Вы тут

Якія пытанні вырашае калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


З кожным годам з’яўляецца ўсё больш неабыякавых людзей, якія хочуць бачыць свой двор дагледжаным, пад’езд — чыстым, а лавачкі — пафарбаванымі. Калі вышэйсказанае — гэта пра вас, паспрабуйце свае сілы ў калегіяльным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Не трэба палохацца мудрагелістай назвы, усё вельмi проста. Так афіцыйна называецца група людзей, якiя не абыякава ставяцца да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Падрабязней аб тым, чым сёння жыве такая грамадская ініцыятыва, карэспандэнты «Звязды» даведаліся ў КОТГС № 120 Кастрычніцкага раёна сталіцы.


Галоўная задача калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — быць злучальным звяном паміж насельніцтвам раёна і адміністрацыяй, ЖКГ, МУС, МНС, установамі адукацыі. Акрамя гэтага прадстаўнікі органа самакіравання ў абавязковым парадку ўдзельнічаюць ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях, суботніках і іншых культурна-масавых мерапрыемствах.

«Сёння мы стараемся падтрымліваць у добрым, спраўным стане спартыўную пляцоўку на вуліцы Асаналіева ў двары дома нумар 9, — распавяла сакратар калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Яўгенія Аляксеева. — Калі нешта прыходзіць у непрыдатнасць, неадкладна рэагуем і выпраўляем пашкоджанні. Вельмі ўдзячныя ЖКГ Кастрычніцкага раёна горада Мінска. Іх супрацоўнікі ў цесным кантакце з намі. Яны заўсёды адгукаюцца на просьбы аб дапамозе і падтрымліваюць нас. Спартыўная пляцоўка — аблюбаваная лакацыя не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Пажылыя людзі, вяртаючыся з крамы, любяць пасядзець на лаўцы ў цені, асаблівае ў спякотнае лета і пагутарыць».

КОТГСы рэгулярна прымаюць удзел у штогадовым раённым і гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы, ажыццяўляюць зваротную сувязь з насельніцтвам, прыцягваючы жыхароў мікрараёнаў да ўдзелу ў работах па добраўпарадкаванні тэрыторый. Ва ўзаемадзеянні з раённай адміністрацыяй і службамі раёна яны ўдзельнічаюць у культурна-масавых, спартыўных мерапрыемствах, а таксама ў рабоце з моладдзю. Прадстаўнікі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 штомесяц удзельнічаюць у савеце грамадскага пункта аховы правапарадку, працуюць з цяжкімі падлеткамі і праблемнымі сем’ямі, прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і дадатковых суботніках, працуюць са зваротамі грамадзян. Праз уласны тэлеграм-канал інфармуюць жыхароў раёна аб мерапрыемствах.

Дарэчы, часта ад сем’яў раёна паступаюць просьбы ўладкаваць на спартыўнай пляцоўцы невялікае футбольнае поле, усталяваць вароты для гульні ў міні-футбол. «Тут непадалёк ёсць школа з вялікім стадыёнам, але дзеці баяцца самі туды хадзіць. На гэтай пляцоўцы, якая знаходзіцца прама пад іх домам, рабятам нашмат камфортней. Уся атрыманая інфармацыя была перададзена ў неабходныя інстанцыі. Наш калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання трымае выкананне кожнага пытання на кантролі. Мы стараемся пачуць усіх і дапамагчы кожнаму. Вядома, не заўсёды ёсць магчымасць выканаць просьбу аператыўна. Таму калі не адразу, то крыху пазней абавязкова рэалізуем тое, што абяцалі зрабіць», — запэўніла Яўгенія Аляксеева.

Паводле яе слоў, на тэрыторыі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ёсць падшэфны яслі-сад, які наведваюць самыя маленькія мінчане. Але вось незадача — на ўваходзе ў дашкольную ўстанову разбіты асфальт. «З пытаннем рамонту дарогі да нас звярнулася загадчыца яслі-сада. Бруд, перамяшаны з кавалкамі асфальту, прычыняў шмат нязручнасцяў для дзяцей, іх бацькоў і супрацоўнікаў установы. Мы звярнуліся ў ДАІ Кастрычніцкага раёна — як вынік — за чатыры дні тут праклалі новы асфальт. Акрамя таго, нашымі сумеснымі намаганнямі быў пракладзены бяспечны падыход да мясцовай школы — раней школьнікі былі вымушаныя дабірацца да ўстановы адукацыі па праезнай частцы. Прыйшлося нямала папрацаваць, аднак цяпер дарога дзяцей па веды — бяспечная», — заключыла сакратар.

Такім чынам, калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — гэта звычайныя людзі, нашы з вамі суседзі, якія неабыякавыя да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Акрамя таго, яны садзейнічаюць праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў і падтрыманні грамадскага правапарадку, удзельнічаюць у вырашэнні пытанняў, звязаных з сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, праводзяць культурныя, спартыўныя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы для жыхароў раёна, хадайнічаюць аб заахвочванні актыўных грамадзян, якія ўносяць вялікі асабісты ўклад у развіццё грамадскага самакіравання, ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці са Статутам горада Мінска, якія не супярэчаць дзеючаму заканадаўству нашай краіны.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.