Вы тут

Піць лета па кроплі


«Ніколі не раздзяляла ўсеагульнай эйфарыі з нагоды лета. Бо лета — гэта праца. Палоць агарод, ратаваць бульбу ад каларадскіх жукоў, пасвіць кароў, збіраць ягады, адмахваючыся ад неадчэпных камароў, пераварочваць і зграбаць у стагі сена, — дзеліцца сваімі дзіцячымі ўспамінамі сяброўка. І потым з настальгіяй дадае: — Але гэта было так па-сапраўднаму...».


Фота з адкрытых крыніц

«Лета — гэта маленькае жыццё, — кажа яшчэ адна прыяцелька, якая вельмі любіць загараць і стараецца «злавіць» кожны сонечны праменьчык. — Гэта «велік», шыкоўныя заходы і світанкі, пасядзелкі з сябрамі каля вогнішча да ночы. Лета — гэта ягады з куста, міска з пенкай ад варэння, якое не закаталі і можна адразу есці. Гэта пяткі, што не адмываюцца ад травы і зямлі. Лета — гэта бясконца доўгі дзень. І сотні сонечных зайчыкаў-успамінаў».

Цяпер паўсюль размоў — толькі пра лета. Вось на мінулым тыдні ехала ў маршрутцы. І кіроўца, каб падтрымаць размову з пастаянным пасажырам, кінуў: «Ну вось і большая частка чэрвеня ўжо прайшла...» — «Ага, месяц праляцеў як адно імгненне, я нават і не заўважыў».

«На канікулах пабег купацца, не паспеў нырнуць, — ужо пара вылазіць і зноў у школу. Ад таго і туга бярэ, — згадаліся радкі з рамана Рэя Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў». Безумоўна, мы, людзі, не ў сілах стрымаць час. Але ж можам не пражываць яго «на аўтамаце», а напаўняць значнымі толькі для нас момантамі. Таму, каб не расплюхаць лета і потым не шкадаваць аб упушчаных магчымасцях, у гэтым годзе я вырашыла паспець ухапіць як мага больш летніх цудаў. У першую чаргу, захаваць лецейка ва ўспамінах. Пакуль што адзін з самых яркіх — як мы ў гадавіну нашага з мужам вяселля купаліся ў вадаёме з відам на Нясвіжскі замак.

...На гэта лета ў мяне шмат планаў. Сярод іх — маленькая мара: хачу ўбачыць, як бусляняты вучацца лётаць. Сусед, які жыве ў вёсцы ўсё жыццё, кажа, што гэты момант ужо не за гарамі. Праз тыдзень, максімум два, птушаняты пачнуць вылятаць з бацькоўскага гнязда...

Пакуль жа яны прагна цягнуцца цікаўнымі галоўкамі ў неба і нясмела размінаюць крылцы. Каб не прапусціць момант, штодня час ад часу спыняюся і назіраю за буслянятамі. За гэты час зрабіла для сябе столькі адкрыццяў! Напрыклад, касмічныя гукі, якія выдаюць бусляняты, я да гэтага лета ніколі не чула альбо проста не звяртала ўвагі. А яшчэ, аказваецца, у дзетак, у адрозненне ад дарослых буслоў, чорны колер дзюбы і ног.

Цяпер, дарэчы, вядзецца Нацыянальны ўлік белага бусла — 2024. У гэтым цудоўным праекце могуць прыняць удзел усе ахвотныя. Для гэтага трэба проста паведаміць на пошту busel2024belarus@gmaіl.com аб гнёздах буслоў, якія вы ведаеце. У прыватнасці, назву населенага пункта, колькасць буслянак у ім і на чым яны размешчаны (дрэва, дах, слуп, воданапорная вежа...), а таксама колькасць птушанят. Для больш дакладнага іх пераліку трэба дачакацца кармлення. Бо бусляняты, пакуль маленькія, часта хаваюцца ў гняздзе і паказваюць свае галоўкі, як правіла, толькі калі прылятаюць тата ці мама з ежай.

Апроч калекцыяніравання летніх уражанняў, я пакрысе раблю і матэрыяльныя нарыхтоўкі на зіму. Зварыла варэнне з сасновых шышак, збіраю і сушу мелісу, мяту, чабор, бергамот, мацярдушку са свайго міні-аптэкарскага агародчыка, духмяныя кветкі вясковай шыпшыны ды ліпы. У найбліжэйшых планах — ферментаваць самую маю любімую і такую карысную гарбату — скрыпень (іван-чай)...

Усе людзі розныя. У кагосьці шклянка часцей за ўсё напалову пустая, у кагосьці напалову поўная. У мяне таксама бываюць розныя дні, настрой. Але, тым не менш, стараюся настройваць сябе на пазітыў, думаць аб тым, што наперадзе яшчэ цэлых два месяцы лета, а далей бабіна лета... А наогул, калі задумацца, няма розніцы, якое надвор’е, калі побач дарагія сэрцу людзі, з якімі хочацца перажываць усе чатыры пары года.

...Летась цёплым жнівеньскім вечарам мы з сябрамі сядзелі ў нас на тэрасе. Алесь дастаў кнігу вышэйзгаданага Рэя Брэдберы «Лета, бывай». І зачытаў услых урывак з яе. «Жнівень трэба цадзіць павольна, як грушавы лікёр. Наліваць у маленькую чарачку, адсёрбваць па кропельцы, а скрозь чарачку глядзець на сонца. Жнівеньскія ночы трэба разводзіць агеньчыкамі свечак, малаком, налітым у каганец для дамавіка, муркатаннем ката і стракатаннем конікаў. Жнівеньскія дні трэба закладваць між старонак кніг, як закладкі, каб потым вытрасаць іх жар у золкім лістападзе, дастаўшы гэтую кнігу з паліцы. І заклінаю вас, ну не крычыце вы на ўсіх кутах: «Ой, вось і жнівень, вось і восень!» Ну куды вы спяшаецеся? Спыніце гадзіннік. Піце па кроплі».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.