзеяннях, узбуджана крымінальная справа.

Не застанецца без увагі і такі від дзіцячага свавольства, як кіданне камянёў у цягнікі або ў святлафоры, якія рэгулююць рух. Такія «забавы», што таксама адносяцца да катэгорый правапарушэнняў, могуць добра ўдарыць па сямейным бюджэце. Паколькі ў нас на чыгунцы даволі сучасныя саставы, кошт аднаго шкла можа вельмі нятанна каштаваць. З-за такога дзіцячага свавольства, акрамя прыцягнення да адказнасці, на законных прадстаўнікоў непаўналетняга будзе ўскладзена і кампенсацыя шкоды, прычыненая іх нашчадкамі.

Як акцэнтуе ўвагу Віталь Якубоўскі, крымінальная адказнасць за хуліганства наступае з 14 гадоў. «Калі правапарушальнікі не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці, то пратакол складаецца ў адносінах да бацькоў, — кажа ён. — Адпаведна, разглядаецца іх роля ў выхаванні непаўналетніх».

Такім чынам, ні адзін падобны выпадак не застаецца без увагі праваахоўнікаў. Аднак галоўнае — гэта жыццё, якое ў непаўналетніх яшчэ наперадзе. Ад своечасовай размовы на тэму правіл бяспекі на аб’ектах чыгуначнага транспарту, бацькоўскага кантролю за сваімі нашчадкамі шмат што залежыць.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Недзіцячыя «забавы»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...