Вы тут

Як будуць адзначаць Дзень Незалежнасці ў Мінску?


Сталічныя ўлады і ведамствы ва ўсю рыхтуюцца да гэтага важнага дня. На 2 і 3 ліпеня ў беларускай сталіцы запланаваны дзясяткі культурна-масавых мерапрыемстваў. Асноўная падзея, натуральна, — ваенны парад. Акрамя таго, у кожным раёне горада будуць арганізаваны выставы і розныя тэматычныя мерапрыемствы ды ўнікальныя пляцоўкі. Завершыцца святкаванне Дня Незалежнасці святочным феерверкам, на які сёлета можна будзе паглядзець з сямі розных пунктаў.


Фота Лізаветы Голад.

Сімвал мужнасці

«3 ліпеня беларускі народ адзначае галоўнае свята нашай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, — распавёў намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр Андрэй Жук. — Сёлета мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Самае галоўнае мерапрыемства, якое будзе праводзіцца ў гэты важны дзень, — парад войскаў Мінскага гарнізона — сімвал памяці, мужнасці і гераізму беларускага народа. Сёлета мы павялічылі фармат правядзення ваеннага парада. Традыцыйна ён будзе складацца з некалькіх блокаў. Завершыцца парад тэатралізаваным нумарам, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі».

Па словах Андрэя Жука, з улікам значнасці мерапрыемства колькасць парадных разлікаў павялічана практычна ў 1,5 раза. У парадзе войскаў прымае ўдзел больш за шэсць тысяч чалавек. Гэта 36 пешых парадных разлікаў, 29 парадных разлікаў механізаванай калоны і 12 парадных разлікаў паветранага эшалона.

Механізаваную калону адкрые парадны разлік танкаў Т-34 — танкавая рота часоў Вялікай Айчыннай вайны. Далей пойдуць стандартныя парадныя разлікі.

Пасля праходжання механізаванай калоны запланаваны пралёт паветраных эшалонаў. Са слоў генерал-маёра Жука, гэта 12 парадных разлікаў, 37 паветраных суднаў як ад Рэспублікі Беларусь, так і ад Расійскай Федэрацыі. Завершаць парад самалёты, якія выпусцяць дым колераў дзяржаўнага сцяга Беларусі.

«Парад — гэта сімвал і даніна павагі продкам. Сёння ў парадным страі стаіць вялікая колькасць унукаў і праўнукаў абаронцаў краіны, якія вызвалялі Беларусь у цяжкія ваенныя гады. На сцягах нашых злучэнняў і воінскіх часцей красуюцца тыя ордэны, якія былі заваяваны нашымі дзядамі і прадзедамі. Парад — гэта не пагроза. Гэта паказ адзінства беларускага народа і яго гатоўнасць абараняць нашу Радзіму», — падкрэсліў намеснік міністра абароны.

Дарэчы, у суботу і ў панядзелак у вячэрні час пройдуць дзве фінальныя рэпетыцыі на месцы правядзення парада. Сам ваенны парад з нагоды Дня Незалежнасці пачнецца ў Мінску 3 ліпеня а 9 гадзіне раніцы. Пачатак быў перанесены на гадзіну раней у сувязі з умовамі надвор’я.

Намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл, палкоўнік Сяргей Томчык распавёў, што ў складзе механізаванай калоны больш чым 300 адзінак тэхнікі. «У асноўным гэта тэхніка, якая выпушчана айчыннымі прадпрыемствамі ці пастаўлена прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі. На парадзе будуць прадстаўлены перспектыўныя ўзоры, па якіх вядуцца напрацоўкі, завяршаюцца выпрабаванні з мэтай прыняцця іх на ўзбраенне. Склад ваенізаванай калоны маляўнічы, вялікі — мінчанам і гасцям сталіцы будзе на што паглядзець», — запэўніў ён.

Змены ў схеме транспарту

«Ваенны парад — мерапрыемства важнае, патрэбнае і шырокае, але ў першую чаргу мы павінны падумаць аб бяспецы нашых грамадзян і гасцей сталіцы, — падкрэсліў ваенны камендант Мінскай ваеннай камендатуры, палкоўнік Дзмітрый Жукоўскі. — Падчас падрыхтоўкі і правядзення генеральных рэпетыцый 29 чэрвеня, 1 ліпеня і непасрэдна 3 ліпеня будуць унесены абмежаванні ў руху ўсіх тыпаў транспарту на вуліцах горада Мінска. У мэтах арганізаванага выхаду ў горад на рэпетыцыі і сам парад ваенная тэхніка будзе выстройвацца на вуліцы Старынаўская».

Больш падрабязную інфармацыю пра іншыя змены ў схеме транспарту можна паглядзець на сайце Міністэрства абароны.

Нагода для радасці

«Святочныя мерапрыемствы сёлета як ніколі набылі асаблівы размах і маштаб, — заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч. — Пройдзе шэраг рэспубліканскіх масавых мерапрыемстваў, сярод якіх — урачысты сход і святочны канцэрт «Шлях да незалежнасці» ў Палацы Рэспублікі 2 ліпеня. Запланаваны і тэатралізаваны эпізод у працяг парада пад назвай «80 ваенных гадоў». Далей святочную праграму прадоўжыць канцэрт майстроў мастацтва ў Вялікім тэатры Беларусі, які адбудзецца ў 18:00. Апафеозам святкавання стане традыцыйнае мерапрыемства на пляцоўцы каля абеліска «Мінск — горад-герой». Тут адбудзецца гала-канцэрт «Героям-вызваліцелям памяць на стагоддзі» ў рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, пачатак якога запланаваны на 21:00».

Дарэчы, да пачатку канцэрта адбудзецца выстава «Жыццё пад знакам якасці», якая прысвечана дасягненням Беларусі за гады незалежнасці. Тут адлюстраваны тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі, аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, 105-годдзя ўтварэння БССР і многія іншыя. Галоўная мэта — расказаць аб знакавых момантах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь. А гэта — і ўзлёт песеннай культуры, спартыўныя рэкорды, станаўленне народнай гаспадаркі і палёт у космас першай беларускай жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай.

Працягам парада стане тэатралізаваны масавы эпізод «80 пераможных гадоў». Яго рэжысёр і мастацкі кіраўнік — Аляксандр Вавілаў — вядомы ў галіне рэжысуры, а таксама творчая група Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — прадстаўнікі моладзі, маладыя рэжысёры. Ужо больш за месяц актыўна праводзяцца рэпетыцыі. Па словах Іны Адамовіч, тэатралізаваны эпізод складаецца з васьмі карцін, якія адлюструюць асноўныя вехі і дасягненні Беларусі за 80 мірных гадоў. Усяго ў эпізодзе задзейнічана больш за дзве тысячы чалавек, 42 адзінкі тэхнікі і сем дэкарыраваных платформаў.

Працягам святочнай праграмы стане традыцыйны канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі. «Канцэрт адлюструе сучасны погляд на беларускую культуру, узровень яе якасці, тэму моладзі і дасягненняў. Акрамя таго, будзе арганізавана выстава ў фае Вялікага тэатра», — дадала Іна Адамовіч.

Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў стане канцэрт на стэле «Мінск — горад-герой», які адбудзецца ў 21:00.

Свята — у раёнах сталіцы

«Безумоўна, святкаванне Дня Незалежнасці пройдзе ярка і маштабна, — заўважыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Дзмітрый Сямёнаў. — Цэнтральнай пляцоўкай сталіцы стане Палац спорту, дзе ў 10:30 адбудзецца святочная праграма «Мая Радзіма Беларусь». У ходзе канцэртнай праграмы выступяць папулярныя артысты і юныя маладыя выканаўцы, творчыя калектывы сталіцы. Па праграме прадугледжаны сумесныя нумары з юнымі артыстамі, салістамі, ансамблямі, вакальнымі і харэаграфічнымі калектывамі горада Мінска. У 23:00 плануецца святочны феерверк. Вызначаны сем пляцовак, на якіх можна будзе назіраць салют: парк Перамогі, парк Уга Чавеса, парк Паўлава, парк Янкі Купалы, набярэжная ў мікрараёне Дразды, пляцоўкі каля «Чыжоўка-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі».

Акрамя гэтага, у кожным раёне Мінска запланаваны тэматычныя праграмы. Кожны жыхар і госць сталіцы зможа адчуць атмасферу свята. У раёнах горада будзе наладжаны святочны гандаль і розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, якія нікога не пакінуць абыякавым.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.