Маніторынгі, якія прафсаюзы праводзяць на працягу ўсіх этапаў сельскагаспадарчых работ, сведчаць, што з забеспячэннем і дастаўкай гарачага харчавання на палі пытанняў няма.
Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел Манько, арганізацыя абедаў у гаспадарках краіны на высокім узроўні — усе работнікі, занятыя на ўборцы ўраджаю, своечасова атрымліваюць гарачае харчаванне, пітную ваду.
— Да пачатку ўборачнай кампаніі сельгаспрадпрыемствы падышлі з поўнай гатоўнасцю. Калі казаць пра харчаванне ўдзельнікаў жніва, то ўжо некалькі гадоў мы адзначаем станоўчую тэндэнцыю. Гарачыя абеды з дастаўкай да месца працы даўно сталі нормай. У многіх сельгасарганізацый ёсць уласныя сталовыя, дзе гатуюць смачную і сытную хатнюю ежу. Таксама для ўдзельнікаў жніва абсталяваны месцы для прыёму ежы ў палявых умовах —закуплены сталы, лаўкі або крэслы. На гэтыя пытанні пры наведванні арганізацый прафсаюзы звяртаюць увагу і пры неабходнасці будзем падключацца і дадаткова закупляць неабходныя камплекты, — адзначыў Павел Манько.
Дарэчы, вынікі маніторынгу паказваюць, што ў большасці сельгаспрадпрыемстваў арганізавана двухразовае гарачае харчаванне. У некаторых прадпрыемствах у залежнасці ад графіка працы прадугледжана і трохразовае. Пры гэтым у большасці калектыўных дагавораў прапісана патанненне кошту харчавання ўдзельнікаў палявых работ. Прафсаюзы сумесна з наймальнікамі працуюць над тым, каб кошт патаннення даходзіў да 70-90%.
Неабходна адзначыць, што ўжо традыцыйна пры ФПБ на час уборачнай кампаніі створаны і працуе Рэспубліканскі штаб. У ім задзейнічаны не толькі прадстаўнікі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, але і ўсіх галіновых прафсаюзаў. Пад увагай прафсаюзных спецыялістаў — усе пытанні працы работнікаў сельскай гаспадаркі ў гарачую пару: ад укамплектавання камбайнаў аптэчкамі, вогнетушыцелямі, наяўнасці сродкаў індывідуальнай абароны, спецадзення да забяспечанасці пітной вадой.
У гэтым годзе прафсаюз работнікаў АПК сумесна з галіновым прафсаюзам работнікаў аховы здароўя плануе ўвесці яшчэ адну практыку.
— Бываюць сітуацыі, калі няшчасныя выпадкі на працоўных месцах адбываюцца не з-за парушэння патрабаванняў аховы працы, а з-за стану здароўя работніка. Напрыклад, здарыўся ў чалавека сардэчны прыступ у той час, калі ён знаходзіўся на працы. Нажаль, такія выпадкі ёсць. Асабліва рызыка ў перыяд гарачага надвор’я. Таму ў такі час будзе прапрацоўвацца пытанне, каб да работнікаў у палях падчас абеду прыязджаў медработнік, які своечасова ацэніць здароўе і стан чалавека. Таксама падчас анамальнай спякоты плануецца пераносіць месцы прыёму ежы ў цень, а таксама ўсталёўваць намёты, — дадаў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ.
На працягу ўсёй уборачнай кампаніі прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый усіх узроўняў працягнуць актыўную работу.
Алена КРАВЕЦ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.