У пярэдадзень 3 ліпеня, калі наша краіна будзе адзначаць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Віцебску прэзентавалі кнігу Н. Дарафеенка, М. Дарафеенкі, М. Пахомава «Віцебскае падполле», якая толькі што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
Імпрэза, прысвечаная вяртанню да шырокага чытача ўнікальнага даследвання (першыя выданні кнігі адносяцца да 1969 і 1974 гадоў), прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна. Сваімі развагамі пра кнігу падзяліліся намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Уладзіміраўна Буевіч, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага інстытута імя П. М. Машэрава Анатоль Мікалаевіч Дулаў, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра Таццяна Туманава, а таксама Вольга Акуневіч, вядомы віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі. Асабліва шчымлівым было выступленне дачкі Ніны Іванаўны і Мікалая Уладзіміравіча Дарафеенка — Валянціны Мікалаеўны Кучарэнка. Яна расказала, што асабіста для яе значыць праца бацькоў, якія шчыра і, нягледзячы на самыя розныя складанасці, узнаўлялі памяць пра гераізм сваіх землякоў, узнаўлялі ў памяці гараджан імёны людзей, што не пашкадавалі сваіх жыццяў для барацьбы з ворагам.
Пасля прэзентацыі развагамі падзялілася загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ларыса Рагачова: «Кніга пра Віцебскае падполле — наш доўгачаканы праект. Мы ўдзячны выдавецтву, якое ў пярэдадзень юбілея вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў справілася з гэтай задачай. Спадзяюся, што разам з абласной бібліятэкай „звяздоўцы“ адолеюць яшчэ не адзін асветніцкі праект. Мы гатовы вылучаць ідэі, аказвацб самую розную падтрымку, прыцягваць да супольнай працы нашых чытачоў. Выдатна, калі кнігу пра гераічныя справы нашых папярэднікаў заўважаць у школьных і студэнцкіх аўдыторыях. Прэзентацыі кнігі пра Віцебскае падполле можна было б арганізаваць не толькі ў Віцебску і на Віцебшчыне, але і ў Мінску, дзе жыве шмат ураджэнцаў нашага горада. Упэўнена, што новае выданне кнігі, як і папярэднія, будзе запатрабавана».
Кастусь ЛЕШНІЦА
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.