Вы тут

Новая персанальная выстаўка — у галерэі «Арт-Фабрыка»


У галерэі «Арт-Фабрыка» працягваецца выставачны праект «Shappo 24», які прэзентуе плён працы прадстаўнікоў дынастыі мастакоў Шаппо. На мінулым тыдні адкрылася персанальная выстаўка графіка і скульптара Аляксандра Шаппо «Solar sonata». У экспазіцыі, што будзе працаваць да канца ліпеня, змешчаны творы розных гадоў, у тым ліку новыя работы аўтара, поспехі якога апошнім часам былі адзначаны журы Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, экспертамі фестывалю «Арт-Мінск» і беларускай публікай. 


«Золата Шлімана»

На выстаўцы «Solar sonata» мастак разважае пераважна пра маладосць і яе спадарожнікаў — палкасць, магнетызм, каханне... Прытым у цэнтры яго ўвагі толькі жанчына, якая, згодна са створанымі вобразамі і заключанымі ў творах сімваламі, абяцае бездань уцех. Тая ж ружа, няхітра змешчаная ў творы «Прыгажуня, якая спіць», — сімвал абуджэння ўсяго жывога. Як правіла, закрыты бутон азначае маладосць, што ўваходзіць у сілу; раскрытая ж ружа ўвасабляе прыгажосць, запал, цягу... 

Між тым нельга разглядаць творы аўтара выключна з пункту гледжання сімволікі, матываў класічнага еўрапейскага выяўленчага мастацтва. Усё ж сучаснік Аляксандр Шаппо нават у работах, прысвечаных грэчаскаму эпасу, арыентуецца (ці спасылаецца) на нетрадыцыйныя кірункі, у якіх у мінулым стагоддзі працавалі еўрапейскія жывапісцы і графікі, і нават на жанры, вынайдзеныя ўсходнімі творцамі задоўга да гэтага. Натуральна, кожны новы перыяд у развіцці мастацтва звязаны гістарычнай пераемнасцю з папярэднімі перыядамі. Так, нельга не заўважыць уплыў на мастака сюнгі — кітайскіх і японскіх гравюр дастаткова фрывольнага зместу (тут можна згадаць работу Аляксандра Шаппо «Свяшчэнны дым смерці»). А яшчэ напрошваюцца паралелі з творчасцю надзвычай уважлівага да аголенага цела вядомага экспрэсіяніста Эгана Шыле. Аднак калі аўстрыец схіляўся да парушаных прапорцый, то Аляксандр Шаппо часта ігнаруе іх праўдападобнасць і насалоджваецца гульнёй з формай — аж да гратэску (яркі прыклад — скульптура «Палкоўнік»); калі Эган Шыле выяўляў ненатуральныя паставы герояў, то беларускі графік аддае перавагу звычайнай пікантнасці (скульптура «Хамам», работы графічнай серыі «Сем настрояў вінаграднай лазы»); між тым жэсты герояў імпрэсіяніста перадаюць адчуванне пакуты, трывогі, часам болі і відавочнай адзіноты, а ў работах беларускага графіка і скульптара ўсё ж бачны радасць і спакой персанажаў, асалода ад моманту, хоць у некаторых выпадках выразна падкрэсліваецца хуткаплыннасць часу («Прадчуваючы», «Духмяна пахла ліліямі пятая жонка»). 

«Прыгажуня, якая спіць»

Іншы раз здзіўляе, што ў творчасці мастака, які шмат зрабіў для беларускага мастацтва і культуры (працаваў, напрыклад, над абліччам станцыі метро «Вакзальная» — стварыў скульптурную работу «Дрэва дарог»; увайшоў у аўтарскі калектыў, які займаўся распрацоўкай часткі мемарыяла ў Трасцянцы; «Помнік дойліду Іаану» ў Полацку — таксама яго праца), так мала пазнавальных беларускіх матываў, прысвячэнняў гісторыі і традыцыям краіны. На выстаўцы «Solar sonata» відаць, што менавіта сусветна вядомыя старажытныя міфы, гісторыі і літаратурныя сюжэты маюць для Аляксандра Шаппо першараднае значэнне. Для яго ўсё гэта не чужое, не далёкае і не мінулае. Здаецца, як і для ўважлівага і цікаўнага гледача, здольнага атрымаць асалоду ад аўтарскіх інтэрпрэтацый. Захапіць здольна ўсё: ад «Іона», прысвячэння трагедыі Эўрыпіда ў сямі літаграфіях да «Дзіцячых казак для дарослых», графічнай серыі па матывах казак, што, зразумела, маюць мноства прачытанняў. 

«Чорны дождж»

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.